news
Агляд
Згарэлыя МАЗы, прарваныя трубы і не толькі. Як прайшоў першы няякасны месяц Года якасці
Часта якасць у Беларусі існуе толькі на паперы.
01.02.202407:22

2024 год самаабвешчаным кіраўніком Беларусі Аляксандрам Лукашэнкам названы Годам якасці. З гэтай нагоды ўлады краіны нават вярнулі з савецкіх часоў адпаведны Знак якасці, выкананы чамусьці ў «схеме БЧБ». Але пакуль улады краіны распрацоўваюць новыя метадычкі і скіроўваюць БРСМ кантраляваць якасць, паляпшэнняў з апошняй у Беларусі не бачна.

Государственный флаг Беларуси, красно-зеленый флаг
Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: Белсат

Гэты год праходзіць у афіцыйных дакументах як Год якасці. Ва ўказе, што абвяшчаў гэты год, акцэнт зроблены на павышэнні канкурэнтаздольнасці Беларусі «праз беражлівае і прадуманае стаўленне да рэсурсаў, рэалізацыю высокатэхналагічных і энергаёмістых праектаў, прыярытэт якасных паказнікаў над колькаснымі». Прыярытэтную ўвагу плануецца надаць фармаванню ў грамадзянаў асабістай адказнасці за дасягненне высокай якасці жыцця (дастатковы ўзровень даходу, своечасовая дыспансерызацыя, здаровае харчаванне, добрая адукацыя, культурнае баўленне вольнага часу).

«Кантроль за якасцю вырабленай прадукцыі або выкананых работ – гэта не толькі задача тэхнолагаў, яна павінна стаць важнай задачай для пярвічак ФПБ, БРСМ, “Белай Русі”, а грамадскі кантроль за забеспячэннем якасці – адным з кірункаў іх дзейнасці», – гаворыцца ў адмысловай метадычцы для праўладных медыяў.

Гэта ўжо другі Год якасці ў Беларусі – першы быў у 2010 годзе. Яму на змену тады прыйшоў 2011-ы з фінансавым крызісам, падзеннем эканомікі замест запланаванага росту і моцным ударам па дабрабыце беларусаў.

Палітычны аглядальнік Віталь Цыганкоў у каментары «Белсату» адзначыў, што змаганне за якасць ператвараецца ў анекдот і нагадвае савецкія часы.

«Абвясціў Лукашэнка Год якасці. І бюракратыя павінна паказаць, што яна дзейнічае. Што яна нешта робіць для выканання Года якасці. Да 1 студзеня 2024 года яны што – усё няякаснае выдавалі? А цяпер чамусьці пачнуць усё якаснае выдаваць, бо цяпер Год якасці?» – задаецца пытаннем аглядальнік.

Агляд
Тэматычныя гады ў Беларусі: якія мэты ставіліся і чаго рэальна дасягалі?
2024.01.27 14:00

Ён падкрэсліў, што ў лукашэнкаўскай Беларусі за якасцю будуць сачыць БРСМ і іншыя праўладныя арганізацыі, «а якасць, маўляў, патрэбная камусьці іншаму, а не вытворцам». Аднак, дадаў Цыганкоў, якасна выпускаць прадукцыю ў нармальных эканамічных умовах павінна быць выгадна самім вытворцам, якія хочуць мець лепшыя продажы ды імідж.

Пракаментаваў Цыганкоў і новы Знак якасці, які дублюе свой савецкі аналаг. Яго будуць прысвойваць напрыканцы года.

«Гэта анекдатычна, што людзі нібы будуць звяртаць увагу на гэты знак. Не, напэўна, людзі будуць арыентавацца на нейкія іншыя матывы: як гэты прадукт сябе паводзіў, што кажуць знаёмыя, плюс цэны і ўсё астатняе», – сказаў аглядальнік.

Цыганкоў падкрэсліў, што нават у канцы існавання СССР людзі ставіліся да Знаку якасці з цынізмам і іроніяй.

