Як вайна змяніла жыццё гораду, у якім Лукашэнка сустракаўся з Зяленскім


У 2019 годзе Лукашэнка і Зяленскі ўпершыню сустрэліся ва ўкраінскім Жытоміры на Форуме ўкраінскіх і беларускіх рэгіёнаў. Цяпер з боку Беларусі наносяцца ракетныя ўдары. Расейская авіяцыя бамбавала Жытомірскі аэрапорт, завод «Ізават» і жылыя дамы. На просьбу вайскоўцаў у горадзе ў цёмны час цалкам адключанае вулічнае асвятленне. «Белсат» папрасіў жыхароў Жытоміру распавесці, як змянілася іхнае жыццё з пачатку вайны.

Першыя перамовы Аляксандра Лукашэнкі і Уладзіміра Зяленскага.
Фота: ІА / Белсат

Наста Пакрапіўная. 24 лютага тата патэлефанаваў маме, яны не размаўлялі шмат гадоў

Жытомір выглядае цяпер інакш: барыкады, супрацьтанкавыя «вожыкі», блокпасты, вокны ў некаторых крамах забітыя фанерай. Яшчэ вельмі пуста, на вуліцы малалюдна. У прыватным дамку насупраць людзі садзяць нешта ў сваім агародзе. Значыць, яны не плануюць з’язджаць.

Мой тата жыве за горадам. 24 лютага выбухі былі побач з ягоным домам. Ён патэлефанаваў маме. Пасля растання яны з мамай шмат гадоў не размаўлялі.

Дзіцячая бальніца Жытоміру, якая пацярпела ў выніку ракетнага ўдару 1 сакавіка 2022 года. Жытомір, Украіна.
Фота: Google Street View
Скала Чацкага. На беразе ракі Цецярэў стаіць гранітная скала з каменем, які мае форму чалавечай галавы. Гэтае месца называюць украінскай Швейцарыяй. Жытомір, Украіна.
Фота: Google Street View

У першы дзень мы сабралі трывожны чамаданчык. Аптэчка, загорнутыя ў пакет дакументы, каб не намоклі, трохі адзення. Пасля таго, як я сабрала заплечнік, я паехала ў цэнтр, каб купіць ліхтарыкі і спальныя мяхі. Усё аказалася зачынена. Горад быў практычна пусты.

Мы пастаянна прачыналіся ад сірэнаў, бралі нашыя заплечнікі і ішлі ў сховішча. Ну як сховішча, у падвалы. Я заўважыла, што звычайна там людзі сядаюць на адны і тыя ж месцы. Насупраць нас сядзела сям’я з дзвюма дзяўчынкамі. Адна з іх прыносіла з сабой труса і трымала яго на руках.

Я баялася прыняць рашэнне, праз якое маглі памерці мая мама і сястра

Мой сябар з Беларусі шукаў нам інфармацыю, дзе больш бяспечна заставацца падчас выбухаў. У першы дзень мы заклеілі вокны, каб абараніцца ад аскепкаў. Часам я прачынаюся і не разумею: яшчэ ноч ці ўжо раніца.

З першых дзён людзі сталі будаваць барыкады з мяхоў з пяску. Мяхі з пяском я не магу ўзняць, але я іх завязваю. Мы будавалі барыкады побач з месцам, куды ноччу трапіў снарад: у жылыя дамы, вокны бальніцы побач былі выбітыя. Казалі, што будуць яшчэ абстрэльваць, цэліцца туды, дзе мы былі. Але нават калі гучала трывога, людзі не сыходзілі. Сядзелі некалькі хвілінаў каля мяхоў з пяском, а потым падымаліся і працягвалі будаваць.

Там я сустрэла людзей з іншых гарадоў. Хтосьці лічыў Жытомір больш бяспечным.

Самалёт Ту-104 у парку Жытоміру. Спачатку яго пераабсталявалі на дзіцячы кінатэатр, а пазней зрабілі пакой смеху, затым там быў цір. Жытомір, Украіна.
Фота: Google Street View

Мая мама і малодшая сястра маглі паехаць за горад. Мне было страшна ім нешта раіць. Я баялася прыняць рашэнне, праз якое яны могуць памерці. Здавалася, што з большай верагоднасцю будуць ўдары па Жытоміры, але сяло было ў кірунку Кіева.

Праз некалькі дзён яны з’ехалі за мяжу. У іх было менш за гадзіну, каб сабраць рэчы. А я не змагла з імі развітацца, усё адбылося вельмі хутка, была паветраная трывога.

Маёй цётцы павінны былі зрабіць аперацыю, у яе рак. Але планавыя аперацыі адмянілі.

Затое вельмі ярка зіхцяць зоркі

Хлебная вуліца, 33 у Жытоміры. Украіна.
Фота: Google Street View

Цяпер людзі не ходзяць у сховішча, застаюцца дома. У нашым калідоры пасланы матрац. Баляць спіна і шыя пасля сну на ім. Паветраныя трывогі гучаць кожную ноч некалькі разоў – прайшло ўжо 39 дзён з пачатку вайны.

Я была на вуліцы, калі ракета трапіла ў нафтабазу. Гук ракеты, якая ляціць, вельмі страшны, гэта свіст, які становіцца ўсё гучнейшы, і ты не разумееш, з якога ён боку. Калі яна трапіла некуды, усё неба стала чырвоным. Мы схаваліся ў нейкім склепе бліжэйшага дому. Дым мы назіралі на працягу некалькіх дзён.

Жытомір, Украіна.
Фота: Google Street View

Пасля наступлення цемры ўсё асвятленне ў горадзе адключаюць з увагі на самалёты, якія лётаюць на нізкіх вышынях. З акна відаць толькі, як гарыць святло ў некаторых вокнах. Затое вельмі ярка зіхцяць зоркі.

