Вучэнні супраць вучэнняў. Што адбываецца і ці ёсць небяспека?


Міністэрства абароны Беларусь 11 сакавіка абвясціла чарговае правяранне боегатовасці Узброеных сілаў. Улады заяўляюць, што гэта адказ на вучэнні краінаў NATO «Steadfast Defender 2024», якія праходзяць у тым ліку на тэрыторыі Польшчы. У чым сэнс манеўраў абодвух бакоў?

Брытанскі жаўнер глядзіць у тэлескапічны прыцэл сваёй снайперскай вінтоўкі падчас вайсковых вучэнняў NATO «Steadfast Defender 2024». Кажэнева (Korzeniewo), Польшча. 4 сакавіка 2024 года.
Фота: Wojtek Radwanski / AFP / East News

NATO трэнуецца стрымліваць Расею

Вучэнні «Steadfast Defender» («Непахісны абаронца») распачаліся яшчэ ў канцы студзеня і працягнуцца да траўня. Гэта найбуйнейшыя манеўры NATO з часоў халоднай вайны, у якіх задзейнічаныя каля 90 тысяч вайскоўцаў з 32 краінаў Альянсу.

Вучэнні разлічаныя на стрымліванне пагрозы з боку Расеі. Кіраўніцтва NATO заяўляе, што «Steadfast Defender» мусіць стаць яскравай дэманстрацыяй адзінства, моцы і гатовасці Альянсу абараніць любога чальца арганізацыі, на якога будзе ўчынены напад.

Фактычна гэта першае маштабнае выпрабаванне новай мадэлі разгортвання сілаў NATO у выпадку вонкавай агрэсіі. Першая частка манеўраў заключаецца ў перакідванні войскаў з Паўночнай Амерыкі (ЗША, Канада) праз Атлантыку ў кантынентальную Еўропу. Гэты этап уключае баявыя марскія вучэнні і дэсантныя трэнаванні ў Паўночнай Атлантыцы і арктычных морах. Другая частка прадугледжвае вучэнні розных родаў войскаў ва ўсёй Еўропе, ад Нарвегіі да Румыніі. Упершыню ў манеўрах NATO задзейнічаныя вайскоўцы новых чальцоў Альянсу – Швецыі і Фінляндыі.

«Steadfast Defender» складаецца з серыі асобных манеўраў, якія праводзяцца на тэрыторыі розных краінаў NATO і пры гэтым аб’яднананыя адзінай задумай. Напрыклад, манеўры на Поўначы называюцца «Nordic Response». Яны адбываюцца ў паўночным нарвежскім рэгіёне Фінмарк, што мяжуе з Расеяй і дзе расейская армія патэнцыйна можа распачаць агрэсію. Агулам у «Nordic Response» задзейнічаныя 20 тысяч жаўнераў, 110 самалётаў і 50 караблёў з 13 краінаў NATO. Накіравалі туды невялікі кантынгент (батальён марской пяхоты) і Злучаныя Штаты.

Іспанскія і польскія вайскоўцы перакідваюць танкі і бранятэхніку праз Віслу падчас вучэнняў NATO «Steadfast Defender 2024». Кажэнева (Korzeniewo), Польшча. 5 сакавіка 2024 года.
Фота: Dominika Zarzycka / Zuma Press / Forum

У Польшчы цяпер праходзяць вучэнні «Dragon 24» – ключавы складнік «Steadfast Defender». У іх бяруць удзел 20 тысяч вайскоўцаў і 3,5 тысячы тэхнікі з 10 краінаў NATO. 15 з 20 тысяч жаўнераў – палякі. Асноўнай сілай у вучэннях ёсць 11-ая бронекавалерыйская дывізія сухапутных войскаў Польшчы. Таксама залучаныя байцы польскага спецназу і тэрытарыяльнай абароны. З боку саюзнікаў з Альянсу задзейнічаныя вайскоўцы з Вялікай Брытаніі, Францыі, Нямеччыны, Італіі, Літвы, Славеніі, Іспаніі, Турцыі і ЗША

Заяўляецца, што вучэнні «Dragon 24» маюць абарончы характар і робяцца, каб прадэманстраваць здольнасць супрацьстаяць агрэсіўнай палітыцы і правакацыйнай дзейнасці Расеі. Найважнейшым элементам манеўраў стане пераправа саюзных войскаў праз раку Вісла і перасоўванне Сілаў хуткага рэагавання Альянсу.

Нагнятанне сітуацыі

Яшчэ да пачатку манеўраў Альянсу Генштаб Беларусі заявіў, што плануе ўзмацніць сваю выведку на час правядзення «Steadfast Defender».

