Выдавецтва «Янушкевіч» адкрыла онлайн-кнігарню knihauka.com


Выдавецтва «Янушкевіч» стварыла онлайн-кнігарню knihauka.com, пра што заснавальнік выдавецтва Андрэй Янушкевіч паведаміў у сваім «Фэйсбуку».

Андрэй Янушкевіч падкрэсліў, што працаваць крама будзе пакуль у тэставым рэжыме, «будзе шмат сырога, недаробак і інш., таму адразу просім прабачэння за збоі».

Ён таксама адзначыў, што пайшоў на такі крок, бо «цягнуць далей не было як, тым больш што на пачатку чэрвеня невядомыя асобы знішчылі нашу старонку januskevic.by»

У краме будзе прадстаўлены «самы шырокі асартымент кніг, якія ў нас ёсць». Тут можна будзе набыць кнігі са зніжкамі паводле прома-кодаў, будзе дзеяць праграма лаяльнасці для сталых кліентаў. Даступнай будзе дастаўка кніг у Вялікую Брытанію, Францыю і Іспанію – «тое, чаго бракавала ў маркетплэйсе «Allegro».

Плаціць за набытыя выданні можна будзе з дапамогай самых папулярных аплатных сістэмаў, таксама будуць арганізаваныя кур’ерскія службы.

«З цягам часу гэтая пляцоўка стане асноўнай – менавіта тут будзе адкрывацца папярэдні заказ, выкладвацца навінкі і запускацца разнастайныя акцыі», – напісаў Андрэй Янушкевіч.

Нагадаем, што выдавецтва «Янушкевіч» было ліквідаванае ў Беларусі, а сам Андрэй Янушкевіч мусіў з’ехаць з краіны пасля таго, як ягоная кнігарня «Кнігаўка» была разгромленая.

Раман Шавель belsat.eu

Стужка навінаў