«У Савецкім Саюзе было дзве катэгорыі тавараў. Тыя, якія ёсць у крамах, якія ў вольным доступе ляжаць і якія нікому не патрэбныя. І тавары, якія можна знайсці па блаце або купіць на рынку – пераважна імпартныя тавары. Так што быў там Знак якасці ці не быў, гэта ніяк не ўплывала на людзей», – расказаў ён, адзначыўшы, што Знак якасці дзеяў толькі на людзей, задураных прапагандай.

І пакуль афіцыйная прапаганда распавядае пра Год якасці, рэальнасць прарванымі трубаправодамі і цягнікамі ў агні паказвае, што з гэтым у Беларусі сур’ёзныя праблемы. Перадусім з дзяржаўнага ж боку.

Аўтобусы і цягнікі ў агні

За студзень у суседняй Расеі згарэлі адразу тры пасажырскія аўтобусы МАЗ беларускай вытворчасці. Пачаліся сёлетнія пажары яшчэ 3 студзеня. У гэты дзень у Санкт-Пецярбурзе ў аўтобусе МАЗ адбылося ўзгаранне адпрацаваных газаў. У гэты момант пасажыраў у салоне не было. Раніцай 22 студзеня сітуацыя паўтарылася. У тым жа Санкт-Пецярбурзе падчас руху загарэўся аўтобус, але гэтым разам у ім ехалі 15 асобаў. Загаранне пачалося з пярэдняй часткі аўтобуса.

24 студзеня МАЗ згарэў у цэнтры расейскага Іжэўску. У момант узгарання аўтобус ехаў на тэхагляд. Пасажыраў у салоне не было. Як мяркуецца, агонь успыхнуў у выніку кароткага замыкання на святлодыёдным лічбавым табло.

Узгаранне пасажырскага аўтобуса ў цэнтры Іжэўску, Расея. 24 студзеня 2024 года.
Фота: МЧС Удмуртии / Telegram

Беларускія аўтобусы актыўна гарэлі і раней. У 2022 годзе ў адным толькі Санкт-Пецярбурзе агонь знішчыў прынамсі шэсць аўтобусаў беларускай вытворчасці. Гарэлі яны і летась, у выніку іх нават адклікалі з паўночнай сталіцы РФ. Але і гэта не дапамагло.

Беларускую статыстыку згарэлай тэхнікі ўлады хаваюць. Аднак вядома, што летась аўтобусы гарэлі прынамсі на трасе Менск – Магілёў, у Слуцку і пад Дрыбінам.

Як мяркуецца, узгаранне беларускіх аўтобусаў (а таксама трамваяў) адбываецца ў выніку выкарыстання няякасных рухавікоў і скрыняў пасуванняў. Гэтую тэму ў 2023 годзе двойчы ўздымаў сам Лукашэнка, але падкрэсліваў: «Гэта добрыя, якасныя аўтобусы». А праблема – нібы ў людзях, якія ніколі не бачылі аўтобусаў і не ўмеюць іх абслугоўваць.

У самой Беларусі, у Мазыры, мясцовыя жыхары ў студзені скардзіліся на аўтапарк № 2 – нібы той пускае на рэйс няспраўны аўтобус. Паводле відавочцаў, аўтобус фактычна гарыць падчас руху, а ў кабіну ідзе чадны газ. «За гадзіну язды ў такім чадзе ты ўжо ідзеш дадому ў паўпрытомнасці з галаўным болем, усё адзенне смярдзіць невядома чым», – казалі мазыране.

Апроч таго, 14 студзеня падчас руху загарэўся электравік Менск – Пухавічы. Супольнасць чыгуначнікаў Беларусі адзначае, што прычынаю была няспраўнасць электрычнага абсталявання ў шафах, размешчаных у тамбуры. Пры гэтым апараты абароны ад кароткага замыкання і перагрузкі электрычных ланцугоў «не выканалі сваёй функцыі».

