Месца, дзе можа распачацца вайна Расеі і NATO. Тлумачым, што такое сувальскі калідор


Пагроза захопу сувальскага калідору ў выпадку расейскай агрэсіі не першы год турбуе краіны NATO, а пасля размяшчэння ў Беларусі наймітаў ПВК Вагнэра ўвага да гэтай праблемы ўзрасла яшчэ болей. Belsat.eu тлумачыць, чаму сувальскі калідор называюць ахілесавай пятой Альянсу і ці рэальнае расейскае ўварванне на мяжы Польшчы і Літвы.

Папераджальны знак на мяжы з Калінінградскай вобласцю ля сувальскага калідору з боку Польшчы. 2 лістапада 2022 года.
Фота: Michal Kosc / Forum

Сувальскі калідор: гісторыя пагрозы

Сувальскі калідор – гэта вузкі 70-кіламетровы пас тэрыторыі ўздоўж літоўска-польскай мяжы, які аддзяляе Беларусь ад Калінінградскай вобласці. Праблема калідору пачала шырока абмяркоўвацца пасля 2014 года, калі анексія Крыму і канфлікт на Данбасе прымусілі NATO пераасэнсаваць расейскую пагрозу. У кантэксце гіпатэтычнай вайны з Расеяй сувальскі калідор пачаў успрымацца на Захадзе як найбольш слабае месца ў сістэме бяспекі Альянсу і найбольш імавернае месца першага расейскага ўдару. То бок калі Масква наважыцца на вайну з NATO, то распачнецца канфлікт акурат у сувальскім калідоры. Пра гэтую пагрозу ў наступныя гады не раз заяўлялі заходнія палітыкі, генералы і вайсковыя аналітыкі.

Стратэгічная значнасць сувальскага калідору заключаецца ў тым, што захоп гэтай зоны дазволіць Расеі наладзіць сувязь са сваім калінінградскім анклавам і адначасова адсекчы Літву, Латвію і Эстонію ад іншых краінаў NATO. Перакідванне сілаў NATO праз Балтыйскае мора таксама можа зрабіцца праблемай, бо Расея будзе пагражаць марскім камунікацыям з Калінінградскай вобласці, дзе, у прыватнасці, размешчаныя ракетныя комплексы «Іскандэр». У выніку краіны Балтыі апынуцца ў ізаляцыі і ім прыйдзецца адбіваць расейскае ўварванне самастойна. А вайсковы патэнцыял Літвы, Латвіі і Эстоніі несупастаўляльны з вайсковым патэнцыялам РФ.

Амерыканскі аналітычны цэнтр RAND у 2014–2015 гадах мадэляваў магчымае наступленне расейцаў на калідор і прыходзіў да высновы, што агрэсар на гэтым участку здолее дасягнуць колькаснай перавагі над сіламі саюзнікаў. Камандуючы амерыканскімі войскамі ў Еўропе ў 2014–2017 гадах Бэн Годжэз надаваў праблеме вялікую ўвагу: ён называў гэтую зону сувальскім разрывам і казаў, што расейскія і беларускія вайскоўцы могуць захапіць калідор за кароткі час. «Вызваленне нашых саюзнікаў каштуе даражэй, чым стрымліванне», – тлумачыў Годжэз у 2015 годзе.

Будаўніцтва часовай загароды з брытвеннага дроту на мяжы з Калінінградскай вобласцю ля сувальскага калідору з боку Польшчы. 2 лістапада 2022 года.
Фота: Michal Kosc / Forum

Заходнія аналітыкі меркавалі, што падчас расейска-беларускіх вучэнняў «Захад-2017» і «Захад-2021» адпрацоўваўся менавіта сцэнар захопу сувальскага калідору. Краіны NATO заўсёды зыходзілі з таго, што такая аперацыя магчымая, толькі калі Расея і Беларусь будуць дзеяць разам.

Некаторыя эксперты таксама звярталі ўвагу на тое, што нават калі агрэсар не здолее замацавацца ў сувальскім калідоры, то можа сарваць забеспячэнне краінаў Балтыі, проста ўзяўшы гэтую зону пад агнявы кантроль. 70-кіламетровы калідор будзе цалкам прастрэльвацца расейскімі ракетамі, а сістэма камунікацыяў на гэтай тэрыторыі даволі абмежаваная (дзве шашы і адна чыгуначная лінія). У такіх умовах адразу ўзнікне пагроза транспартавага калапсу – дарогі будуць перагружаныя вайсковай тэхнікай і ўцекачамі.

