Прэм’ер-міністр БНР з Палесся, які ўмеў спыняць агонь: да 155-годдзя Рамана Скірмунта


7 траўня спаўняецца 155 гадоў з дня нараджэння аднаго з найбольш таленавітых беларускіх палітыкаў часоў утварэння Беларускай Народнай Рэспублікі, яе другога кіраўніка Рамана Скірмунта.

Нарадзіўся ў вядомай прадпрымальніцкай шляхецкай сям’і ў «Лівэрпуле на Ясельдзе». Менавіта так называлі Парэчча каля Пінску. Тут дзед Рамана Скірмунта Аляксандр, адзін з найвядомейшых прадпрымальнікаў на тэрыторыі Беларусі ХІХ стагоддзя, пабудаваў суконную фабрыку, на якой працавала больш за 400 рабочых. Напрыканцы жыцця Аляксандр Скірмунт набыў участак зямлі плошчаю 200 гектараў у Крыме і заняўся вырошчваннем вінаграду, а свае справы перадаў сыну, які таксама меў імя Аляксандр.

«Парэчча над Ясельдай». Малюнак Напалеона Орды. Крыніца: «Tygodnik Ilustrowany», 1878.

Паходзіў з сям’і ўдзельніка паўстання 1863–1864 гадоў. Бацька Рамана Аляксандр Скірмунт быў праціўнікам узброенай барацьбы супраць Расейскай імперыі, бо лічыў, што гэта не мае шанцу на поспех. Але калі паўстанне пачалося, то дапамагаў аднаму з першых атрадаў на тэрыторыі Беларусі на чале з Раманам Рагінскім, двойчы перавозіў праз лясы дыктатара паўстання ў Польшчы Рамуальда Траўгута, а сам зрабіўся камісарам Пінскага павету. Выратавала Аляксандра Скірмунта ад рэпрэсіяў тое, што віну на сябе ўзяў іншы паўстанец, Баляслаў Свіда, настаўнік матэматыкі ў Слуцкай гімназіі, які быў адным з найбольш актыўных дзеячаў часоў паўстання на Меншчыне.

Не меў скончанай сярэдняй адукацыі. Раман Скірмунт вучыўся ў Рыжскай гімназіі, якую так і не скончыў, заняўшыся разам з бацькам гаспадаркай у Парэччы. Калі ж гэта выявілася, то яму прыйшлося ў 1911 годзе адмовіцца ад дэпутацтва ў Дзяржаўнай радзе Расейскай імперыі. Пры гэтым Раман атрымаў хатнюю адукацыю, выдатна валодаў нямецкай і англійскай мовамі і быў вядомым у свой час публіцыстам.

Быў ідэолагам краёвасці, якая ставіла на мэце захаванне «гістарычнай Літвы» (Вялікага Княства Літоўскага). Як «грамадзянін Краю» лічыў гэта неабходнай умовай для паляпшэння супольнага жыцця розных народаў, што жывуць на адной зямлі. У якасці прыкладу Скірмунт натхняўся Швейцарыяй, Бельгіяй і Канадай.

Фінансава падтрымліваў адукацыю сялянаў. Раман Скірмунт удзельнічаў у арганізацыі таемнага польскамоўнага навучання ў Пінскім павеце, разам са сваякамі падрыхтаваў у 1907 годзе «Русінскі лемантар», першую спробу стварэння буквара на палескай гаворцы, а таксама пры пасярэдніцтве Магдалены Радзівіл фінансава дапамагаў рэдакцыі газеты «Наша Ніва».

Быў прафесійным палітыкам. Раман Скірмунт зрабіўся дэпутатам першай Дзяржаўнай думы Расейскай імперыі падчас рэвалюцыі 1905–1907 гадоў, Дзяржаўнай рады, быў у ліку заснавальнікаў некалькіх партыяў, сярод якіх Краёвая партыя Літвы і Беларусі і Беларуская народная партыя сацыялістаў.

Раман Скірмунт. Фотаздымак 1906 года. Крыніца: Wikipedia

Адным з першых выступіў за аўтаномію Беларусі пасля Лютаўскай рэвалюцыі 1917 года. У часе Першай сусветнай вайны Раман Скірмунт быў кіраўніком Беларускага таварыства дапамогі ахвярам вайны ў Менску, ператворанага пасля рэвалюцыі ў Беларускі нацыянальны камітэт (БНК). Менавіта гэтая арганізацыя на чале са Скірмунтам першаю выступіла з лозунгам аб аўтаноміі Беларусі ў межах федэратыўнай і дэмакратычнай Расейскай рэспублікі. Была падрыхтаваная і шырока распаўсюджаная брашура «Беларусы», складзеная лацінкай і кірыліцай. У ёй гаварылася: «Народ беларускі! Мы не палякі і не расейцы, мы ад вякоў сядзім тут, мы гаспадары на сваёй роднай зямельцы. Мы, гаспадары гэтага краю, не будзем лічыцца парабкамі другіх народаў, як нас дагэтуль лічылі. Беларусы, мы адзін народ. Дык злучымся ў адно, бо ў еднасці сіла».

