Лукашэнка назваў новую версію, чаму загараюцца аўтобусы МАЗу


Аляксандр Лукашэнка агучыў новую версію ўзгаранняў беларускіх аўтобусаў МАЗу ў Санкт-Пецярбургу. Паводле яго, праблема ў людзях, якія ніколі не бачылі аўтобусаў і не ўмеюць іх абслугоўваць, заявіў ён на сустрэчы з губернатарам Краснаярскага краю Расеі Веньямінам Кандрацьевым.

Згарэлы 26 чэрвеня МАЗ у Санкт-Пецярбургу.
Фота: fontanka.ru

На сустрэчы Лукашэнка заявіў, што Беларусь можа пастаўляць у Расею пасажырскую тэхніку, але ён адзначыў, што для гэтага трэба арганізаваць своечасовае і якаснае абслугоўванне. Калі на месцы няма такой магчымасці, то беларускі бок гатовы дапамагчы – накіраваць сваіх спецыялістаў, арганізаваць падрыхтоўку кадраў у рэгіёне.

«Бо будзе як у Санкт-Пецярбургу. Пачалі разбірацца, задаю пытанне: а ў іншых рэгіёнах Расеі? У нас жа не гараць аўтобусы. У іншых рэгіёнах Расеі не гараць. А чаму ў Піцеры гараць? Бо нейкая прыватная кампанія, людзі, якія ніколі не бачылі аўтобусаў, узяла на сябе абслугоўванне. Што такое абслугоўванне, вы ведаеце: гэта трэба не толькі своечасова гайку закруціць, агляд перад выездам павінен быць увесь час. А ўсяго гэтага не было. Натуральна, недзе ўцечкі, працёкі і гэтак далей. Нешта недзе задымілася, у СМІ адразу: «Ах, загарэлася!», – кажа Лукашэнка.

Ён прапанаваў, каб пры неабходнасці абслугоўванне аўтобусаў праводзілі беларусы, «прычым за меншыя грошы».

Нагадаем: у пачатку жніўня кампанія «Пассажиравтотранс» заявіла пра спыненне выкарыстання 137 аўтобусаў вытворчасці Менскага аўтамабільнага заводу праз патэнцыйную магчымасць іх узгарання.

11 жніўня з гэтай нагоды выказаўся Аляксандр Лукашэнка, які адзначыў: паколькі беларускія аўтобусы папулярныя, то вытворца не паспявае задавальняць патрэбу ў іх. «Канкурэнты нас пачынаюць прыдушваць, спасылаючыся на пажар у аўтобусе ў Піцеры, яшчэ нешта… Цяпер дзяржаўная камісія працуе. Я накіраваў, каб разабраліся, у чым там пытанне. Жудасная канкурэнцыя, але мы яе вытрываем. Гэта добрыя, якасныя аўтобусы», – сказаў тады Лукашэнка.

Крыху больш як за год толькі ў Санкт-Пецярбургу згарэлі як мінімум шэсць аўтобусаў беларускай вытворчасці (тры з іх за чэрвень). На шчасце, абыходзілася без пацярпелых.

Hавiны
«МАЗы» вярнуліся на вуліцы Санкт-Пецярбургу
2023.08.17 10:31

Алена Рувіна belsat.eu

Стужка навінаў