Украінскія вайскоўцы пакідаюць Дэбальцава


Украінскі тэлеканал «Hromadske.tv» паведамляе пра адступленне ўкраінскіх жаўнераў. «Шмат хто выходзіць з гораду пешшу – ужо на трасе на Арцёмаўск іх падбіраюць украінскія падраздзяленні», – паведамляе журналістка тэлеканалу, якая знаходзіцца на месцы падзеяў.

«Hromadske.tv» сцвярджае, што «усе часткі прарываліся з боем, разведка прабіла дарогу». З гэтага вынікае, што Кіеў не пайшоў на пагадненне з баевікамі, якія абяцалі «зялёны калідор», калі ўкраінцы пакінуць зброю і адступяць.

Тым часам Рада Нацыянальнай бяспекі Украіны пацвердзіла, што вялікая група вайскоўцаў здалася ў палон баевікам. Вядзецца пра 70 байцоў батальёну «Крыўбас», якая трапіла ў засаду. «Пасля інтэнсіўнай перастрэлкі ў байцоў скончыліся патроны і ім давялося здацца ў палон», – паведаміў прэс-сакратар АТА Андрэй Лысенка.

Раней баевікі заклікалі ўкраінскіх вайскоўцаў, што трапілі ў акружэнне ў Дэбальцава, здавацца, А ўчора Уладзімір Пуцін фактычна паўтарыў патрабаванні тэрарыстаў. «Спадзяюся, украінскае кіраўніцтва не будзе перашкаджаць ваеннаслужачым украінскага войска складаць зброю, калі яны самі не ў стане прыняць гэтае адказнае рашэнне і аддаць такі загад», – заявіў Уладзімір Пуцін падчас выступу ў Будапешце.

МЛ, belsat.eu

Фота Hromadske.tv

Стужка навінаў