«Планаваў тэракт, вынятая бомба». ФСБ паказала відэа з забойствам беларуса ў Карэліі


ФСБ Расеі абвясціла пра «перадухіленне тэракту» ў Карэліі. Спецслужба сцвярджае, што беларус Мікалай Аляксееў нібыта планаваў падарваць адміністрацыйны будынак у горадзе Алонцы. Забойства мужчыны ў паведамленні агенцтва «РИА Новости» называецца «нейтралізацыяй».

Паводле версіі ФСБ, грамадзянін Беларусі «з нацыяналістычнага палка імя Каліноўскага» быў завербаваны ўкраінскімі спецслужбамі і планаваў тэракт у Алонцы ў Карэліі.

«Пры затрыманні пачаў страляніну па супрацоўніках спецслужбаў і быў нейтралізаваны. У тэрарыста вынятая бомба, зробленая на падставе выбуховага рэчыва брытанскай вытворчасці і амерыканскага дэтанатара, а таксама пісталет і патроны», – піша расейскае агенцтва «РИА Новости» са спасылкаю на ФСБ.

На апублікаваным відэа бачная страляніна ў нейкім закінутым будынку, цела мужчыны з заблюраным тварам, праца сапёраў, а таксама часткі, як сцвярджаецца, выбуховай прылады.

Прэс-служба палка імя Каліноўскага так пракаментавала «Белсату» заяву пра тое, што Аляксееў – іхны ваяр:

«Пакуль ні пацвердзіць, ні зняпраўдзіць не можам».

Пры гэтым там адмовіліся раскрываць, ці ўдзельнічаюць добраахвотнікі ў дыверсійных аперацыях на тэрыторыі Расеі: «Не каментуем».

Даведка
Карэспандэнт «Белсату» паспрабаваў датэлефанавацца да моргу, у якім можа знаходзіцца цела беларуса, але не атрымаў ніякага ўцямнага адказу. На думку журналіста, там мог сядзець працаўнік спецслужбаў, якому даручылі адказваць на тэлефанаванні.
49-гадовага Мікалая Аляксеева забілі супрацоўнікі ФСБ у Карэліі.
Фота: Николай Алексеев / «ВКонтакте»

Раней расейскі Telegram-канал «ASTRA» паведамляў, што здарэнне адбылося 6 сакавіка, у той жа дзень супраць Мікалая Аляксеева завялі крымінальную справу за «рыхтаванне да тэракту». Беларус нібыта планаваў падарваць гарадскую адміністрацыю ў Алонцы.

Старэйшы сын мужчыны пацвердзіў смерць бацькі, сказаў, што апошнім часам той працаваў вахтавым метадам.

«Тата быў выдатным чалавекам. Ён не мог у кагосьці стрэліць. Ён быў глыбокім вернікам, увесь час маліўся. Мы з ім разам у храм хадзілі», – адзначыў сын.

Старонка Аляксеева ў сацсетцы «ВКонтакте» сведчыць, што ён падтрымліваў пратэсты ў Беларусі ў 2020 годзе, выступаў супраць вайны ва Украіне. Мужчына каментаваў падзеі ў нашай краіне і ў Расеі. Апошні допіс Аляксееў пакінуў 24 лютага ў гадавіну вайны ва Украіне:

«Два гады з пачатку аперацыі «Кіеў за тры дні». Два гады з пачатку вераломнага, бесчалавечнага ўварвання рашыстаў у суседнюю краіну. Два гады крыві, смерцяў, скалечаных жыццяў і лёсаў. Колькі яшчэ гэта будзе працягвацца, пастанаўляць нам».

На старонцы пазначана, што ён скончыў школу ў Віцебску, там жа адвучыўся ў ПТВ, потым паступіў на факультэт расейскай філалогіі Беларускага дзяржаўнага педагагічнага ўніверсітэту.

Мікалай Аляксееў.
Фота: Николай Алексеев / «ВКонтакте»

У мужчыны засталіся чацвёра дзяцей. Да 2020 года, імаверна, ён працаваў ёга-інструктарам – пра гэта сведчаць фотаздымкі з трэнаванняў.

На аватарцы – Пагоня, у стужцы – фота Святланы і Сяргея Ціханоўскіх, Марыі Калеснікавай, Веранікі Цапкалы, Віктара Бабарыкі, Міколы Статкевіча, Ігара і Дар’і Лосікаў, Максіма Знака, Рамана Бандарэнкі, Аляксея Навальнага.

Абноўлена
Медыі паведамілі пра забойства ў Расеі актывіста з Беларусі. Яго застрэлілі супрацоўнікі ФСБ
2024.03.07 11:16

Сцяпан Кубік belsat.eu

Стужка навінаў