Беларусам з ВНЖ у Літве рассылаюць анкеты з пытаннямі пра вайну і Крым. За адмову адказваць могуць дэпартаваць


У Літве беларусам з ВНЖ пачалі рассылаць анкету з пытаннямі пра Крым і вайну ва Украіне. Гэтыя анкеты ўхвалілі ў канцы 2022 года. Паведамлялася, што іх будуць запаўняць тыя, хто афармляе ўпершыню ці падаўжае ВНЖ. Цяпер, як стала вядома «Белсату», на «правакацыйныя» пытанні прапануюць адказаць усім уладальнікам відаў на жыхарства, нават калі дакумент выдадзены даўно і яшчэ няхутка скончыцца тэрмін яго дзеяння. За адмову запаўняць анкету пагражаюць ануляваннем ВНЖ.

Літоўска-беларуская мяжа.
Фота: Пограничный комитет Беларуси / Telegram

Усяго ў анкеце 11 пытанняў: пра адукацыю, службу ў войску, супрацу з праваахоўнымі і дзяржаўнымі органамі ды вайсковымі ўстановамі краінаў па-за ЕЗ і NATO. «На дэсерт» – два пытанні пра вайну і Крым: ці падтрымліваеце ваенныя дзеянні Расеі на тэрыторыі Украіны і каму легітымна (законна) належыць Крым.

Анкеты для грамадзянаў Беларусі і Расеі, якія хадайнічаюць аб візе або ВНЖ у Літве, Міністэрства ўнутраных справаў рэспублікі ўхваліла ў леташнім снежні. Як стала вядома «Белсату», цяпер анкету прапануюць запоўніць нават тым, у каго ВНЖ ужо ёсць і хто не звяртаўся ў міграцыйныя службы па падаўжэнне дакументу.

У суправаджальным паведамленні гаворыцца, што адказаць на пытанні трэба цягам пяці дзён. У выпадку адмовы запаўняць анкету можа быць ануляваны дазвол на часовае пражыванне ў Літве, адзначаюць у лісце.

«Натуральна, можна схлусіць»

Афіцыйны прадстаўнік дэпартаменту міграцыі пры МУС Літвы Рокас Пукінскас растлумачыў «Белсату», што гэта нармалёвая працэдура:

«Анкету можна атрымаць у любы момант. У нас маецца міграцыйная інфармацыйная сістэма, дзе вядзецца афіцыйнае ліставанне. Калі чалавек атрымлівае гэтую анкету ў сваім кабінеце, ён мусіць на гэта рэагаваць і адказваць».

Анкета для грамадзянаў Беларусі і Расеі ў Літве.
Фота: Белсат

Спікер дэпартаменту міграцыі прызнаў, што ў анкеце можна схлусіць, аднак папярэдзіў пра наступствы:

«Потым, калі высветліцца, што чалавек публічна выказваецца па-іншаму, можна параўнаць, што ён пісаў у анкеце, а што ён кажа галосна. Гэтая анкета – толькі дадатковы фактар атрымання інфармацыі пра тое, што чалавек думае наконт вайны ва Украіне. Калі дасюль асоба нічога не разумее, не разумее, што значыць «русский мир» і што адбылося з Крымам, не вельмі добра, што такі чалавек застаецца ў Літве».

Пукінскас адзначыў, што ўсю інфармацыю пра асобаў «правяраюць і пераправяраюць» спецслужбы. Яны маюць інструменты, каб прызнаць асобу пагрозаю нацыянальнай бяспецы, адмовіць у выдачы ВНЖ або ануляваць дзейны і прапанаваць добраахвотна выехаць з Літвы. У выпадку непадпарадкавання – дэпартацыя.

Нязграбныя пытанні

У анкеце для беларусаў і расейцаў няма «ніякіх праблемаў і парушэнняў», упэўненая дарадца абранай прэзідэнткі Святланы Ціханоўскай у прававых пытаннях Крысціна Рыхтэр.

«Можа задаваць любыя пытанні. Чаму не? Тым больш абгрунтаванне гэтай анкеты – дзяржаўная бяспека», – сказала Рыхтэр карэспандэнту «Белсату».

Адмыслоўца мяркуе, што пытанні пра вайну і Крым – дзеля таго, каб «на першасным узроўні адсеяць тых, хто нават не дадумаецца схлусіць», пры гэтым самыя пытанні складзеныя нязграбна:

«З аднаго боку, ініцыятыва зразумелая і мае права на жыццё, аднак з боку рэалізацыі і фармулявання пытанняў гэта выглядае неяк дзіўна. Наўрад ці хтосьці будзе адказваць, калі хоча атрымаць ВНЖ, што ён за вайну».

Hавiны
Сейм Літвы пераадолеў вета прэзідэнта і канчаткова ўхваліў закон аб санкцыях супраць беларусаў і расейцаў
2023.04.20 18:30

«Большая праблема – не анкета, а візы»

Беларуска, якая ў студзені афармляла ВНЖ у Літве, распавяла «Белсату», што запаўняла анкету і адказвала сумленна: не – вайне, Крым – украінскі. Пытанні дзяўчыну не засмуцілі, і яна не лічыць дыскрымінацыяй дадатковае апытанне:

«Расея напала, Лукашэнка дапамагае: чаму здзіўляцца? Мне здаецца, большая праблема, што візаў не даюць».

Суразмоўца мяркуе, што, улічваючы пытанні пра супрацу з дзяржаўнымі органамі і выведкаю, літоўскія ўлады намагаюцца вылічыць сілавікоў, калі, натуральна, інфармацыя ўважліва спраўджваецца.

«Хаця сілавікоў тут нашых, мяркую, хапае і так, і анкету гэтак запоўняць, што не дакапаешся. І тут трэба, каб быў падыход да кожнага», – падсумавала дзяўчына.

Hавiны
У Літве пацвердзілі адмовы беларусам ва ўездзе праз анкету аб вайне ва Украіне
2023.01.09 15:40

Сяргей Крот belsat.eu

Стужка навінаў