Пасля пачатку поўнамаштабнай расейскай агрэсіі ўвага да сувальскага калідору толькі вырасла. У чэрвені 2022 года падчас калінінградскага транзітнага крызісу выданне «Politico» падкрэслівала, што гэтая зона цяпер самае небяспечнае месца на планеце. 7 ліпеня 2022 года прэзідэнт Польшчы Анджэй Дуда і прэзідэнт Літвы Гітанас Наўседа сустрэліся на тэрыторыі сувальскага калідору і анансавалі ўзмацненне абароны.

Новая хваля абмеркавання ахілесавай пяты NATO распачалася на фоне перадыслакацыі ў Беларусь ПВК Вагнэра. У ліпені 2023 года кіраўнік камітэту абароны Дзярждумы РФ Андрэй Картаполаў заявіў, што вагнэраўцаў накіравалі ў Беларусь, каб сфармаваць з наймітаў «гатовы ўдарны кулак, які здолее ўзяць сувальскі калідор за лічаныя гадзіны». Пра тое, што вагнэраўцы «хочуць на Захад», заяўляў і Аляксандр Лукашэнка (праўда, потым тлумачыў, што сувальскі калідор яму непатрэбны).

Меркаванні
Прабіць сувалкаўскі калідор. Ці здольная на гэта Расея?
2022.06.27 18:59

У NATO быў час падрыхтавацца

Калі ў 2014–2015 гадах на Захадзе толькі загаварылі пра небяспеку атакі на сувальскі калідор, блок NATO сапраўды выглядаў непадрыхтаваным да гэтага выкліку. Аднак з таго часу шмат што змянілася. Краіны Альянсу праводзілі спецыяльныя вучэнні, распрацоўвалі алгарытмы супольных дзеянняў у выпадку расейскай агрэсіі. Прысутнасць блоку NATO ва Усходняй Еўропе была павялічаная.

У 2017-м у Польшчы быў размешчаны амерыканскі вайсковы кантынгент, у Літве – нямецкі, у Эстоніі – брытанскі, у Латвіі – канадскі. Спачатку колькасць саюзніцкіх кантынгентаў была вельмі невялікая: напрыклад, у краінах Балтыі агулам размяшчаліся толькі 3–3,5 тысячы саюзніцкіх жаўнераў (брытанскіх, канадскіх і нямецкіх). Праўда, у іх і не было задачы самастойна ваяваць супраць Расеі: у першую чаргу гэта быў фактар стрымлівання, які мусіў нагадваць агрэсару, што яму прыйдзецца мець справу з усім блокам NATO. Калі Расею такое папярэджанне не спыніць і яна распачне ўварванне, то шматнацыянальным кантынгентам разам з арміямі краінаў Балтыі трэба будзе пратрымацца да прыходу асноўных сілаў саюзнікаў.

Пасля пачатку поўнамаштабнага ўварвання Расеі ва Украіну натаўскі кантынгент ва Усходняй Еўропе вырас, паводле некаторых звестак, у два разы. На саміце Альянсу ў Мадрыдзе было прынятае рашэнне павялічыць колькасць баявых групаў з батальёну да брыгады – там, дзе гэта неабходна.

У 2019 годзе ў Польшчы размяшчаліся каля 4,5 тысячы вайскоўцаў ЗША, а цяпер размешчаныя 10 тысячаў амерыканскіх жаўнераў, а таксама каля тысячы вайскоўцаў з іншых краінаў.

Каментар
Літоўскі аналітык: Пагрозы з боку вагнэраўцаў для Польшчы і Літвы няма
2023.07.25 17:46

Чатыры паўночна-ўсходнія баявыя групы (у Латвіі, Літве, Польшчы і Эстоніі) застаюцца пад камандаваннем NATO праз штаб шматнацыянальнага корпусу «Паўночны ўсход» у Шчэціне.

Hавiны
У выпадку неабходнасці NATO перакіне ў Польшчу сто тысяч салдатаў
2023.07.12 19:46

У адпаведнасці з новаю мадэллю разгортвання сілаў хуткага рэагавання, зацверджанай на саміце Альянсу ў Мадрыдзе ў чэрвені 2022 года, пры неабходнасці NATO можа перакінуць на небяспечны кірунак да 300 тысяч жаўнераў (замест 40 тысячаў, як планавалася раней). Мяркуецца, што 100 тысяч вайскоўцаў перадыслакуюць цягам 10 дзён, яшчэ 200 тысяч – за 10–30 дзён. Прынамсі, так гэта выглядае ў тэорыі.

