«Кубракоў выдае жаданае за сапраўднае». Чаму «польскія клубніцы» лепш за камісію вяртання


6 сакавіка споўніўся месяц з таго дня, як у Беларусі пачала працу Камісія для вяртання эмігрантаў, якіх улады краіны ў лепшых традыцыях сярэднявечнага феадалізму называюць «беглымі». Цяпер запрацаваў і афіцыйны сайт камісіі, якая мае дапамагчы беларусам вярнуцца з «клубнічных плантацыяў» за мяжой. Але эфект ад яе працы ўсё адно выглядае сумнеўным.

6 лютага Аляксандр Лукашэнка падпісаў указ аб стварэнні камісіі для працы з жадаючымі вярнуцца на радзіму, якія «здзейснілі ў перыяд з 1 студзеня 2020 года да ўступлення ў сілу дадзенага ўказу адміністрацыйныя правапарушэнні або злачынствы пратэставай накіраванасці, асцерагаюцца вяртання ў краіну ў сувязі са сваёй магчымай датычнасцю да здзяйснення такіх правапарушэнняў, злачынстваў».

Пры падачы такога запыту трэба «пакаяцца ў зробленым і праінфармаваць камісію аб гатовасці пасля вяртання прынесці публічныя прабачэнні, пакрыць прычыненую шкоду, выконваць Канстытуцыю і заканадаўства Беларусі, паважаць дзяржаўныя сімвалы і нацыянальныя традыцыі, свядома і актыўна выконваць свой грамадзянскі абавязак».

Сайт камісіі для вяртання беларусаў з-за мяжы. Крыніца: komissia-dom.by

Звароты прымаюцца да 31 снежня ў пісьмовай або электроннай форме з неабходнымі дакументамі. Па выніках разгляду зваротаў грамадзянам паведамяць аб наяўнасці або адсутнасці ў іх адміністратыўнага працэсу, пачатай крымінальнай справы, а таксама аб магчымасці іх спынення. Рашэнні будзе прымаць камісія шляхам галасавання. Далей камісія будзе разглядаць іхную магчымасць вярнуцца ў Беларусь. У выпадку станоўчага адказу, трэба гэта зрабіць цягам трох месяцаў з моманту апавяшчэння. Інакш рашэнне камісіі страчвае моц.

Старшынёй камісіі прызначаны генеральны пракурор Андрэй Швед. Таксама ў яе склад увайшлі кіраўнікі сілавых ведамстваў, чыноўнікі, прапагандысты, старшыня хакейнай федэрацыі, прадстаўнік Акадэміі навук і іншыя.

«Практычна ўсім удзельнікам гэтай камісіі самім бы пакаяцца перад беларускім народам. Пачынаючы з Баскава, якога абгрунтавана падазраюць у датычнасці да смерці Рамана Бандарэнкі, заканчваючы шэрагам прапагандыстаў, якія штодзень займаюцца распальваннем нянавісці і варожасці», – адзначала ў каментары «Белсату» юрыстка, дарадца ў прававых пытаннях Офісу Святланы Ціханоўскай Крысціна Рыхтэр.

Hавiны
Гёбэльс, шпіц і святар, каб каяцца. Беларусы прапанавалі пашырыць камісію для «збеглых»
2023.02.08 20:11

Адмысловы раздзел для вяртання «беглых» спачатку з’явіўся на сайце Генпракуратуры, аднак з-за мяжы ён не адкрываецца. І толькі праз месяц, 6 сакавіка, Генпракуратура запусціла адмысловы сайт, дзе пазначаныя патрабаванні да зваротаў, парадак іхнай падачы і іншыя звесткі. Ёсць раздзел з «пытаннямі, што часта задаюць». Цяпер звароты можна дасылаць таксама і праз бота ў Telegram.

Эміграцыя стварае праблемы

У каментары «Белсату» палітолаг Андрэй Казакевіч нагадаў, што спробы вяртаць тых, хто з’ехаў з Беларусі, рэжым рабіў яшчэ да таго, як утварылася камісія. Напрыклад, «рассылаліся запрашэнні ці інфармацыйныя лісты людзям з прапановамі пайсці на кантакт са структурамі». Часта гэта рабілася пад нікнэймам «Коба» – партыйнай мянушцы Іосіфа Сталіна.

