Лукашэнкаўскі рэжым не спыняе рэпрэсіяў супраць беларускага народу. Кожны дзень – затрыманні, суды, здзекі і катаванні ўжо асуджаных. «Белсат» працягвае весці чорную хроніку рэпрэсіяў, каб ніводны выпадак не быў забыты. 3 лістапада асудзілі чарговага журналіста, затрымалі святара, судзілі цяжарную жанчыну…
3 лістапада суд Маладзечанскага раёну агучыў вырак галоўнаму рэдактару «Рэгіянальнай газеты» палітвязню Аляксандру Манцэвічу. Яго засудзілі на 4 гады калоніі і прызначылі штраф памерам 400 базавых велічыняў. Журналіста прызналі вінаватым у «дыскрэдытацыі Рэспублікі Беларусь» (арт. 369-1 КК).
«Чую галасы продкаў, ніколі не здраджваў Бацькаўшчыне. Я люблю мой народ і маю Беларусь… Сваёй віны не прызнаю», – сказаў Аляксандр Манцэвіч у сваім апошнім слове на так званым судзе.
«Суддзю» зваць Аляксей Іршын.
Сёння стала вядома, што актывіста Васіля Палякова арыштавалі на 15 сутак. Ён быў затрыманы ў Гомлі 1 лістапада. Так званы суд адбыўся 3 лістапада. Палякова звінавацілі ў «распаўсюдзе экстрэмісцкіх матэрыялаў» (арт. 19.11 КаАП). Актывіста прысудзілі да 15 сутак адміністрацыйнага арышту.
А ў Менску за бел-чырвона-белы парасон судзілі цяжарную жанчыну. І прызналі вінаватай – у «несанкцыянаваным пікетаванні». Хацелі і маглі пасадзіць на суткі. Але праявілі «верх гуманнасці»: прысудзілі штраф памерам 50 базавых велічыняў (Br 1850). Бо – цяжарная і выхоўвае дваіх дзяцей.
Яшчэ аднаго беларуса аштрафавалі не за парасон, а за бірульку з Пагоняй, якая боўталася на дарожнай сумцы – хлопца затрымалі на памежным пераходзе ў Берасці. Гэтая бірулька таксама азначае ў вачах людзей з дубінкамі і людзей у судзейскіх мантыях «несанкцыянаванае пікетаванне» (ч. 1 арт. 24.23 КаАП). Мужчыну аштрафавалі на 30 базавых велічыняў.
Сёння разам з жонкай Нінай быў затрыманы пастар евангельскай царквы ў Расонах Аляксандр Цырыкаў. Пра ягоны лёс і пра прычыны затрымання пакуль нічога не ведаем.
Не толькі святароў хапае ГУБАЗіК, але і супрацоўнікаў «Coca‑Cola». Аднаго з іх затрымалі за каментары, нібыта напісаныя ім у чаце Палка Каліноўскага. Адзін з іх гучаў так:
«Трымайцеся, хлопцы! Вы – воіны святла!»
3 лістапада «сілавікі» папоўнілі таксама розныя свае пачварныя спісы – а менавіта «спіс экстрэмістаў», у які дадалі 33 чалавекі (туды трапіла Наста Лойка і Вадзім Пракоп’еў), і спіс «асоб, якія маюць дачыненне да тэрарыстычнай дзейнасці». КДБ дадаў у апошні чатыры прозвішчы: Арцёма Янкоўскага, фігуранта «справы ЧКБ» Рамана Цыганкова, намесніка старшыні праўлення Тэхнабанку Дзмітрыя Богуша і рэзідэнта Гомельскага тэхнапарку Юрыя Ташкінава.
Зміцер Міраш belsat.eu