Калі заўтра вайна

Якую геаграфічную асаблівасць Беларусі ўвесь час падкрэслівалі на ўроках гісторыі? Тое, што ўсе войны прайшлі праз нас. Другая сусветная. Першая сусветная. Расейска-французская. Войны Рэчы Паспалітай з Расейскай імперыяй. І вось вясной 2024 года, на другі год жорсткай вайны РФ супраць Украіны, прэм’ер-міністр Польшчы Дональд Туск кажа: «Мы жывем у перадваенны час…»

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Украінскія вайскоўцы падчас вучэнняў. 11 сакавіка 2023 года.
Фота: Violeta Santos Moura / Reuters / Forum

Да гэтага міністр замежных справаў Польшчы Радослаў Сікорскі ў інтэрвʼю амерыканскаму тэлебачанню заяўляў, што «Польшча не будзе больш расейскай калоніяй», а прэзідэнт Францыі гаварыў аб гатовасці да ваеннага сутыкнення з РФ. Ну, а як яшчэ тлумачыць яго прапанову адправіць салдатаў ва Украіну?

Валерый Сахашчык, прадстаўнік Аб’яднанага пераходнага кабінету Святланы Ціханоўскай у пытаннях абароны і нацыянальнай бяспекі, папярэджвае пра рыхтаванне правакацыяў РФ супраць краінаў NATO з тэрыторыі Беларусі, а Лукашэнка робіць заяву аб тым, што не будзе ніякіх нападаў на NATO. Аналагічную заяву ён рабіў перад пачаткам уварвання Расеі ва Украіну.

«Мы адчуваем, што вайна блізкая да нас. Мы разумеем, што калі Расея не будзе спыненая ва Украіне, яна пойдзе далей, – заявіў «Delfi» міністр замежных справаў Літвы Габрыелюс Ландсбергіс. – А далей будуць краіны Балтыі… Мы спадзяемся, што гэта можа паслужыць сігналам нашым сябрам і партнёрам у Еўропе, у NATO, што мы павінны паставіцца да гэтага сурʼёзна».

Такім чынам, што мы маем?

Расея абвяшчае аб размяшчэнні ядравай зброі ў Беларусі. Кангрэс РПЦ, галоўнага ідэалагічнага апалагета Пуціна, абвяшчае беларусаў і ўкраінцаў часткай «русского мира», адмаўляючы нашым дзвюм краінам у праве на існаванне.

Асноўныя палітычныя дзеячы рэгіёну, якія адказваюць за міжнародныя адносіны, абмяркоўваюць будучую вайну як магчымы сцэнар. Прычым сцэнар не самы радыкальны, а кансерватыўны.

NATO нарошчвае абаронныя бюджэты, арганізуе і праводзіць вучэнні. Аляксандр Лукашэнка, апрануўшы мундзір, у атачэнні вайскоўцаў заяўляе, што «з боку Беларусі нападу не плануецца» (хто не схаваўся, я не вінаваты).

Далей падзеі могуць развівацца наступным чынам: падраздзяленні Расеі /група Вагнэра / невядомыя з усходняга боку робяць правакацыю на беларуска-літоўскай мяжы, а РФ выпускае заявы аб неабходнасці адбіцця нападу і ідзе пракладваць сувальскі калідор.

Такое развіццё падзеяў дазваляе Расеі дасягнуць некалькіх мэтаў:

– прадэманстраваць, што NATO не абараняе саюзнікаў ад нападу, і справакаваць раскол паміж сябрамі Альянсу;

– стварыць хаос і напружанне на поўначы Еўропы. Падштурхнуць такім чынам ЕЗ да канцэнтрацыі на ўласных праблемах замест дапамогі Украіне. Мэсідж для заходніх медыяў з боку Расеі: «Вось вы дапамагалі Украіне, і гэта прывяло вайну на вашыя землі. Кідайце Украіну, каб самім горш не было». Няцяжка перадаваць боепрыпасы саюзніку, калі донар і дастаўца самі пад надзейнай абаронай. Калі ўласная бяспека пад пагрозай, любая перадача зброі, боепрыпасаў і гуманітарнай дапамогі ва Украіну будуць ускладненыя;

– унутранаму расейскаму гледачу прадаецца нарэшце доўгачаканая вайна з NATO, у якой можна перамагаць у тэлевізары.

