Навошта Пуцін абвясціў рэжым прыпынення агню на 36 гадзінаў – і ці спыняць агонь?


Уладзімір Пуцін 5 студзеня афіцыйна даручыў міністру абароны спыніць баявыя дзеянні ва Украіне з 12:00 6 студзеня да канца 7 студзеня. Паглядзелі, ці спрацоўвалі раней такія рэжымы, і спыталі эксперта, навошта цяпер такое кароткае ды аднабаковае зацішша.

Недалёка ад Бахмуту, Данецкая вобласць, Украіна. 16 лістапада 2022 года.
Фота: Белсат

На расейскае аднабаковае рашэнне Украіна адрэагавала з недаверам. Гэтак, сакратар Рады нацыянальнай бяспекі Украіны Аляксей Данілаў адмовіўся ад любых перамоваў з Расеяй аб замірэнні, пакуль тая не выведзе войскаў з тэрыторыі Украіны. Пра тое ж напісаў дарадца Офісу прэзідэнта Украіны Міхайла Падаляк: замірэнне можа пачацца толькі тады, калі Расея пакіне акупаваныя тэрыторыі. Украінцы ж жартуюць: комплексы HIMARS адзначалі Каляды з 24 на 25 снежня, а 6 і 7 студзеня ў іх працоўныя дні.

Раней пасля такога агню не спынялі

За амаль 9 гадоў вайны ва Украіне было безліч «спыненняў агню». Практычна ўсе яны канчаліся ўзаемнымі абвінавачаннямі бакоў у парушэнні дамоўленасцяў.

Напрыклад, Міністэрства абароны Расеі 5 сакавіка 2022 года абяцала спыніць агонь дзеля эвакуацыі насельніцтва з Валнавахі і Марыупалю, але працягнула абстрэльваць горад. Потым пра спыненне агню зноў і зноў дамаўляліся, а марыупальцаў эвакуявалі пад абстрэламі.

Пастаянныя парушэнні рэжыму прыпынення агню былі і да пачатку поўнамаштабнага расейскага ўварвання. Гэтак, назіральнікі АБСЕ ці не штодня фіксавалі сотні парушэнняў. Расея ўсяго за месяц да поўнамаштабнага нападу запэўнівала ў «безумоўнай прыхільнасці ўсіх бакоў замірэнню на Данбасе».

Рэжым спынення агню набыў моц яшчэ ў верасні 2014 года: пра яго дамовіліся ў Менску. Але вайна на Данбасе ад гэтага не спынілася. Некаторыя дамоўленасці трывалі пару гадзінаў, некаторыя – пару дзён, але ўсе канчаліся аднолькава. У 2020 годзе бакі «перадамовіліся» на спыненне агню, ужо поўнае і ўсёабсяжнае – і праз год Украіна бачыла дасягненнем тое, што колькасць абстрэлаў і загінулых знізілася ўдвая (але далёка не да нуля).

Магчыма, Пуцін і хацеў бы прыпыніць агонь, ды наўрад ці гэта ўдасца

На пытанне, навошта Расея цяпер абвясціла рэжым спынення агню і ці збіраецца яго выконваць, вайсковы эксперт украінскага Інстытуту еўраатлантычнай супрацы Ігар Казій кажа «Белсату»: у фармулёўцы пытання ўжо ёсць адказ.

Расеі, тлумачыць ён, трэба ўвайсці ў новыя рэаліі. Хоць Украіне бракуе зброі, але гэтая зброя нясе сапраўдную пагрозу расейскім войскам. Расея вядзе відавочна захопніцкую вайну. Маральнае аблічча войска размываецца крыміналам. Каб навесці ўва ўсім гэтым парадак, трэба знайсці нейкае рашэнне, каб утрымаць ужо занятыя тэрыторыі ды вывесці свае войскі хаця б на адзін узровень са Збройнымі сіламі Украіны. Трэба змусіць заводы пачаць працаваць па-новаму, пераабсталяваць узброеныя сілы і знайсці спосаб «дастаўляць гарматнае мяса», які б не прывёў да сацыяльнага выбуху.

«Патрэбны час, – рэзюмуе Казій. – Вось яны і шукаюць яго праз розныя дыпламатычныя формы».

Вайсковы эксперт нагадвае, што Расея не перастае спрабаваць праз трэція краіны дамовіцца на ўмоўны «Менск-3» – пакет новых пагадненняў накшталт тых, якіх дасягнулі ў 2014 годзе. Украіне ж адназначна не выгадна замарожваць канфлікт, таму Кіеў будзе рабіць усё, каб войскі выйшлі на дзяржаўныя межы.

Але чаму спыненне агню – толькі на 36 гадзінаў? Казій тлумачыць: каб злавіць вялікую рыбу, трэба спачатку злавіць маленькую ў якасці прынады, а каб злавіць маленькую, трэба закінуць чарвячка. Гэта нармальная практыка для расейскіх дыпламатычных колаў: паказаць, што нібыта прагнуць міру, каб знайсці сабе больш прыхільнікаў.

На колькі б гадзінаў ні абвяшчалі рэжыму спынення агню, баявыя дзеянні працягнуцца, перакананы Казій:

«Тактычныя рэаліі кажуць: вось там – вораг, за 100 метраў ад цябе, і салдат будзе ціснуць на гашэтку».

Цалкам спыняць вайны Крэмль не будзе, упэўнены эксперт: для цяперашняга кіраўніцтва Расеі гэта тое самае, што прайграць і аддаць уладу.

Алесь Наваборскі belsat.eu

Стужка навінаў