Услед за БНК быў створаны шэраг культурніцкіх таварыстваў, а 24–25 чэрвеня ў Беларусі і шэрагу гарадоў Расеі прайшлі Дні вольнай Беларусі, калі распаўсюджваліся лістоўкі БНК.

Зрабіўся беларускім патрыётам. Менавіта гэтак яго характарызаваў ксёндз Вінцэнт Гадлеўскі. Сам Раман Скірмунт у красавіку 1917 года пісаў да Яўсея Канчара, аднаго з будучых галоўных арганізатараў Першага Усебеларускага з’езду: «Я сам ураджэнец беларускага Палесся, нашчадак літоўскай сям’і, са старажытных часоў, спакон вякоў аседлай у гэтым краі, і мае продкі да XVII стагоддзя карысталіся беларускай мовай як хатняй. Я заўсёды быў і буду горача аддадзены сваёй радзіме і свайму народу. Іх месцазнаходжанне не за Нёманам і Бугам, і не на Волзе, а тут, у Беларусі».

Быў выдатным аратарам. Як узгадваў ксёндз Гадлеўскі, Раман Скірмунт «добра ўладаў беларускай мовай (трохі з палескім акцэнтам: «шо, шчо»), і ягоныя прамовы на беларускіх сабраннях выдзяляліся і зместам і формай, яны былі заўсёды высока-патрыятычны з беларускага пункту гледжання і часам нават проста рэвалюцыйны, што выклікала ў прысутных буру воплескаў. І вось гэты чалавек скорам выбіваецца на чало беларускага руху».

Раман Скірмунт. Фотаздымак 1935 года. Крыніца: Wikipedia

Быў прыхільнікам незалежнасці Беларусі. 25 лютага 1918 года ўзнікла Менскае беларускае прадстаўніцтва на чале з Раманам Скірмунтам, якое «паставіла ясна і адкрыта незалежнасць Беларусі». Арганізацыя выступіла з ідэямі адбудовы беларускай дзяржаўнасці «ў межах пражывання беларусаў», паразумення з літоўцамі і латышамі дзеля забеспячэння выхаду да мора і саюзу з Нямеччынай. Раман Скірмунт падтрымаў абвяшчэнне БНР і разам са сваёй арганізацыяй далучыўся да Рады БНР.

Яго абвінавачвалі ў ініцыятыве тэлеграмы кіраўніцтва БНР да імператара Нямеччыны. Рабілася гэта, каб знайсці падтрыманне ідэі незалежнасці Беларусі і яе прызнання. 25 красавіка 1918 года была прынятая тэлеграма, за якую прагаласавала пераважная большасць Рады БНР.

Сам Скірмунт лічыў, што Нямеччына павінна быць зацікаўленая ў Беларусі як буферы паміж Польшчай, Літвой, Украінай і Расеяй. Да таго ж Беларусь пры ўмове меліярацыі Палесся магла б цалкам забяспечыць Нямеччыну сенам, пастаўляць прадукты ды лес у абмен на прамысловыя вырабы. Найбольшую ж роднасць Беларусі палітык бачыў ва Украіне і Літве. Але спроба зрабіць Нямеччыну саюзнікам скончылася паразай, бо супраць гэтага выступала нямецкае вайсковае кіраўніцтва, якое спасылалася на падпісаныя з бальшавікамі дамовы – Берасцейскі мір. Урэшце гэта прывяло да крызісу ў шэрагах Рады БНР.

Пагоня з пашпарту БНР

У ліпені 1918 года ўзначаліў урад БНР і абвясціў Пагоню гербам. Нягледзячы на кароткі час свайго кіравання, Раман Скірмунт паспеў падрыхтаваць Дэкларацыю, якая ідзе следам за трыма Устаўнымі граматамі. У ёй Пагоня абвешчаная дзяржаўным гербам Беларускай Народнай Рэспублікі. У выніку канфлікту з сацыялістамі Раман Скірмунт, у якім бачылі найперш памешчыка і землеўладальніка («пана»), не атрымаў падтрымання і адышоў ад беларускай справы.

