Баец і блогер Іван Тамашэвіч: Мне бракуе доказаў таго, што самалёт А-50 быў сапраўды пашкоджаны


Беларускі вайсковы блогер і ветэран палка Каліноўскага Іван Тамашэвіч з пазыўным Менавіта пракаментаваў «Белсату» апошнія здарэнні, звязаныя з «дыверсіяй» у Бранскай вобласці і падзеннямі «неапазнаных лятальных аб’ектаў» у Расеі, у тым ліку ў Падмаскоўі. Ацаніў таксама чарговае відэа з атакай дронам расейскага самалёту на аэрадроме ў Мачулішчах пад Менскам.

Іван Тамашэвіч Менавіта.
Фота: Іван Тамашэвіч / Facebook

«Насамрэч на ўсіх апублікаваных відэа, у тым ліку апошнім, з Мачулішчаў, я не бачу таго, чаго хацеў бы пабачыць, а менавіта – выбуху на самалёце. Былі два дроны, дык другі мог зняць, як выбухае першы. А што мы пабачылі: прыляцеў дрон, сеў на дах самалёту, нават не на антэну, і, быццам бы, – выбух. Але што адбылося – незразумела.

Мне, як чалавеку вельмі скептычнаму, бракуе доказаў, каб казаць, што там нешта пашкодзілі», – разважае Іван Тамашэвіч Менавіта.

Ён заўважае, што нават снег, які ляжаў на самалёце, не здзьмула. Але згаджаецца з тым, што сам факт бесперашкоднага залятання дронаў на аэрадром меў выбуховы эфект. Што адбылося пасля – застаецца таямніцай. Прычым тое, што расейскі самалёт ДРЛО А-50 зляцеў з Беларусі, на думку Івана Тамашэвіча, не даказвае, што з ім нешта здарылася.

«Паляцець ён мог куды заўгодна. Пра здарэнне пісалі ж і расейскія паблікі. Дык, можа, гэта была такая акцыя, каб вымусіць Лукашэнку ўступіць, у рэшце рэшт, у актыўную фазу вайны? Тыкнуць яго носам у тое, што на ягонай тэрыторыі адбываюцца літаральна тэракты – «пора бы, Саша, и честь знать». Гэта можа быць такая гульня. Што там адбылося і як адбылося – прынамсі зараз мы нічога не даведаемся. Але ў свой час, я перакананы, усё ўсплыве», – лічыць наш суразмоўца.

Каментар
Аплявуха іміджу ці ўдар па ваенпраме? Што значыць бесперашкодная атака на самалёт у Мачулішчах
2023.03.03 16:38

Блогер таксама выказвае скептычнае стаўленне да таго, што пашкоджанні, калі яны былі, учынілі беларускія партызаны, і схіляецца да версіі ўкраінскага следу. Ускосным доказам гэтага лічыць факт, што ў вышук у Беларусі быў абвешчаны акурат жыхар Крыму.

Відэа ФСБ не мае ніякага дачынення да здарэння на Браншчыне

Іван Тамашэвіч не выключае, што ўкраінцы «зрабілі нешта і ў Бранскай вобласці», але кажа, што змантаванаму відэа ФСБ, апублікаванаму праз содні пасля здарэння, даверу ніякага няма.

«Мабыць, там штосьці і адбылося, што зрабіў украінскі бок, але, у кожным разе, тое, што падала ФСБ, не мае ніякага дачынення да здарэння. Проста выдаюць прэсе больш зручную для сябе версію, каб прыхаваць нейкія свае нязграбныя дзеянні», – кажа Іван.

На ягоную думку, цалкам натуральна, што кіраўніцтва ЗСУ зняпраўджвае свой удзел у той дыверсіі, бо ідзе вайна, і тут галоўнае – выканаць задачу, а не крычаць на ўвесь свет, хто менавіта гэта зрабіў.

«Таму я дапускаю, што гэта маглі быць украінцы. Бо калі іх беспілотнікі да Энгельса далятаюць, то якая праблема з Бранскам? Гэта ўвогуле памежная тэрыторыя», – гаворыць блогер.

Ён выказаў сумневы ў тым, што да інцыдэнту на Браншчыне, пра які ведае толькі з блытаных паведамленняў ФСБ і расейскіх афіцыйных СМІ, датычны Рускі добраахвотніцкі корпус, які ўзяў на сябе адказнасць за рэйд.

Малпа з гранатай

Каментуючы паведамленні пра выбухі і невядомыя дроны, якія падаюць на расейскія рэгіёны, Іван Тамашэвіч амаль паўтарае афіцыйную версію пра «наступствы страты кантролю ўнутры Расеі», агучаную 3 сакавіка дарадцам кіраўніка Офісу прэзідэнта Украіны Міхайлам Падалякам. Толькі Тамашэвіч кажа пра бязладдзе і «расейскі бардак».

«Расейцаў можна параўнаць з малпай, якой далі гранату. Калі людзям, якія не ўмеюць карыстацца зброяй, даручаюць нейкія комплексы, больш складаную тэхніку, то здараюцца і збітыя самалёты, і выбухі пад Масквой, і гэтак далей. Проста непадрыхтаваныя людзі. Але для іх гэта звычайная справа – расейскае бязладдзе», – мяркуе Іван Менавіта.

Прычынай такога бязладдзя, лічыць блогер, зʼяўляецца адсутнасць вертыкальных і гарызантальных сувязяў паміж рознымі расейскімі падраздзяленнямі і тое, што нядаўна мабілізаваных у расейскае войска не паспяваюць добра падрыхтаваць, а кваліфікаваных спецыялістаў – бракуе.

«Адна справа, калі набіраюць пяхоту – там шмат розуму не трэба. З сучаснымі сістэмамі нашмат складаней. За два-тры тыдні не патлумачыш навабранцу, як працуе той жа комплекс С-300, сістэмы радыёбяспекі і г.д. І з неадукаванымі людзьмі могуць адбывацца такія вось рэчы. Не той тумблер пераключыш – і ўсё…» – мяркуе Іван Тамашэвіч.

З самага пачатку поўнамаштабнай вайны ва Украіне да канца верасня 2022 года Іван (Менавіта) Тамашэвіч ваяваў у складзе палка імя Кастуся Каліноўскага (батальён «Волат»). У 2023 годзе падпісаў кантракт з іншым падраздзяленнем ЗСУ. Вядзе на «Youtube», у «Тыктоку» і «Тэлеграме» блог «Menavita_War».

Аналітыка
Атакі дронаў і «дыверсанты» пад Бранскам. Вайна паступова пераходзіць на тэрыторыю РФ?
2023.03.03 18:39

Зміцер Міраш belsat.eu

Стужка навінаў