Мост абваліўся

Транспартныя праблемы працягваюць праблемы з інфраструктурай. Раніцай 8 студзеня ў Лідскім раёне, каля вёскі Тосіна, абрынуўся пралёт мосту цераз раку Нёман. Мост, як паведамляецца, не эксплуатаваўся. Аднак у выніку падзення пліты атрымалі траўмы двое чалавек, якія праводзілі дэмантаж збудавання, а ў вадзе апынуўся экскаватар з машыністам. Траіх пацярпелых даставілі ў Лідскую цэнтральную раённую больніцу. Спецыялісты дыягнаставалі ў іх траўмы рознай ступені цяжкасці, у тым ліку чэрапна-мазгавыя, пераломы, пашкоджанні ўнутраных органаў і грудной клеткі. Пачатая крымінальная справа паводле ч. 1 арт. 303 КК («Парушэнне правілаў бяспекі будаўнічых работаў»).

У Лідскім раёне абрынуўся пралёт неэксплуатаванага мосту цераз раку Нёман. 8 студзеня 2024 года.
Фота: belta.by

Здарэнне адбылося роўна праз два гады пасля таго, як 8 студзеня 2022 года абрынулася пешаходная частка пуцеправоду над вуліцаю Няміга ў Менску.

Без гарачай вады і з халоднымі батарэямі

Першы месяц Года якасці запомніўся яшчэ і камунальнымі аварыямі. Ужо 4 студзеня без гарачай вады і ацяплення застаўся цэнтр Рагачова – амаль 40 дамоў, школаў і адміністрацыйных будынкаў. Што важна: у гэтым жа месцы аналагічная аварыя здарылася ўсяго за месяц да таго – 30 лістапада.

А ў адным з раёнаў Менскай вобласці, нягледзячы на маразы, адна са школаў не ацяплялася некалькі дзён пасля аварыі на мясцовай кацельні. У выніку дзеці і настаўнікі вымушаныя былі сядзець на ўроках у куртках, а тэмпература ў класах складала ад +6 да +8 °С. Чыноўнікі не дазволілі адмяніць заняткі, каб «не парушаць навучальнага працэсу».

На нізкую тэмпературу ў дамах – 15 °С – скардзіліся жыхары Магілёва. Паўтара тыдня мерзлі ў кватэрах без гарачай вады і ацяплення жыхары вёскі Ганцавічы Барысаўскага раёну. Спробы ўладкаваць пытанне праз мясцовы выканкам не мелі плёну. Падобныя праблемы былі і ў Калінкавічах, і ў віцебскім мікрараёне Лучоса.

9 студзеня трубу халоднага водазабеспячэння прарвала ў Беразіне. Жыхары больш як сотні дамоў прыватнага сектару і пяці шматпавярховікаў былі вымушаныя насіць ваду вёдрамі з калонак і вадавозаў. На ліквідацыю аварыю сышлі больш як содні. Прычына прарыву – натуральны знос трубаправоду.

Для ліквідацыі дэфектаў трубаправоду і правядзення рамонтных работаў 10 студзеня адключалі ацяпленне і гарачую ваду ў менскай Малінаўцы і ў частцы Віцебску. Сітуацыя з адключэннем паўтарылася ў Віцебску (у іншай яго частцы) і на наступны дзень – 11 студзеня.

Аўта правалілася пад зямлю. Скрыншот з відэа: МЧС Витебск / YouTube

Увечары 25 студзеня аварыя трубаправоду адбылася ў менскім мікрараёне Уручча. Відавочцы публікавалі відэа сапраўднага фантану, што біў з-пад зямлі на вуліцы Астрашыцкай. У выніку без ацяплення засталося 18 шматкватэрных дамоў, два дзіцячыя садкі і школа. А ў Віцебску ж правалілася бетонная пліта цеплатрасы, прарвала трубу, а аўтамабіль, прыпаркаваны каля цеплатрасы, праваліўся пад зямлю. Наваколле зноў жа засталося без гарачай вады і ацяплення.

Уначы з 30 на 31 студзеня адбыліся камунальныя аварыі ў Менску, Мазыры і Калінкавіцкім раёне. У паселішчы Азарычы Калінкавіцкага раёну праз аварыю мерзлі жыхары дому-інтэрнату для людзей сталага веку і жыхары дзвюх цэнтральных вуліцаў. А мазырскія камунальныя службы так зацята рамантавалі цеплатрасу, што ў яму ажно зваліўся трактар, піша «Еўрарадыё».

