У Менскім гарадскім судзе 6 сакавіка пачынаецца суд у крымінальнай справе за спробу падпаліць дом дэпутата Алега Гайдукевіча ў чэрвені 2021 года. Працэс будзе праходзіць у закрытым рэжыме, паведамляюць праваабаронцы.
Усяго ў справе праходзяць 18 абвінавачваных. Сярод іх – сям’я з Барысава: муж і жонка Віталь і Вольга Вайцяховічы, іхны сын Уладзіслаў і ягоная жонка Настасся. Нібыта яны спрабавалі падпаліць дом Алега Гайдукевіча і машыну суддзі. Таксама на лаве падсудных – Вольга Петух, Сяргей Лісоўскі, Аляксей Міхайлаў, Дзмітрый Невяркевіч, Эдуард Пястрак, Мікалай Рой, Уладзімір Савянкоў, Сяргей Сакалоў, Дзяніс Філончык, Павел Чыхінскі і Пётр Юркевіч. Яны ўтрымліваюцца пад вартай.
Таксама завочна будуць судзіць палітыка і экс-рэстаратара Вадзіма Пракоп’ева і двух былых сілавікоў – Ігара Чамякіна і Дзяніса Хаміцэвіча. Усе трое цяпер за мяжой і аб’яўленыя ў міжнародны вышук, адносна іх вялося следства ў межах спецыяльнай вытворчасці.
Справу паводле 14 артыкулаў Крымінальнага кодэксу будзе разглядаць Сяргей Хрыпач. У залежнасці ад ролі кожнага абвінавачваюць паводле наступных артыкулаў:
У чэрвені 2021 года лідар Ліберальна-дэмакратычнай партыі Беларусі Алег Гайдукевіч заявіў, быццам ягоны дом хацелі падпаліць. У ноч на 11 ліпеня 2021 года невядомыя кінулі ў ягоны дом тры бутэлькі з запальнаю сумессю, з якіх загарэлася толькі адна. У выніку інцыдэнту ніхто не пацярпеў, акрамя ката – у яго абгарэў нос.
Пасля гэтага КДБ узбудзіў крымінальную справу паводле артыкулу 289 КК аб акце тэрарызму, што прадугледжвае пакаранне да 15 гадоў пазбаўлення волі.
Алена Рувіна belsat.eu