Палкоўнік КДБ замест сына Андрэйчанкі. Галоўныя падзеі ў малюнках


Мастак Дэ Лёс разам з «Белсатам» сочыць за галоўнымі падзеямі, якія ўплываюць на жыццё беларусаў ці выклікаюць шырокі рэзананс у грамадстве.

А ці здагадаецеся без нашых падказак, пра што ідзецца ў малюнках?

КДБ + МТС

Палкоўнік Камітэту дзяржаўнай бяспекі Уладзімір Козыр прызначаны на пасаду генеральнага дырэктара беларускага мабільнага аператара МТС.

Козыр у 2020 годзе быў прызначаны начальнікам упраўлення КДБ Менску і Менскай вобласці, да таго ўзначальваў аператыўна-пошукавае ўпраўленне КДБ.

Малюнак: Дэ Лёс / Белсат

Раней МТС узначальваў Уладзіслаў Андрэйчанка – сын былога старшыні Палаты прадстаўнікоў Уладзіміра Андрэйчанкі. Прычынаў ягонага сыходу з пасады не называлі. Але цікава, што і Андрэйчанка старэйшы і малодшы практычна адначасова пазбавіліся працы.

Іран-Ізраіль 1:2

У ноч з 13 на 14 красавіка Іран атакаваў Ізраіль мноствам дронаў і ракет. Нагодай стала атака Ізраілю па консульству Ірану ў Сірыі.

Малюнак: Дэ Лёс / Белсат

Ізраіль у ноч на 19 красавіка нанёс удар па аб’ектах на тэрыторыі Ірану. Удар меў абмежаваны характар.

Усе працягваюць гадаць, ці будзе вялікая вайна на Блізкім Усходзе.

Народныя «Nizkiz»

Трох музыкаў гурта «Nizkiz» – Аляксандра Ільіна, Сяргея Кульшу і Дзмітрыя Халяўкіна – асудзілі да «хатняй хіміі» і вызвалілі ў судовай зале.

Малюнак: Дэ Лёс / Белсат

Музыкаў пакаралі паводле арт. 342 КК РБ «Арганізацыя і рыхтаванне дзеянняў, што груба парушаюць грамадскі парадак» да 2,5 года абмежавання волі без скіравання ў папраўчую ўстанову. Гэты артыкул называюць народным, паводле яго судзяць за ўдзел у мірных акцыях пратэсту.

Гераіня ці турыстка?

Малюнак: Дэ Лёс / Белсат

Пасля вяртання з космасу Аляксандр Лукашэнка прысвоіў Марыне Васілеўскай званне Героя Беларусі. У медыях ужо другі тыдзень спрачаюцца: Васілеўская выканала сапраўды важную касмічную місію ці паўдзельнічала ў палёце ў космас у якасці турысткі.

Усе На Старт

Малюнак: Дэ Лёс / Белсат

Склад удзельнікаў Усебеларускага народнага сходу сфармаваны – у ім возьмуць удзел 1162 асобы. Вось тут мы падрабязна разбіраем, чаму сёлета УНС надаюць столькі ўвагі і чым ён адрозніваецца ад палітычных імпрэзаў мінулых гадоў.

Дэ Лёс belsat.eu

Стужка навінаў