Фота: асабісты архіў Насты Пакрапіўнай
Фота: асабісты архіў Насты Пакрапіўнай
Фота: асабісты архіў Насты Пакрапіўнай
Фота: асабісты архіў Насты Пакрапіўнай

 

Фатаграфіі Насты Пакрапіўнай з асабістага архіву

Максім. На 800 чалавек адзін абагравальнік

Я працую ў IT-сферы. Падчас вайны паступленні ў бюджэт Украіны моцна скараціліся, а IT-сфера ледзь не адзіная, якая можа працягваць працаваць. Большую палову заробку адразу адпраўляю на патрэбы вайскоўцам. Так праца набыла больш сэнсу.

Бацька працуе на фабрыцы, вытворчасць не спынялася ні на дзень. Цяпер працуе шэсць дзён на тыдзень. На ўсходзе краіны многія заводы проста разбамбаваныя. Ён кажа, што нейкая колькасць людзей з’ехала, але з’явіліся новыя людзі з эвакуяваных гарадоў.

Дзеці ў Набярэжным завулку ў Жытоміры. Украіна.
Фота: Google Street View

У першы ж вечар прагучала паветраная трывога, і я ледзь ўгаварыў маму спусціцца ў падвал дому. Бацька адмовіўся, бо быў пасля начной змены і хацеў адпачыць. Якраз у гэты вечар расейцы скінулі, калі не памыляюся, чатыры бомбы. Падчас іх пралёту ў склепе проста вынесла дзверы. Адразу ж у той жа вечар бацькі пагадзіліся начаваць у сапраўдным бамбасховішчы.

Пешаходная вуліца Жытоміру. Пасля пачатку вайны ў 2014 годзе ў горадзе з’явілася шмат нацыяналістычных графіці. Некаторыя з іх мясцовыя жыхары пакінулі, і яны ёсць да гэтага часу. Жытомір, Украіна.
Фота: Google Street View

Бамбасховішча было заваленае старызнай, і мы з братам і бацькам там прыбіраліся. Яно даволі вялікае, каля 800 месцаў. У першы дзень было шмат людзей, а працаваў усяго адзін абагравальнік, якога, вядома, не хапіла. Раніцай тэмпература ўнутры была блізкая да нуля. Але нам наогул пашанцавала, што хлопцы паспелі туды працягнуць электрычнасць, і там было святло і гэты адзін абагравальнік.

Так мы спалі кожную ноч на працягу двух тыдняў, калі па Жытоміры актыўна наносіліся авія- і ракетныя ўдары. Цяпер можам даваць майстар-класы, як уладкаваць бамбасховішча, у якім пачаткова няма ніякіх умоваў.

Мемарыял у памяць загінулым воінам, жыхарам Жытоміршчыны на сцяне царквы. Жытомір, Украіна.
Фота: Google Street View

Колькі людзей з’ехала? З маіх адчуванняў, не вельмі шмат. Вуліцы, вядома, выглядаюць пустымі, але я ўпэўнены, што гэта з-за пастаяннай небяспекі трапіць пад удар. Расейцы ж б’юць куды заўгодна: у жылыя дамы, школы, крамы. Але калі з’яўляюцца аб’явы аб неабходных працах, людзей выходзіць маса. Усе пастаянна шукаюць магчымасці дзесьці быць карыснымі. Не пазбягаюць працы, а самі няспынна шукаюць, дзе яшчэ нешта можна зрабіць. І гэта ўсё, вядома ж, валанцёрства.

У адным з дамоў у пакоі няма сценаў, а пасярэдзіне стаіць дзіцячы ложачак

Жытомір, Украіна.
Фота: Google Street View

Бомба ўпала ў прыватны сектар і разбурыла каля дзесяці дамоў. Варонка ад снараду на некалькі метраў і глыбінёю на метры два. У адным з дамоў у пакоі няма сценаў, а пасярэдзіне стаіць дзіцячы ложачак. Падчас выбуху дзіця было ў ім. Але выжыла. Я не ведаю, як такое магчыма, бо сцены цалкам знесла. Некаторым яго суседзям не так пашанцавала.

Падтрыманне Зяленскага цяпер вельмі высокае. Ён стаў сапраўдным лідарам краіны. У яго было шмат магчымасцяў уцячы, але ён застаўся. Яму таксама цяжка, як і шмат якім украінцам. Ён недасыпае, як і многія ўкраінцы, і перажывае ўсё тое ж самае. Усе зразумелі, што ён свой.

Ускраіна Жытоміру, Украіна.
Фота: Google Street View

У ноч на 24 лютага Уладзімір Пуцін абвесціў пачатак вайны (у Расеі яе называюць «спецыяльнай ваеннай аперацыяй») з мэтай «дэнацыфікацыі і дэмілітарызацыі» Украіны. 27 лютага Украіна афіцыйна накіравала пазоў супраць Расеі ў Міжнародны суд ААН. У ім Кіеў просіць прыцягнуць Расею да адказнасці, у тым ліку за скажэнне паняцця «генацыд» дзеля апраўдання агрэсіі супраць Украіны. З пачатку вайны Украіну пакінулі больш за 4 млн чалавек.

Масавыя забойствы мірных жыхароў у прадмесцях Кіева заходнія медыя і палітыкі ўжо назвалі генацыдам. Расейскі бок афіцыйна абвяргае сваю датычнасьць да забойстваў цывільнага насельніцтва.

Гісторыі
Па той бок пекла. Марыупаль: другі месяц у блакадзе
2022.04.05 08:40

АГ/В belsat.eu

Стужка навінаў