Рэйс з агеньчыкам: чаму беларускія МАЗы ўсё часцей гараць?


Не па-зімоваму гарачай атрымалася паездка для пасажыраў аднаго са сталічных рэйсаў. Аўтобус МАЗ моцна задыміўся на прыпынку.

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

«Гэта добрыя, якасныя аўтобусы. Праўда, дзесьці гараць. А ў Беларусі, я спытаў, – у Беларусі не гараць», – казаў Лукашэнка сёлета.

Насамрэч – гараць. У кастрычніку падобны інцыдэнт адбыўся ў Наваполацку. Таксама за апошнія месяцы вядома пра ўзгаранні МАЗаў у Слуцку, Гомлі і Жодзіне. На Менскім аўтамабільным заводзе, куды мы патэлефанавалі, гэтай небяспечнай тэндэнцыі пракаментаваць не змаглі:

«Я такога не чула і не ведаю, дзе яшчэ што… Дзе яшчэ што гарэла… Ну а самалёты разбіваюцца, а цягнікі сыходзяць з рэек. Ну, не ведаю, ну бываюць выпадкі ў жыцці».

А вось Расея, Санкт-Пецярбург, 1-га снежня. Таксама гарыць беларускі МАЗ. Летась рэжым Лукашэнкі прадаў туды 900 аўтобусаў. Больш чым 130 з іх знялі з рэйсаў на пачатку жніўня праз рызыку ўзгарання. На фоне гэткіх інцыдэнтаў, зафіксаваных і ў іншых расейскіх гарадах, сам Лукашэнка неаднойчы спрабаваў апраўдацца.

Тое, што цяпер адбываецца з беларускімі аўтобусамі, – вынік заходніх санкцыяў, мяркуюць нашыя эксперты. Пад абмежаванні Еўразвязу МАЗ трапіў у 2021 годзе. У тым ліку за фінансавае падтрыманне рэпрэсіяў супраць беларусаў. А сёлета санкцыі ўвялі і Злучаныя Штаты.

«Раней узгаранняў не было ці было менш, цяпер іх стала больш. Што змянілася паміж раней і цяпер? Тое, што яны пачалі карыстацца камплектуючымі з Расеі, Кітая і яшчэ Бог ведае адкуль», – мяркуе спецыяліст у міжнародных эканамічных стасунках Алесь Чайчыц.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Аўтобусы МАЗ на прашпекце Незалежнасці. Менск, Беларусь, 26 чэрвеня 2021 года.
Фота: Белсат

Прынамсі, тады ж, у 2021-м, на МАЗе пачалі выкарыстоўваць рухавікі і скрыні пасуванняў, што выпускаюць рэзідэнты парку «Вялікі камень» – супольныя беларуска-кітайскія кампаніі.

«Справа не ў тым, што гэта кітайскія вытворцы. Ну, Кітай адпраўляе спадарожнікі ў космас. У Кітаі ёсць шмат кампаніяў, якія робяць прадукцыю на ўзроўні самых высокіх стандартаў. Справа не ў кітайцах як такавых, а ў тых кампаніях, якія выбраў МАЗ як пастаўшчыкоў на свой канвеер», – патлумачыў бізнесовец, вядоўца праграмы «Атма$фера» на «Белсаце» Аляксандр Кныровіч.

Пры гэтым у планах МАЗу – павялічыць аб’ёмы выпуску тых жа аўтобусаў, тралейбусаў і электробусаў амаль удвая, да 3000 тысячаў адзінак. Дзеля гэтага прадпрыемства ўжо пачало будаваць новы завод, што маюць увесці ў эксплуатацыю на пачатку 2025 года. Але калі сітуацыя з якасцю транспарту да таго часу не зменіцца, ці застануцца ў МАЗу рынкі збыту ўвогуле?

«МАЗ як аўтобусная вытворчасць не мае ніякіх перспектываў нідзе за межамі Расеі. І ў самой Расеі ён займае 4% рынку, здаецца, у сярэднім у месяц прадае 100 аўтобусаў. І гэта ўсё не камерцыйныя продажы. З пункту гледжання эфектыўнасці расейскі пакупнік выбірае тую ж самую расейскую вытворчасць», – адзначыў Аляксандр Кныровіч.

Тыя ж расейскія медыі паведамляюць аб праблемах з якасцю прадукцыі яшчэ аднаго падсанкцыйнага прадпрыемства – «Белкамунмашу». Днямі ў Екацярынбурзе ў некалькіх беларускіх тралейбусах падчас руху адваліліся гэтак званыя рогі.

Ірына Юрʼева, «Белсат»