Акрамя таго, істотна аблегчыць праблему сувальскага калідору мусіць далучэнне да NATO Фінляндыі і Швецыі. Цяпер арганізаваць марскія шляхі забеспячэння краінаў Балтыі будзе значна прасцей і пагроза блакавання сухапутнага калідору паміж Літвой і Польшчай ужо не выглядае крытычна. Больш за тое, уваход у Балтыйскае мора пераўтворыцца ў праблему ўжо для Расеі.

Каментар
Сувальскі калідор перастаў быць небяспечным, бо Фінляндыя і Швецыя далучыліся да NATO
2023.07.16 21:05

Гібрыдная пагроза замест стратэгічнага наступлення

Пасля прыбыцця ПВК Вагнэра ў Беларусь тэме сувальскага калідору пачалі надаваць вельмі шмат увагі ў публічнай прасторы. Аднак насамрэч перспектывы расейскай стратэгічнай аперацыі на мяжы Польшчы і Літвы выглядаюць цяпер вельмі сумнеўна.

Сутнасць пагрозы для сувальскага калідору спачатку палягала ў тым, што Расея можа зладзіць бліцкрыг: сканцэнтруе вялікія сілы і адсячэ краіны Балтыі ад астатняй Еўропы да таго, як NATO здолее адрэагаваць. Улічваючы досвед няўдалай вайны з Украінай, у здольнасць Расеі правесці маланкавую аперацыю супраць NATO верыцца з цяжкасцю. Тым больш, што для NATO расейская атака не будзе сюрпрызам – Альянс ужо даўно да гэтага рыхтаваўся.

Нават калі саюзнікі не здолеюць аператыўна дапамагчы Польшчы і Літве, то расейцам усё роўна прыйдзецца ваяваць з 23-тысячнай літоўскай і 125-тысячнай польскай арміяй (без уліку тэрытарыяльнай абароны). Для гэтага спатрэбіцца выкарыстаць вялікую вайсковую групоўку, а адкуль Крэмль возьме такія рэсурсы ва ўмовах поўнамаштабнай вайны з Украінай – незразумела. Найбольш баяздольныя расейскія сілы ваююць супраць ЗСУ. Канцэнтрацыі падраздзяленняў Міністэрства абароны РФ у Беларусі або Калінінградскай вобласці цяпер не назіраецца.

Аналітыка
Блеф ці рэальны план агрэсіі? Чаму Пуцін і Лукашэнка пагражаюць Польшчы
2023.07.24 18:33

Размяшчэнне ў Беларусі вагнэраўцаў стратэгічна сітуацыі не змяняе. Ні пяці, ні нават дзесяці тысяч наймітаў, хутчэй за ўсё, не хопіць для таго, каб захапіць сувальскі калідор. Тым больш, што ў ПВК Вагнэра цяпер няма цяжкой тэхнікі.

У кантэксце ПВК Вагнэра пра класічны захоп сувальскага калідору заходнія палітыкі і не кажуць – гаворка ў асноўным ідзе пра пагрозу гібрыднай агрэсіі з тэрыторыі Беларусі.

З гэтай нагоды прэзідэнт Літвы Гітанас Наўседа і прэм’ер-міністр Польшчы Матэўш Маравецкі правялі 3 жніўня на тэрыторыі сувальскага калідору тэрміновую сустрэчу.

«Група Вагнэра надзвычай небяспечная, і падраздзяленні гэтай групы перакідваюцца на ўсходні фланг NATO, каб дэстабілізаваць яго», – заявіў Маравецкі і заклікаў быць гатовымі да правакацыяў.

Раней, 29 ліпеня, прэм’ер-міністр Польшчы заявіў пра перакідванне ў ваколіцы сувальскага калідору атраду са ста вагнэраўцаў і назваў гэта «крокам да далейшага гібрыднага нападу на польскую тэрыторыю».

Прэзідэнт Літвы таксама лічыць пагрозу сур’ёзнаю.

Каментар
Як вагнэраўцы ствараюць праблему NATO, нават не атакаваўшы Польшчу. Тлумачыць Портнікаў
2023.07.31 19:55

Глеб Нержын belsat.eu

Стужка навінаў