Міжнародная праваабарончая арганізацыя «Amnesty International» апублікавала новую справаздачу аб сітуацыі з правамі чалавека ў розных краінах і рэгіёнах.
Беларусі ў справаздачы прысвечана чатыры старонкі. Сярод іншага, у дакуменце адзначаецца арышт апазіцыйных кандыдатаў і чальцоў іхных выбарчых штабоў ды паплечнікаў. Паведамляецца, што міліцыя празмерна і не выбарачна ўжывала сілу для разгону дэманстрацыяў, у выніку дзясяткі тысяч мірных дэманстрантаў і выпадковых мінакоў былі ўзятыя пад варту. Шмат хто з іх зазнаў катаванні ды іншыя віды жорсткага абыходжання.
Агулам затрыманні, збіццё, судовы пераслед закранулі мноства людзей, у тым ліку журналістаў, медыкаў, студэнтаў ды іншых.
Таксама, адзначаюць праваабаронцы, у Беларусі абмяжоўвалася права на свабоду выказвання меркаванняў, а каб не дапусціць ніякіх апазіцыйных выказванняў і іншадумства, амаль цалкам адключаўся інтэрнэт
У «Amnesty International» падкрэслілі, што нават улады прызналі каля 900 скаргаў на сваволю міліцыі. Аднак не завялі ніводнай крымінальнай справы, і ніводнаму сілавіку не выставілі абвінавачанняў у адпаведных парушэннях.
МГ belsat.eu