Полк Каліноўскага адкрыў онлайн-краму з майкамі. Бавоўна там мае асаблівае значэнне


Беларусы, якія ваююць у Збройных сілах Украіны, прыдумалі новы спосаб збіраць грошы на свае патрэбы: полк Каліноўскага запусціў сваю лінію мерчу, ужо прадае майкі.

Майкі ад палка Каліноўскага. Выява: krama.kalinouskaha / Instagram

Выбар у краме пакуль невялікі, толькі пара колераў і пара малюнкаў (на адным – чалавек, падобны да загінулага байца Івана Брэста). Але асартымент абяцаюць пашыраць.

Дастаўку пакуль прапануюць па Украіне і Еўразвязе. Майка каштуе 1000 грыўняў (каля € 28), грошы пойдуць на патрэбы вайскоўцаў.

Забаўны факт: майкі на 95 % складаюцца з бавоўны, а ва Украіне слова «бавовна» стала мэмам, які значыць удары па расейскіх вайсковых аб’ектах. Справа ў тым, што расейскія дзяржаўныя і праўладныя медыі пазбягаюць слова «взрыв» і ўжываюць замест яго слова «хлoпóк» (і прыдумляюць неверагодныя апраўданні ваенным стратам: напрыклад, флагман Чарнаморскага флоту патануў, бо хтосьці няўдала пакурыў). Украінцы ж іх дражняць і пішуць пра «хлóпок»«бавовну» на расейскіх вайсковых аб’ектах. Міністэрства абароны Украіны нават зрабіла сваім нефармальным талісманам пухнатую істотку «Баваўнятка».

Цяпер можна купіць бавоўну ад беларускіх ваяроў ва Украіне. Але можна дапамагчы і наўпрост грашыма: рэквізіты тут. Падтрымаць можна і іншых беларускіх ваяроў ва Украіне: напрыклад, грошы збірае полк «Пагоня» і фонд BYSOL.

Агляд
Паспалітае рушэнне, план «Перамога», полк Каліноўскага і полк «Пагоня» – чым яны адрозніваюцца?
2022.10.01 16:40

Алесь Наваборскі belsat.eu

Стужка навінаў