Антысанітарная Беларусь

Часам няякаснай бывае і ежа. 9 студзеня ў менскай школе № 165 зарэгістравалі некалькі выпадкаў кішачнай інфекцыі, дзеці скардзіліся на галаўны боль і ваніты. Тыя, у каго выявілі сімптомы, былі змешчаныя ў больніцу на даабследаванне. У школе праверылі ўмовы прыгатавання і рэалізацыі харчавання, а таксама адабралі для лабараторных даследаванняў пробы гатовых страваў і вады. Акрамя таго, на кішачную групу інфекцыяў абследавалі персанал харчаблоку.

У сваю чаргу ў Расеі бранскія памежнікі ў студзені перахапілі пяць аўтамабіляў, што перавозілі мясную і малочную прадукцыю з Беларусі. Агульная маса грузаў склала каля 2,2 т. У перавознікаў адсутнічалі дакументы на грузы, у тым ліку ветэрынарныя, а само транспартаванне праводзілася з парушэннем санітарных нормаў, без захавання тэмпературных рэжымаў. Прадукцыю вярнулі ў Беларусь.

Парушэнне санітарных нормаў, як выявілася, ёсць нормай. Як паведаміла ў студзені Міністэрства аховы здароўя, у другім паўгоддзі 2023 года Дзяржсаннагляд выявіў больш як 12 тыс. парушэнняў ва ўстановах аховы здароўя.

Скорая медицинская помощь, 103, неотложная помощь, медпомощь, Минск, Беларусь
Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: Белсат

А ў Салігорску ў выніку «халатнага стаўлення і поўнай адсутнасці медычнай этыкі і дэанталогіі» пры родах нават пацярпела немаўля, якое з трэцяй ступенню дыхальнай нястачы, ацёкам мазгоў і кефалагематомай трапіла ў рэанімацыю. Каб разабрацца з сітуацыяй, у Цэнтральную раённую больніцу Салігорску нават скіроўвалі адмысловую камісію Міністэрства аховы здароўя.

Пажары на дзяржаўных прадпрыемствах

Не абышлося ў студзені і без здарэнняў на дзяржаўных прадпрыемствах. Гэтак, на аршанскім хлебазаводзе спынялі працу цэху. 17 студзеня на яго тэрыторыі адбыўся пажар. Прычынай было ўзгаранне ў вентыляцыйным корабе адной з пячэй. У той момант у памяшканні было 25 чалавек. Адзін з іх – 65-гадовы слесар – з апёкамі быў шпіталізаваны ў сярэднецяжкім стане.

20 студзеня згарэў будынак Менскага раённага цэнтру культуры ў вёсцы Пятрышкі Менскага раёну, а 14 студзеня – ферма ў вёсцы Горкі Старадарожскага раёну. Эвакуявалі 100 кароваў. У Нарачы ж 3 студзеня гарэла гаспадарчая пабудова на тэрыторыі школы.

А выпадак з будаўнічым прадпрыемствам з Бабруйску, што ўзяло больш як 40 тыс. рублёў з бюджэту на добраўпарадкаванне дарогі, але не выканала сваіх абавязкаў, хоць нават афіцыйна здало аб’ект у эксплуатацыю, паказвае, якая насамрэч сітуацыя ў Беларусі з якасцю. Часта яна ёсць толькі на паперы.

Самалёт «Белавіі» вярнуўся ў Менск адразу пасля ўзлёту

Раніцаю 31 студзеня самалёт «Белавіі», што ляцеў з Менску ў Маскву, адразу пасля ўзлёту вярнуўся ў менскі аэрапорт.

Паводле тэлеграм-каналу «Motolkohelp», на борце «Boeing 737-8ZM» (EW-457PA) было больш за 40 пасажыраў, а прычына развароту – самалёт не змог схаваць шасі. У выніку пасажыраў адправілі ў Маскву на іншым самалёце авіякампаніі праз 2,5 гадзіны.

Макар Мыш belsat.eu