Аляксандр Лукашэнка назваў вучэнні NATO «як мінімум дэманстрацыяй сілы» і адзначыў, што «на парозе нашага дому» будуць стаяць каля 90 тысяч жаўнераў заходніх арміяў. Лічбы, дарэчы, абсалютна маніпуляцыйныя: колькасць войскаў, задзейнічаных у вучэннях у краінах, што мяжуюць з Беларуссю, у некалькі разоў меншая, а нарвежскі рэгіён Фінмарк назваць «парогам нашага дому» наўрад ці магчыма.

Лукашэнка на нарадзе 20 лютага паведаміў, што амерыканскія спецслужбы нібыта рыхтуюць у Польшчы правакацыю, «у якой абвінавацяць Расею і Беларусь». «Усё старое, як свет. Калісьці фашысты – Гітлер – падрыхтаваў такую аперацыю на мяжы з Польшчай, каб справакаваць пачатак ваенных дзеянняў. Цяпер гэтыя мярзотнікі», – заявіў самаабвешчаны кіраўнік Беларусі.

Каментар
Лукашэнка спужаўся расколу элітаў і анансаваў атакі на Польшчу? Што значаць новыя выказванні
2024.02.20 19:38

Праз два дні, 22 лютага, міністр абароны Віктар Хрэнін заявіў, што пад выглядам вучэнняў NATO каля межаў Беларусі могуць стварацца ўдарныя групоўкі. Галоўная задача – «не праспаць» гэтага, адзначыў міністр.

«Калі гэта сапраўды пачне перарастаць у стварэнне больш магутных груповак або яшчэ чагосьці, будзе рэакцыя ў адказ з нашага боку», – заявіў Хрэнін.

Міністр таксама паабяцаў, што войскі Беларусі будуць збіваць авіяцыю суседніх краінаў, калі тая парушыць дзяржаўныя межы. «Калі ўжо зусім страчаныя тармазы з іх боку, вядома, мы будзем збіваць, цырымоніцца не будзем», – падкрэсліў Хрэнін.

Чарговае правяранне баявой гатовасці

Мінабароны Беларусі 11 сакавіка абвясціла, што ва Узброеных сілах пачатае правяранне баявой гатовасці. Начальнік Генеральнага штабу генерал-маёр Віктар Гулевіч заявіў, што правяранне боегатовасці фактычна ёсць адказам на вучэнні NATO.

«У рамках аддадзеных баявых распараджэнняў прызначаныя вайсковыя часткі і падраздзяленні будуць выведзеныя ў прызначаныя зоны, дзе з імі будзе праводзіцца шэраг вучэнняў, трэнаванняў і заняткаў. У далейшым мерапрыемствы комплекснага правярання будуць нарошчвацца, будзе павялічвацца колькасць прыцягнутых сілаў і сродкаў для правядзення правярання», – заявіў генерал.

Правяранне баявой гатовасці воінскіх частак Узброеных сілаў Рэспублікі Беларусь. 12 сакавіка 2024 года.
Фота: Министерство обороны Республики Беларусь / Telegram

Колькі ўсяго сілаў плануецца задзейнічаць і ў якіх лакацыях будуць адбывацца манеўры, Генштаб і Мінабароны не патлумачылі.

Жаўнераў і тэхніку ў зоны прызначэння перакідваюць камбінаваным спосабам – аўтамабільнымі дарогамі і чыгуначным транспартам. У паведамленнях прэс-службы Мінабароны 13 сакавіка таксама засвяціліся два палігоны: Асіповіцкі і Барысаўскі. У абедзвюх лакацыях былі задзейнічаныя падраздзяленні 120-й асобнай гвардзейскай механізаванай брыгады. Праўда, «Беларускі Гаюн» заўважыў, што на гэтых палігонах (як і на шэрагу іншых) вайскоўцы праводзілі заняткі баявога рыхтавання яшчэ да абвяшчэння правярання.

«Беларускі Гаюн» станам на 13 сакавіка паведамляе, што да правярання боегатовасці залучаныя падраздзяленні 19-й асобнай механізаванай брыгады, якая ўваходзіць у склад Паўночна-Заходняга аператыўнага камандавання. Задачай гэтага аператыўнага камандавання ёсць  прыкрыцце балтыйскага кірунку.