Што можа адбыцца пасля такой маштабнай правакацыі? Улічваючы кантэкст і папярэднюю гісторыю, вельмі верагодна, што NATO можа паверыць у яе. Або зробіць выгляд, што паверыла і ўспрыняла максімальна сурʼёзна.

Ці можа NATO нанесці ракетны ўдар у адказ па вайсковых абʼектах на беларускай тэрыторыі? Можа, бо мае поўнае права і падставы.

Ці можа NATO бамбаваць вайсковыя абʼекты на беларускіх землях? Так, цалкам рэалістычна.

Пасля гэтага цалкам лагічным крокам з боку NATO можа быць пачатак выціскання пагрозы на ўсход вайсковымі сродкамі. Калі Расея можа дазволіць сабе наземную аперацыю на землях саюзніка NATO, дык можа і NATO надумае правесці наземную аперацыю на землях саюзніка РФ? Пасля двух гадоў вайны і правакацыяў такога ўзроўню вайсковае кіраўніцтва можа прыйсці да высновы, што бяспекі ЕЗ немагчыма дасягнуць без наземнай аперацыі.

Беларусі, такім чынам, выпадзе найгоршая роля, якую можна ўявіць і ў якой нашыя землі былі ў апошнія тры глабальныя еўрапейскія вайны, – роля плацдарму ваенных дзеянняў.

Вайна ў Беларусі будзе азначаць для краіны гуманітарную катастрофу. Трэба адзначыць, што адказнасць за гэтую бяду будзе несці выключна Лукашэнка. Каб захаваць уладу, Лукашэнка ўсе трыццаць гадоў карыстаўся магчымасцю атрымліваць маскоўскія грошы, і з кожным годам запазычанасць станавілася ўсе большай. У якасці платы ён аддаў беларускія землі расейскаму войску для нападу на Украіну. Цяпер той момант, калі плата за жаданне Лукашэнкі заставацца пры ўладзе можа скончыцца для Беларусі вайной. Улічваючы, колькі людзей ужо пакінула Беларусь, такая вайна можа ўвогуле паставіць пад пагрозу існаванне нашай краіны.

Сапраўды, для нас, беларусаў, гэты сцэнар можа гучаць вельмі страшна і дзіўна, але не больш, чым іншыя рэчы, якія за апошнія два гады перайшлі з катэгорыі «ў страшным сне не прысніцца» ў катэгорыю штодзённых навінаў.

Што мы можам з гэтым рабіць?

– Працягваць дапамагаць Украіне. Кожны салдат у беларускіх падраздзяленнях, кожны рубель на ЗСУ набліжаюць вызваленне беларусаў з турмаў яшчэ на адзін дзень.

– Пры любой падазронай актыўнасці на беларускіх прымежных землях – паведамляць беларускім актывістам і палітыкам.

– У такой палітычнай сітуацыі ўжо можна казаць аб тым, каб пачынаць рыхтаваць беларусаў да вызвалення краіны ўжо не толькі ва Украіне, але і ў самім ЕЗ.

– Пераконваць еўрапейскіх палітыкаў і актывістаў, што Еўропа будзе ў бяспецы толькі тады, калі ў яе структуру абароны ўпішацца дэмакратычная Беларусь. Аргументы можна ўбачыць тут.

Цалкам магчыма, што гэтая пагроза і не здзейсніцца. Але, на жаль, на трэці год вайны і пры пагрозе РФ уцягнуць у канфлікт Еўразвяз такі сцэнар не выглядае нерэалістычным. На маю думку, лепей зрабіць дадатковыя высілкі для таго, каб ён не ажыццявіўся, чым пры паступленні паведамленняў аб пагрозах «рэлаксаваць і ехаць на травеньскія шашлыкі».

Аналітыка
Тры сцэнары эскалацыі. Як вайна можа прыйсці ў Беларусь?
2024.04.01 08:26

belsat.eu 

Рэдакцыя можа не падзяляць меркавання аўтара.

Стужка навінаў