«Увесь вольны час аддаю маляванню». Як жыве палітзняволеная Наталля Хершэ пасля беларускай турмы


Амаль два гады таму, 18 лютага 2022 года, была вызваленая палітзняволеная беларуска са швейцарскім грамадзянствам Наталля Хершэ. Яе кінулі за краты за спробу сарваць балаклаву з амапаўца. Партал KYKY пагутарыў з Наталляй пра тое, як цяпер выглядае ейнае жыццё.

Наталля Хершэ. Крыніца: Наша Ніва / Telegram

Наталля цяпер жыве ў Цюрыху ў сваім доме разам з дачкой. Выглядае шчаслівай, зазначаюць журналісты KYKY.

«Ужо цалкам аднавілася», – кажа Наталля.

Былая палітзняволеная вялікую ўвагу надае свайму здароўю – пасля вызвалення пачала бегаць, запісалася на ёгу.

«Не ведаю, як перажытае ў месцах зняволення адаб’ецца на мне ў будучыні, а таму стараюся трымаць сябе ў форме, як рабіла да турмы. Бегаю на свежым паветры, два разы на тыдзень хаджу на сілавыя трэніроўкі, адзін раз – на ёгу», – распавядае Наталля.

Тры месяцы таму жанчына цалкам перайшла на вегетарыянства, але раз на тыдзень дазваляе сабе есці рыбу ці морапрадукты як крыніцу пратэінаў.

Наталля Хершэ не страціла сваю працу, пакуль была ў беларускай калоніі – працадаўца яе не звольніў. Адразу пасля вызвалення жанчына пайшла на бальнічны, а пасля вырашыла не вяртацца на былую працу і ўсю сябе аддаць хобі – маляванню.

«Цяпер увесь вольны час я аддаю маляванню. Даўно хацела пайсці ў пансіянат для сталых людзей, каб пісаць партрэты пастаяльцаў. Улетку нарэшце зрабіла гэта – мне нават адразу прапанавалі зрабіць вернісаж, яго правялі наўпрост там, – распавядае беларуска. – <…>. Калі абапірацца на розум, то трэба мець нейкую працу з рэгулярным прыбыткам. <…>. Гэтым разам я вырашыла: буду займацца тым, што прыносіць радасць мне і людзям».

Партрэты, якія піша Наталля Хершэ. Крыніца: KYKY / patreon.com

Маляваць Наталля пачала яшчэ ў 2010 годзе. У зняволенні яна таксама пісала партрэты – частку з іх здолела перадаць свайму брату, якія ён, у сваю чаргу, аддаў у Лондан у беларускую бібліятэку і ў музей ім.Францыска Скарыны. Некалькі працаў Наталля паказала ў Цюрыху на вернісажы – партрэты жанчын, якія сядзелі за нясплату аліментаў і палітзняволенай Вікторыі Кульшы.

Наталля хоча зрабіць маляванне сваёй будучай прафесіяй – цяпер рыхтуе сайт, на якім будзе спіс яе паслугаў як мастачкі. Сярод іншага, беларуска хоча маляваць на судовых працэсах.

«У Швейцарыі іх нельга здымаць ці фатаграфаваць, таму цікавыя для грамадскасці працэсы візуалізуюць мастакі», – тлумачыць жанчына.

Наталля Хершэ кажа, што яе гісторыя выклікае шок у швейцарцаў:

«Як бы я ўсё ні распісвала, швейцарцы да канца не могуць зразумець, як такое можа быць. І гэта правільна: у нетраўмаванага чалавека такія гісторыі павінны выклікаць неразуменне».

Былая палітзняволеная кажа, што еўрапейцам «усё яшчэ ёсць справа да Беларусі» і бачыць сваёй задачай распавядаць, што ў нас адбываецца. У жанчыны ўжо ёсць некалькі ідэяў, як аб’яднаць мастацтва і барацьбу за справядлівасць.

Артыкулы
«Тут няма Наталлі Хершэ, толькі жывёліна». Размова з былой палітзняволенай – пра турму і нечаканае вызваленне
2022.02.21 13:58

Напрыканцы размовы Наталля падзялілася сваёй марай:

«Каб палітычныя зняволеныя былі вызваленыя – гэта першае і заўсёды галоўнае маё жаданне. Я ведаю, колькі сілаў і здароўя каштуе знаходжанне там».

Наталля Хершэ была затрыманая ў Менску на жаночай акцыі пратэсту 19 верасня 2020 года. Падчас затрымання жанчына паспрабавала сарваць з амапаўца балаклаву, за што яе абвінавацілі ў супраціве супрацоўніку органаў унутраных спраў або іншай асобе, якая ахоўвае грамадскі парадак (арт. 363 КК РБ). Наталлю асудзілі на два з паловай гады зняволення ва ўмовах строгага рэжыму. 18 лютага 2022 года, дзякуючы высілкам швейцарскіх дыпламатаў, Наталля выйшла на волю.

Марыя Міхалевіч belsat.eu

Стужка навінаў