У прыватнасці, «Беларускі Гаюн» мяркуе, што падраздзяленні 1-га асобнага механізаванага батальёна 19-й брыгады будуць перакінутыя ў Ашмянскі раён, што мяжуе з Літвой. Не выключана, што 4-ы асобны танкавы батальён 19-й брыгады таксама можа быць перакінуты ў адзін з памежных з Літвой ці Латвіяй раёнаў. Пакуль вядома, што тэхніка батальёну грузілася на эшалон на станцыі «Заслонава» (Лепельскі раён).

Акрамя таго, фіксавалася перакідванне выведнага батальёну 6-й механізаванай брыгады на палігон Гожскі (недалёка ад сувальскага калідору), а сем вайсковых верталётаў перабазаваліся з «Мачулішчаў» на аэрадром «Асаўцы» (каля Бярозы, што на Берасцейшчыне).

«Маштабы правярання ўсё яшчэ не дазваляюць казаць пра пагрозы, якія яно можа несці ў гэты момант суседнім з Беларуссю краінам», – рэзюмуе «Беларускі Гаюн».

12 сакавіка Мінабароны абвясціла пачатак комплекснага правярання органаў кіравання тэрытарыяльнай абароны Гомельскай вобласці. З запасу ў аддзелы тэрабароны плануецца прызваць да 200 вайсковаабавязаных.

«Беларускі Гаюн» паведамляе, што таксама 14 сакавіка стартуюць вучэнні тэрытарыяльнай абароны Воранаўскага раёну Гарадзенскай вобласці. Акрамя таго, у шэрагу вайсковых частак пачаліся зборы з рэзервістамі.

ПраСвет
Лукашэнка адчувае, што насоўваецца катастрофа. «Прасвет» з Сяргеем Пелясою
2024.03.01 18:01

Што ўсё гэта значыць

Задума вучэнняў NATO нарадзілася ў 2022 годзе пад уплывам поўнамаштабнай расейскай агрэсіі супраць Украіны, і яе актуальнасць з таго часу толькі вырасла. Сярод вайскоўцаў і аналітыкаў цяпер усё часцей гучыць думка, што калі актыўныя баявыя дзеянні ва Украіне скончацца, то Крамлю можа хапіць некалькі гадоў (паводле больш асцярожных ацэнак – 6-10 гадоў) на тое, каб правесці рэарганізацыю сваіх сілаў і напасці на краіны NATO. У некаторых медыях можна сустрэць і яшчэ больш песімістычныя сцэнары, у адпаведнасці з якімі вялікая вайна распачнецца ўжо ў 2025 годзе. Тэрыторыя Беларусі ў такім сцэнары разглядаецца як расейскі плацдарм для нападу на краіны NATO.

Досвед лютага 2022 года паказвае, што маштабныя вайсковыя вучэнні могуць быць прыкрыццём рыхтавання да ваеннай агрэсіі. Тады ролю дэкарацыяў выканалі расейска-беларускія вучэнні «Саюзная рашучасць», якія дазволілі Расеі сканцэнтраваць у Беларусі ўдарную групоўку для паходу на Кіеў. Аднак няма ніякіх падставаў казаць, што цяперашняе правяранне боегатовасці ў Беларусі можа быць прыкрыццём новых агрэсіўных планаў.

Па-першае, перакідвання расейскіх войскаў у Беларусь не адбываецца, а без гэтага напад на NATO або новы паход на Кіеў выглядае абсалютна нерэалістычна. Па-другое, самое правяранне баявой гатовасці – гэта не нейкая выключная з’ява для Беларусі. У 2022–2023 гадах Узброеныя сілы праводзілі іх неаднаразова. Увогуле беларускія вайскоўцы апошнія два гады застаюцца ў рэжыме фактычна перманентных вучэнняў, трэнавання і правяранняў. Цяперашняе правяранне нічым не вылучаецца з гэтага шэрагу.

Цяжка сказаць, у чым заключаецца галоўная аператыўная задума цяперашняга правярання баявой гатовасці. Разам з тым, калі прааналізаваць інфармацыю з адкрытых крыніцаў за 11–13 сакавіка, можна зрабіць выснову, што насамрэч з вучэннямі «Dragon» і «Steadfast Defender» дзеянні беларускага боку, імаверна, не звязаныя. Найважнейшая частка заходніх манеўраў адбываецца ў Польшчы, а асноўная актыўнасць вайскоўцаў Беларусі пакуль з гэтым кірункам не звязаная.

Hавiны
Хрэнін у 2025 годзе плануе правесці ў Беларусі супольныя вучэнні з Расеяй
2024.02.22 13:32

Глеб Нержын belsat.eu

Стужка навінаў