«Bild»: Гурт «Rammstein» аказаўся на мяжы распаду


Нямецкі музычны гурт «Rammstein» перажывае цяжкі час праз праблемы з законам у вакаліста Тыля Ліндэмана: нядаўна супраць яго выставілі абвінавачанні ў згвалтаванні. Пра гэта паведамляе выданне «Bild», спасылаючыся на свае крыніцы.

Вакаліст «Rammstein» Тыль Ліндэман. Крыніца: aussiedlerbote.de

Супраць Тыля Ліндэмана выстаўленыя сур’ёзныя абвінавачанні: жорсткае абыходжанне і нелегальныя наркотыкі.

Ірландская спявачка Шэлбі Лін паведаміла 25 траўня, што яе разам з іншымі дзяўчатамі запрасілі на вечарынку з гуртом перад канцэртам у Вільні. Там Тыль Ліндэман запрасіў яе ў асобны пакой, дзе частаваў тэкілай і схіляў да сексуальных дзеянняў. Лін удакладніла, што прачнулася на раніцу з сінякамі і кровападцёкамі, аднак таго, што было напярэдадні, не памятае. Адзначаецца таксама, што гэта не адзіны выпадак.

Паводле «Bild», паводзіны вакаліста «Rammstein» выклікаюць шмат спрэчак сярод іншых удзельнікаў гурта. Як кажуць давераныя асобы калектыву, іншыя музыкі адчуваюць, што паводзіны Ліндэмана зацягнулі іх у бруд. Апошнім часам усё часцей зʼяўляюцца намёкі на распад.

Пакуль ніхто з музыкаў «Rammstein» асабіста не пракаментаваў абвінавачванняў і чутак.

Гурт вядомы правакацыйнымі выступамі і кліпамі. Яны закранаюць табуяваныя тэмы, а ў адным з кліпаў скарысталі кадры з прапагандысцкага фільму Лені Рыфэншталь «Алімпія» пра летнія Алімпійскія гульні, якія прайшлі ў Берліне ў ліпені – жніўні 1936 года.

Алена Рувіна belsat.eu

Стужка навінаў