Таксама, паводле палітолага, ва ўладаў можа быць і прагматычна-эканамічная зацікаўленасць: з Беларусі з’ехала занадта шмат спецыялістаў, што стварае праблемы для асобных галінаў і рэгіёнаў.

«2022 год стаў рэкордным у плане эміграцыі ў Беларусі», – падкрэсліў Казакевіч і нагадаў, што людзі з краіны з’язджаюць не толькі з палітычных, але і з эканамічных прычынаў. А гэта ўжо  «ўплывае і будзе яшчэ больш негатыўна ўплываць на ўнутраную сітуацыю ў краіне».

Ілюстрацыйны здымак, беларуская мяжа.
Фота: Natalia Fedosenko / TASS / Forum

Паслухаць і выкарыстаць

Казакевіч не выключае, што сілавікам будзе цікава «паслухаць» прызнанні тых, хто звернецца ў камісію, «магчыма, атрымаць дадатковую інфармацыю, у тым ліку выведніцкую». Пры гэтым, паводле яго, стварэннем камісіі людзям у самой Беларусі спрабуюць «паказаць, што перагарнулі старонку, можам усім дараваць – няважна, як гэта будзе выконвацца». І такім чынам замацоўваць пазітыўны і больш мяккі вобраз улады.

Юрыст і прадстаўнік Народнага антыкрызіснага ўпраўлення Арцём Праскаловіч не выключае, што такім чынам рэжым таксама імітуе «бурлівую дзейнасць», асабліва з улікам таго, што «праблема пратэставага руху нікуды не сышла». Тым больш, што такім чальцам камісіі, як прапагандыст Рыгор Азаронак, можна даць «пячэньку – права мілаваць беларусаў». А сярод тых, хто вернецца, – знайсці «новых Раманаў Пратасевічаў, якія будуць хадзіць па сродках масавай інфармацыі і на камеру казаць, як яны памыляліся і як яны раскайваюцца цяпер».

«Любыя дзеянні рэжыму накіраваныя толькі на адно – на забеспячэнне працягу жыцця рэжыму і пошуку выгадных для яго варыянтаў развіцця падзеяў», – падкрэсліў Праскаловіч у каментары «Белсату».

Не пасадзяць, але тэрмін адбыць давядзецца?

Прапаганда рэжыму сама пасылае супярэчлівыя сігналы адносна працы камісіі і наступстваў для тых, хто ў яе звернецца. Гэтак, доктар палітычных навук і прафесар з Горадні Віктар Ватыль заявіў, што палітэмігрантам прапанавана «павініцца і адбыць тэрмін». Пры гэтым ён жа сам паскардзіўся на «ўкіды ў інтэрнэце са строга заточанай логікай», што «вас падманваюць, вас выцягваюць, вас там арыштуюць, вас пасадзяць».

І хоць мігрантам пры выкананні імі патрабаванняў камісіі абяцаюць адсутнасць «прэтэнзіяў аператыўнага характару», «асноўная праблема ў гэтай схема – гэта адсутнасць даверу да праваахоўных органаў і ўладаў у прынцыпе», мяркуе Казакевіч.

«Хутчэй за ўсё, вялікай папулярнасцю гэтая камісія карыстацца не будзе. Большасць людзей, якія за межамі краіны, і так ездзяць у Беларусь. І тых, каго затрымліваюць, – гэта толькі невялікая частка тых, хто вяртаецца. А тыя, хто не вяртаецца з прычынаў магчымасці сапраўды крымінальнага пераследу, шмат хто не будзе падавацца ў такую камісію або праз недавер да яе, або праз прынцыповыя палітычныя пазіцыі», – падкрэсліў палітолаг.

