Месяцамі ў ШІЗА і без лістоў. Рэпрэсіі 5 сакавіка


Беларускія ўлады працягваюць узмацняць рэпрэсіі нават супраць ужо пацярпелых ад рэжыму – катуюць ШІЗА, не даюць трымаць сувязь з роднымі і прыдумляюць новыя крымінальныя справы. «Белсат» фіксуе парушэнні правоў беларусаў у штодзённым аглядзе.

Акцыя Ланцуг салідарнасці з ахвярамі новага вітка рэпрэсій у Беларусі адбылася у Вільні. Некалькі дзесяткаў чалавек выстраіліся у ланцуг уздоўж праспекта Гедыміна у цэнтры Вільні, ў падтрымку сваякоў і блізкіх палітвязняў, а таксама былых палітзняволеных, да якіх 23 студзеня прыйшлі супрацоўнікі КДБ. Прычынай зацікаўленасці з боку сілавікоў стала дапамога сем’ям палітвязняў ад ініцыятывы «INeedHelpBY», якую ўлады прызналі «экстрэмісцкім фармаваннем». Паводле праваабаронцаў, усяго ў рамках рэйду сілавікоў пад пераслед трапілі мінімум 165 чалавек. Вільня, Літва. 28 студзеня 2024 года.
Фота: Белсат

У Гомлі пачаўся суд над палітзняволеным журналістам-фрылансерам Андрэем Толчыным. 64-гадовага мужчыну абвінавачваюць у садзейнічанні экстрэмісцкай дзейнасці, дыскрэдытацыі Беларусі і паклёпе на Лукашэнку. Справу прызначаны разглядаць суддзя Дзмітрый Казлоў, паведамляюць праваабаронцы.

Андрэй – стваральнік гарадской газеты «Гомельскія ведамасці». Яго неаднаразова затрымлівалі і судзілі за журналісцкую дзейнасць з 2017 года. Пасля пратэстаў 2020 года журналіст вырашыў сысці з прафесіі.

Палітвязня Вадзіма Гулевіча 2,5 месяцы ўтрымлівалі ў ШІЗА. Гулевіч – фігурант справы «Атрады грамадзянскай самаабароны Беларусі», якую ў Беларусі прызналі тэрарыстычнай арганізацыяй. Палітвязня ўжо прызналі вінаватым паводле пяці крымінальных артыкулаў і пакаралі 18 гадамі калоніі ва ўмовах узмоцненага рэжыму, а таксама прызначылі штраф у памеры 19 200 рублёў.

З сакавіка 2023 Гулевіч адбывае тэрмін у папраўчай калоніі № 3. Стала вядома, што з 10 лістапада па канец студзеня яго ўтрымлівалі ў штрафным ізалятары. Прычыны спагнанняў невядомыя, адзначаюць праваабаронцы.

Сілавікі затрымалі студэнта фізфаку БДУ. Сцвярджаецца, што, будучы непаўналетнім, ён удзельнічаў у пратэстах, быў падпісаны на «экстрэмісцкія» каналы і пісаў абразлівыя каментары пра міліцыянтаў.

Таксама затрыманая жанчына, якая, як па версіі праўладных тэлеграм-каналаў, разам з дзецьмі ўдзельнічала ў акцыях пратэсту, пісала абразлівыя каментары, дасылала фотаздымкі «экстрэмісцкім» каналам, а таксама пасля пачатку вайны заклікала ўкраінцаў нанесці ўдары па беларускіх аэрадромах. Сцвярджаецца, што супраць яе распачалі крымінальную справу, а лёс яе малодшай дачкі вырашаецца.

Галоўную бухгалтарку аднаго з прадпрыемстваў Магілёва затрымалі нібыта за 800 «негатыўных» каментароў. На відэа, якое знятае сілавікамі пад прымусам, жанчына кажа, што з 2020 года пакінула 801 «негатыўны каментар пра органы сілавых структур» і Лукашэнку. Таксама затрыманая паведаміла, што праз гэта страціла працу.

Ад палітзняволенай Алены Лазарчык ужо 2 месяцы няма лістоў. Паводле праваабаронцаў, раней за «парушэнні ўстаноўленага парадку» жанчыну пазбавілі пасылак і перадач, спатканняў з роднымі, а таксама неаднаразова закідвалі ў штрафны ізалятар. Гэта можа сведчыць пра тое, што яе зноў адправілі ў штрафны ізалятар.

Артыкулы
Актывістку «Еўрапейскай Беларусі» і шматдзетную маці Алену Лазарчык асудзілі да 8 гадоў калоніі
2022.09.19 18:54

Алену пакаралі 8 гадамі калоніі паводле чатырох артыкулаў Крымінальнага кодэксу. У калоніі ў жанчыны з’явіліся праблемы з зубамі, яна схуднела. На волі ў Алены засталося маленькае дзіця, бацька якога памёр пакуль жанчына знаходзіцца ў зняволенні.

У Жодзіне працягваецца суд над палітвязнем Алегам Рубцом. Алега затрымалі 10 жніўня 2020 года за ўдзел у паслявыбарчых пратэстах у Пінску. Пры затрыманні яго моцна збілі сілавікі. Суд прызначыў палітвязню 5,5 гадоў калоніі. У чэрвені 2022 года мужчыне ўзмацнілі пакаранне і перавялі з калоніі ў жодзінскую турму, дзе па некалькі месяцаў запар утрымлівалі ў штрафным ізалятары. Агулам у ШІЗА за апошні год Алег правёў больш за 200 сутак.

27 лютага ў Жодзіне над Алегам распачаўся чарговы суд. Яго абвінавачваюць паводле артыкула 411 КК (злоснае непадпарадкаванне законным патрабаванням адміністрацыі турмы). Справу разглядае суддзя Святлана Самусева. Алегу могуць дадаць яшчэ два гады зняволення.

Таксама ГУБАЗіК затрымаў жыхара Горадні. Сцвярджаецца, што ён удзельнічаў у паслявыбарчай акцыі пратэсту.

Hавiны
Статыстыка да 8 сакавіка: з 2020 года «крыміналкамі» за палітыку пакараныя 1030 жанчын
2024.03.05 18:56

Арсен Рудэнка belsat.eu

Стужка навінаў