Прысуд у «справе Каардынацыйнай рады», новы хапун у Мачулішчах. Хроніка рэпрэсіяў 6 сакавіка


«Белсат» працягвае збіраць факты пераследу беларусаў рэжымам Лукашэнкі. 6 сакавіка хроніка рэпрэсіяў папоўнілася чарговы раз.

У Менску вынеслі прысуд у «справе Каардынацыйнай рады». Лідарцы беларускіх дэмакратычных сілаў Святлане Ціханоўскай завочна прысудзілі 15 гадоў калоніі, Паўлу Латушку – 18 гадоў калоніі. Марыю Мароз, Вольгу Кавалькову і Сяргея Дылеўскага пакаралі 12 гадамі зняволення.

Абраная прэзідэнтка Беларусі Святлана Ціханоўская. Вільня, Літва. 21 лютага 2022 года.
Фота: Белсат

Аўкцыён для продажу трохпакаёвай кватэры Ціханоўскіх у Менску, які стартаваў 6 сакавіка, не адбыўся, бо не знайшлося ахвочых яе купіць. Кватэру выставілі на продаж за кошт, ніжэйшы за рынкавы.

Праз месяц з пачатку суда пракурор запытаў 10 гадоў зняволення для палітзняволеных Валерыі Касцюговай і Таццяны Кузінай. Іх вінавацяць паводле трох артыкулаў Крымінальнага кодэксу, угледзеўшы ў дзеяннях жанчын змову з мэтаю захопу ўлады, заклікі да санкцыяў і распальванне варожасці.

У Менскім гарадскім судзе 6 сакавіка пачалі судзіць 18 чалавек нібыта за спробу падпаліць дом дэпутата Алега Гайдукевіча ў чэрвені 2021 года. Працэс будзе праходзіць у закрытым рэжыме, паведамляюць праваабаронцы.

З’явілася інфармацыя аб затрыманні старшыні Свабоднага прафсаюзу Беларускага Мікалая Шараха. Паводле відавочцаў, ён быў затрыманы 6 сакавіка супрацоўнікамі міліцыі ўдома ў Полацку а 15:30.

Беларуса Уладзіміра Кадарыю экстрадавалі ў Менск з Кыргызстану. Раней ён звяртаўся да прэзідэнта краіны Садыра Жапарава з просьбаю не выдаваць яго ўладам Беларусі. Яшчэ раней Кадарыя атрымаў статус уцекача ва Украіне.

У нядзелю, 5 сакавіка, у вёсках каля Мачулішчаў затрымалі як мінімум 20 чалавек. Паводле інфармацыі праваабаронцаў, 14 з іх адпусцілі, а шасцёра засталіся ў СІЗА. Афіцыйная прычына затрымання гэтых людзей пакуль не называецца, аднак усе затрыманні адбываюцца пасля пашкоджання самалёта А-50У на вайсковым аэрадроме, размешчаным паблізу.

Генеральная пракуратура запусціла сайт камісіі для беларусаў, якія хочуць вярнуцца на радзіму. Там пазначаныя патрабаванні да зваротаў, парадак іх падачы і іншыя звесткі. Браўзер «Google Chrome» пры спробе адкрыць старонку папярэджвае, што падлучэнне да гэтага сайту неабароненае.

6 сакавіка сталася вядома, што самаабвешчаныя ўлады Беларусі прызналі выданне «Брестская газета» «экстрэмісцкім фармаваннем». Адпаведнае рашэнне прынятае КДБ 28 лютага.

Ад палітвязня Мікалая Статкевіча месяц няма лістоў, а адваката да яго не пусцілі. Пра гэта паведаміла жонка палітвязня Марына Адамовіч у сваім Facebook. Статкевіча трымаюць за кратамі амаль 2,5 года. У снежні 2021-га Мікалаю быў вынесены прысуд – 14 гадоў зняволення ў калоніі асобага рэжыму.

Знаная беларуская баскетбалістка Алена Леўчанка, якую рэжым Лукашэнкі рэпрэсаваў за ўдзел у пратэстах, пераехала ў ЗША і працуе ў кампаніі «Nike» у Лос-Анджэлесе.

Антон Тачняк belsat.eu

Стужка навінаў