Закладнікі на кручку рэжыму

Юрыст Праскаловіч у сваіх ацэнках больш катэгарычны і не верыць у прававыя гарантыі ў сённяшняй Беларусі. Да таго ж, не зразумела, наколькі абавязковымі для сілавікоў будуць рэкамендацыі камісіі. На думку юрыста, улады краіны «хочуць набраць сабе новых закладнікаў», а «як яны іх выкарыстаюць – гэта пытанне часу і грамадска-палітычнага і міжнароднага кантэксту».

«Чалавек можа хадзіць жыць у Беларусі і разумець, што ў любы дзень, калі толькі спатрэбіцца рэжыму, можа быць адноўленая тая крымінальная справа, у якой ён нібыта сам сябе агаварыў, павінаваціўся і матэрыялы якой праз дзейнасць камісіі цяпер ляжаць у Генпракуратуры», – заявіў Праскаловіч.

На яго думку, усе гэтыя людзі, хто вырашыць вярнуцца, у Беларусі «будуць на кручку ў рэжыму», асабліва напярэдадні пэўных палітычных працэсаў, якія могуць адбыцца ў 2024-2025 годзе. Тады, сярод іншага, у Беларусі запланаваныя чарговыя выбары. Тым жа, хто хоча даведацца, ці пачатая супраць яго крымінальная ці адміністрацыйная справа, юрыст раіць лепш звярнуцца ў BYPOL, да незалежных адвакатаў у сеціве ці да праваабаронцаў і «такім чынам можна скласці аб’ектыўную карціну, а, магчыма, і рэальны стан».

Ілюстрацыйны здымак, беларуская мяжа.
Фота: Sergei Bobylev / TASS / Forum

Фантазіі Кубракова?

У любым разе 5 сакавіка міністр унутраных спраў Іван Кубракоў паведаміў пра нібыта шматлікіх ахвочых вярнуцца ў Беларусь. Паводле яго, тым, хто ўчыніў злачынства, давядзецца за гэта адказаць, «але на сённяшні дзень ужо ёсць такія людзі, якія звяртаюцца, і заявы разглядаюцца». Праўда, напрыклад, разглядаць зварот рэдактаркі сайту «Белсату» Вольгі Ярохінай камісія адмовілася, хоць менавіта яго і прыводзіла ў якасці прыкладу.

«Многія, якія паспрабавалі таго жыцця і прыбіралі, прабачце мне за выказванне, клубніцы на польскіх плантацыях. Гэта ў лепшым выпадку. Бо яны выконваюць розную працу. Хтосьці падмятае вуліцы, двары і гэтак далей. Яны ўжо гатовы вярнуцца ў Рэспубліку Беларусь», – сказаў міністр.

Але палітолаг Казакевіч мяркуе, што «Кубракоў выдае пажаданае за сапраўднае».

«Чыста з эканамічных прычынаў дзясяткі тысячаў беларусаў кожны год з’язджаюць з Беларусі ў Польшчу, Літву і іншыя краіны, бо яны там знаходзяць лепшыя ўмовы працы чым унутры Беларусі. Канечне, бываюць людзі, якія не могуць уладкавацца, але ў большасці сваёй рынак працы Еўрапейскага Звязу дазваляе ўладкавацца на працу, як мінімум, параўнальную з тым, што людзі мелі ў Менску, а звычайна нават лепш. Калі б гэтага не было, то не было б дзясяткаў тысячаў гастарбайтараў, якія працуюць у краінах Еўразвязу», – падкрэсліў палітолаг.

Паводле яго, вялікая эканамічная эміграцыя з Беларусі ў ЕЗ «адлюстроўвае тое, што працоўных месцаў з улікам нават арэнды і іншых выдаткаў у Еўропе дастаткова».

«Таму чыста эканамічны фактар для вяртання не будзе важным. Канечне, асобныя людзі могуць не знайсці сабе працу і месца ў гэтых краінах, але ў абсалютнай бальшыні выпадкаў – наадварот. Праца ў суседняй краіне атрымліваецца больш прывабнай», – заявіў Казакевіч.

Таму, на ягоную думку, такія выказванні Кубракова могуць адлюстроўваць асобныя выпадкі, але не адлюстроўваюць агульную сітуацыю.

Макар Мыш belsat.eu

Стужка навінаў