Вайна ва Украіне. Падсумоўваем асноўныя падзеі на вечар 5 лістапада


«Белсат» падводзіць вынікі 255-х содняў поўнамаштабнай вайны, распачатай Расеяй ва Украіне. Пра галоўныя падзеі станам на вечар 5 лістапада чытайце ў нашым аглядзе.

Украінскія вайскоўцы страляюць з танка Т-80, захопленага ў расейскіх акупантаў. Бахмут, Данецкая вобласць Украіны. 4 лістапада 2022 года.
Фота: Clodagh Kilcoyne / Reuters / Forum

На ўчастку фронту ў паўночна-ўсходняй частцы Харкаўскай вобласці цягам содняў лінія фронту не змянялася. Тэлеграм-канал «Рыбарь» звязвае адсутнасць атак з украінскага бок з наступствамі папярэдняга няўдалага наступу на Ягаднае, пасля якога ЗСУ вымушаныя аднаўляць сілы і праводзіць ратацыю.

У суседняй Луганскай вобласці Збройныя сілы Украіны, паводле Міністэрства абароны РФ, безвынікова атакавалі пазіцыі праціўніка ў ваколіцах населеных пунктаў Куземаўка, Плашчанка і Крэмінная. Пры гэтым праект Deepstatemap фіксуе невялікае прасоўванне ЗСУ у бок Плашчанкі за гэтыя содні. «Рыбарь» піша пра дзейнасць украінскай дыверсійна-выведнай групы на кірунку Каламыйчыха – Куземаўка.

У сваю чаргу Генеральны штаб ЗСУ паведамляе пра адбіццё расейскай атакі на Белагораўку. Deepstatemap адзначае ўваходжанне войскаў РФ у сяло Кавалёўка Сватаўскага раёну. Ваенкор Сямён Пегаў піша пра ўдары расейскай артылерыі па ўкраінскіх пазіцыях каля Бераставога, Стэльмахоўкі, Мясажараўкі і Ямпалаўкі.

На тэрыторыі Данецкай вобласці Збройныя сілы Украіны адбілі атакі расейцаў каля Спірнага, Бахмуту, Бахмуцкага, Іванграду, Кляшчэеўкі, Азаранаўкі, Маёрску, Камянкі, Первамайскага, Невельскага, Мар’інкі, Новаміхайлаўкі і Паўлаўкі. Сямён Пегаў піша таксама пра атакі на Вопытнае і Верхнякаменскае. Між тым «Рыбарь» паведамляе пра спробы ЗСУ контратакаваць у ваколіцах Вопытнага і Курдзюмаўкі. Пры гэтым ніводная з крыніцаў не фіксуе зменаў у лініі фронту ў Данецкай вобласці

У Запарожскай вобласці сітуацыя па-ранейшаму застаецца адносна спакойнай: бакі канфлікту не праводзяць наземных аперацыяў, пры гэтым абменьваюцца артылерыйскімі ўдарамі.

Па лініі фронту ў Херсонскай вобласці Збройныя сілы Украіны атакавалі ў бок населеных пунктаў Саблукаўка і Суханава, намагаючыся знайсці слабыя месцы ў абароне расейцаў. Пегаў піша пра абстрэлы ўкраінскімі войскамі Херсону, Радзенску і Чарнабаеўкі. Пры гэтым аналітыкі амерыканскага Інстытуту вывучэння вайны мяркуюць, што расейскія сілы цяпер ствараюць умовы для кантраляванага адыходу з правага берагу Дняпра, імкнучыся пазбегнуць хаатычнага адступлення сваіх войскаў.

Агулам за содні ЗСУ знішчылі каля 600 расейцаў, пасля чаго беззваротныя страты РФ з моманту пачатку поўнамаштабнай вайны дасягнулі 75 440 чалавек.

Ва ўмовах актыўных баявых дзеянняў журналісты не маюць магчымасці аператыўна правяраць паведамленні ўдзельнікаў вайны.

Hавiны
Вайна ва Украіне. Падсумоўваем асноўныя падзеі на вечар 4 лістапада
2022.11.04 18:39

ВК belsat.eu

Стужка навінаў