Пасля ШІЗА палітвязню Рыгору Кастусёву не паведамляюць вынікі анкалагічнага абследавання


Палітвязень Рыгор Кастусёў адбыў 10 сутак у штрафным ізалятары (ШІЗА). Выйшаўшы з ШІЗА, хацеў даведацца пра вынікі анкалагічнага абследавання, якое праходзіў у жніўні. Але адміністрацыя калоніі № 22 іх не паведамляе. Пра гэта распавёў са спасылкай на сваякоў зяць палітзняволенага Дзмітрый Антончык у размове з «Радыё Свабода».

Рыгор Кастусёў у судзе.
Фота: Sputnik

«Сваякі кажуць, што спадар Рыгор і цяпер, пасля ШІЗА, не ведае вынікаў даследавання. Нічога не кажуць. І ён больш нічога пра стан здароўя не кажа», – сказаў Дзмітрый Антончык.

Анкалогію ў Рыгора Кастусёва выявілі яшчэ тады, калі ён знаходзіўся ў СІЗА КДБ. Чарговае абследаванне праходзіў у жніўні 2023 года. За кратамі экс-старшыня Партыі БНФ перанёс яшчэ і інфаркт. Нягледзячы на гэта, палітвязня раз за разам кідаюць у штрафны ізалятар. Па падліках сваякоў, у сярэдзіне верасня яго змяшчалі ў ШІЗА чацвёрты раз. За што – невядома.

Дзмітрый Антончык распавёў што па вызваленні з ШІЗА Кастусёў меў магчымасць пазваніць сваякам. Расказаў, што яму вельмі баляць ногі.

«Ногі ацякаюць, бо ў яго моцны варыкоз. Ва ўмовах ШІЗА з варыкозам вельмі цяжка. Ноччу даводзіцца ляжаць на голых дошках, а ўдзень нармальна немагчыма нават пасядзець», – зазначыў зяць палітвязня.

5 верасня 2022 года Менскі абласны суд прыгаварыў Рыгора Кастусёва на 10 гадоў пазбаўлення волі «за спробу дзяржаўнага перавароту з мэтай зрынання ўлады неканстытуцыйным шляхам». Паводле «справы аб змове» асудзілі таксама юрыста Юрася Зянковіча (11 гадоў калоніі), літаратуразнаўцу і палітолага Аляксандра Фядуту (10 гадоў калоніі), працаўніцу офісу Зянковіча Вольгу Галубовіч (2,5 года калоніі) і актывіста Дзяніса Краўчука (2,5 года калоніі). Рыгор Кастусёў быў адзіны з іх, хто не прызнаў віны. Папярэдняе расследаванне і судовае следства ў справе аб спробе «дзяржаўнага перавароту» доўжылася 500 дзён. У снежні 2022 года Кастусёва этапавалі ў ПК № 22 («Воўчыя норы»).

Рыгору Кастусёву 66 гадоў. Лукашэнкаўскі рэжым утрымлівае яго ў няволі ўжо больш за 900 дзён.

Інтэрв’ю
45 палітвязняў і 130 сем’яў палітзняволеных ужо атрымалі дапамогу ў межах марафону салідарнасці
2023.10.05 19:53

Зміцер Міраш belsat.eu

Стужка навінаў