Вусы Скарыны
Раман Скірмунт. Самы недаацэнены кіраўнік Беларусі
2023.03.20 15:46

Пасля вяртання ў Парэчча ў 1919 годзе ператварыў яго ў цэнтр гуманітарнай дапамогі пацярпелым ад вайны. Пад ягонай апекай было 199 дзяцей, якія забяспечваліся харчаваннем. А ў гэты час кіраўнік БНР Антон Луцкевіч спадзяваўся на прыезд Скірмунта ў Парыж на мірную канферэнцыю для перамоваў з польскай дэлегацыяй.

Быў добрым панам. Раман Скірмунт шмат матэрыяльна дапамагаў жыхарам Парэчча. Захавалася багата гісторыяў пра гэта, аб чым сведчыць кніга гісторыка Алеся Смаленчука. Гэтак, аднойчы Скірмунт прадаваў паўгектара зямлі, за набыццё якой паспрачаліся двое сялянаў. Адзін з іх, больш заможны, прапанаваў удвая большы кошт, чым збіраўся атрымаць сам Скірмунт. Але другі селянін, бяднейшы Рыгор Ліпскі, прыйшоў да пана і папрасіў прадаць менавіта яму, бо гэта дапамагло б палепшыць становішча ягонай сям’і. Скірмунт прыйшоў да Ліпскага, паглядзеў, як той займаецца ўласнай гаспадаркай, і прыняў рашэнне на ягоную карысць, не зважаючы на страчаную выгаду.

Падтрымліваў Юзэфа Пілсудскага і зрабіўся сенатарам Польшчы ад Палескага ваяводства. Раман Скірмунт належаў да так званых віленскіх кансерватараў («віленскіх зуброў»), якія лічылі сябе нашчадкамі Вялікага Княства Літоўскага і выступалі за аднаўленне Рэчы Паспалітай і стварэнне польска-беларускай федэрацыі.

Дэлегацыя 84-га палка пяхоты з Пінску на аўдыенцыі ў прэзідэнта Польшчы Ігнацыя Масьціцкага (другі злева). Раман Скірмунт – пасярэдзіне. Фотаздымак 1936 года. Крыніца: NAC

Ніколі не быў жанаты. Але меў «засакрэчаную любоў» з парэцкай удавой Кацярынай Цярэшкай, чацвёра дзяцей якой у вёсцы лічыліся дзецьмі пана Скірмунта.

Апошнімі ягонымі словамі былі: «Я ад людзей ніколі не адварочваўся». 7 кастрычніка 1939 года па Рамана Скірмунта і ягонага брата Баляслава прыйшлі прадстаўнікі так званага Рэвалюцыйнага камітэту, якіх шмат з’явілася ў вёсках Заходняй Беларусі пасля «вызвольнага» паходу Чырвонай арміі. Скірмунтаў абяцалі завезці ў Пінск для суда, але ў выніку яны даехалі толькі да ўрочышча Корань каля Парэчча, дзе і былі расстраляныя. Іхныя целы былі перапахаваныя ў часе нямецкай акупацыі ў парку маёнтку Скірмунтаў у Парэччы. У 1990-я гады на гэтым месцы быў пастаўлены помнік у выглядзе жалезнага крыжа з надпісам на польскай мове, а на пачатку 2000-х – і драўляны крыж з надпісам па-беларуску.

Забойцаў Рамана Скірмунта напаткала божая кара. Галоўны выканаўца расстрэлу Сільвестр Лукашык (мянушка Соловэй) захварэў на сухоты, Іван Цудзіла (мянушка Просіф) знік падчас вайны ў Расеі. Яшчэ адзін забойца Рамана Скірмунта, Усцім Пархамчук (мянушка Козак), памёр падчас нямецкай акупацыі, ягоная жонка закапала яго ў бульбяной яме, а трое ягоных дзяцей трагічна загінулі.

У народнай памяці Скірмунт застаўся як чалавек са звышнатуральнымі здольнасцямі. Згодна ўспамінам жыхароў Парэчча, Раман Скірмунт умеў спыняць агонь. Таксама захаваўся ўспамін пра тое, што калі ў верасні 1939 года побач з вёскаю ехаў цягнік, мясцовыя мужыкі выйшлі яго сустракаць з чырвоным сцягам, думаючы, што гэта чырвонаармейцы. Але гэта былі польскія жаўнеры, якія адступалі і адкрылі па парэцкіх сялянах стральбу ды былі гатовыя знішчыць Парэчча. І нібыта менавіта Раман Скірмунт пераканаў афіцэра не чыніць расправы.

Каб больш даведацца пра Рамана Скірмунта, раім кнігу Алеся Смаленчука, выкладзеную ў інтэрнэт-бібліятэцы «Камунікат» (спасылка – тут).

Барыс Булат belsat.eu

Стужка навінаў