Літва прызнала 910 грамадзянаў Беларусі пагрозай сваёй нацыянальнай бяспецы


Дэпартамент міграцыі МУС Літвы прызнаў, што 910 грамадзянаў Беларусі ўяўляюць пагрозу нацыянальнай бяспецы краіны. Такія высновы былі зробленыя на падставе аналізу анкетаў, якія беларусам і расейцам цяпер трэба запаўняць пры падачы на дазвол на жыхарства ці нацыянальную візу.

Беларускі пашпарт і ВНЖ Літвы.
Фота: Zerkalo.io

337 беларусам адмовілі ў выдачы часовага віду на жыхарства. Яшчэ 121 беларус атрымаў адмову ў працягу ВНЖ. У 205 выпадках Літва анулявала ВНЖ, раней выдадзеныя грамадзянам Беларусі.

Дзве асобы атрымалі адмову ў пастаянным дазволе на жыхарства, яшчэ ў чатырох пастаянны дазвол адклікалі.

241 беларусу Літва адмовіла ў выдачы нацыянальнай візы.

Адначасова пагрозаю для нацыянальнай бяспекі былі прызнаныя 254 расейцы. У выдачы часовага дазволу на жыхарства адмовілі 43 грамадзянам Расеі, 46 асобам не працягнулі ВНЖ. 59 расейцам анулявалі раней выдадзены часовы дазвол на жыхарства, 52 расейцам – сталы. Нацыянальную візу не выдалі 52 грамадзянам Расеі.

Усім вышэйзгаданым 1164 грамадзянам Беларусі і Расеі быў забаронены ўезд у Літву як асобам, якія ўяўляюць пагрозу нацыянальнай бяспецы краіны.

Разбор
Беларусам з ВНЖ у Літве рассылаюць анкеты з пытаннямі пра вайну і Крым. За адмову адказваць могуць дэпартаваць
2023.04.27 10:00

Напрыканцы лістапада 2022 года для грамадзянаў Беларусі і Расеі ў Літве была ўведзеная адмысловая анкета, на падставе адказаў у якой і былі зробленыя высновы аб пагрозе нацыянальнай бяспецы. Запаўняць анкету абавязаныя ўсе грамадзяне Расеі і Беларусі, якія дасягнулі ўзросту 18 гадоў, пры падачы дакументаў на выдачу ці працяг дазволу на жыхарства, а таксама на нацыянальную візу.

Сярод іншага, у анкеце трэба было падаць інфармацыю пра сваю адукацыю, папярэднія месцы працы, службу ва ўзброеных сілах, бізнес-сувязі, кантакты з дзяржаўнымі ўстановамі краінаў NATO ці тых, якія не ўваходзяць у ЕЗ, а таксама выказаць сваё стаўленне да расейскай агрэсіі ва Украіне.

Марыя Міхалевіч belsat.eu

Стужка навінаў