Буйныя вучэнні NATO на мяжы: што палохае Лукашэнку і чаго чакаць ад сілавога блоку Беларусі


Беларусь узмоцніць сваю выведку на час правядзення буйных манеўраў NATO пад назвай «Steadfast Defender» (англ. «Непахісны абаронца»). Пра гэта заявіў начальнік Генеральнага штабу Узброеных сілаў Беларусі генерал-маёр Віктар Гулевіч у эфіры дзяржаўнага каналу «Беларусь 1».

Вучэнні NATO «Dynamic Front». Графэнвёр, Баварыя, Нямеччына. 21 ліпеня 2022 года. Фота: U.S. Army / Zuma Press / Forum

Найбуйнейшыя за апошнія 35 гадоў вучэнні Паўночнаатлантычнага альянсу сімулююць канфлікт з практычна роўным супернікам. Манеўры на ўсходнім флангу расцягнуцца ад лютага да траўня на тэрыторыі ад Нарвегіі да Румыніі і мусяць даць сігнал Расеі, што не варта нават думаць атакаваць Польшчу, краіны Балтыі ці іншых чальцоў Альянсу. У вучэннях будуць удзельнічаць каля 90 тысяч асобаў з краінаў NATO, а таксама з краіны – кандыдаткі на ўваходжанне ў Альянс, Швецыі.

«Гэта выхад на больш высокі ўзровень выкарыстання сілаў і сродкаў NATO ў такіх вялікіх аператыўна-стратэгічных вучэннях. Натуральна, нашыя Узброеныя сілы кантралююць, што там адбываецца. Мы адсочваем сітуацыю як на зямлі, датычную стварэння груповак, так і ў паветры. У любым выпадку будзем нарошчваць нашыя магчымасці ў выведцы, каб кантраляваць, што адбываецца на сумежнай тэрыторыі і ў паветранай прасторы», – пракаментаваў гэтыя вучэнні Віктар Гулевіч.

Са словаў генерал-маёра, магчымасці Узброеных сілаў Беларусі дазваляюць супрацьстаяць сілам, што будуць удзельнічаць у манеўрах. Пры неабходнасці Беларусь «зможа прадэманстраваць адказ на любыя пагрозы з Захаду».

Разам з тым беларускія вайскоўцы ўзмацняюць ужыванне радыёвыведкі, праводзяць чарговыя правяранні і вучэнні, дасылаюць салдатаў на вучобу ў Расею, рыхтуюць новы варыянт ваеннай дактрыны і канцэпцыі нацыянальнай бяспекі. Напярэдадні Аляксандр Лукашэнка сабраў нараду з генералаў і загадаў трымаць суседзяў на прыцэле. Ён зноў абвінаваціў сумежныя дзяржавы ў мілітарызме і паскардзіўся, што ва Украіне ідзе вайна.

Чаму гэтыя вучэнні так палохаюць Лукашэнку і чаго чакаць ад сілавога блоку Беларусі? Пра гэта ў студыі «Белсату» мы паразмаўлялі з палітолагам, спецыялістам у нацыянальнай бяспецы Аляксандрам Казаком.

«Спектр дзеянняў беларускіх сілавікоў, на вялікае шчасце, не такі ўжо і вялікі. Сваймі пагрозамі і дзеяннямі яны тлумачаць контраргументы адносна гэтых вучэнняў, улічваючы, што яны будуць цягнуцца чатыры месяцы. Цалкам верагодна, што ўздоўж беларуска-польскай мяжы будуць лётаць беларускія дроны – сілавікі будуць намагацца сачыць за тым, што адбываецца. Магчыма, сапраўды будзе актывізаваная выведка і сетка шпіёнаў, але не варта перагінаць у бок, што ўсе вакол ворагі», – адзначыў у нашай размове эксперт.

Аляксандр Лукашэнка падчас нарады з генераламі, прысвечанай вучэнням, назваў сітуацыю на межах з Польшчай і Літвой больш страшнай, чым з Украінай. На думку нашага суразмоўцы, па сутнасці Лукашэнка не можа прапанаваць іншага наратыву, акрамя гэтага.

«Практычна ўвесь час свайго кіравання Аляксандр Лукашэнка кажа пра тое, што вакол ворагі, натаўскія войскі лязгаюць гусеніцамі на польскай мяжы. Нічога новага ў ягоных заявах няма, ён працягвае гнуць сваю лінію. Адносна Украіны, Лукашэнка не баіцца ваяроў, якія там цяпер, бо беларускай версіі Белгараду не адбываецца, атак дронаў на беларускія тэрыторыі таксама не адбываецца. Пэўна, існуе кулуарная ўрэгуляванасць паміж Беларуссю і Украінай. А адносна Польшчы і іншых краінаў Захаду падобнага ўрэгулявання няма, таму вучэнні выклікаюць такі вялікі страх», – кажа Аляксандр Казак.

Магчымасць уступлення Швецыі ў NATO для Беларусі не мае важнага стратэгічнага значэння, бо колькасць краінаў Альянсу і кантынгенту на межах Беларусі не змяняецца. Але Лукашэнка можа працягваць наратывы Расеі і яе кіраўніцтва, для якіх пашырэнне NATO – страшны сон.

Літва ўсё часцей фіксуе незаконны пераход сумеснай мяжы беларускімі памежнікамі. Нават выклікалі часовага паверанага ў справах Беларусі і ўручылі яму ноту пратэсту з гэтай нагоды. На думку нашага эксперта, такія правакацыі могуць яшчэ больш павялічыцца падчас вучэнняў.

«Цалкам верагодна, што Лукашэнка і Пуцін захочуць у адказ правесці свае вучэнні, каб перабіць парадак дня: вось Захад праводзіць вучэнні, а мы гэтаму NATO зараз пакажам. Варта ўлічваць, што хоць звычайна кажуць пра буйныя беларуска-расейскія вучэнні, але іх насамрэч нашмат болей. У год на тэрыторыі Беларусі ў сярэднім праводзіцца 30 вучэнняў сумесна з Расеяй», – адзначыў Аляксандр Казак.

Аб’ектыў
Лукашэнка праспаў кантынгенты на памежжы
2024.01.23 20:35

Ася Саковіч belsat.eu

Стужка навінаў