У Беларусі фармуецца УНС. Топ-7 простых пытанняў пра новы дзяржаўны орган


ЦВК Беларусі падвядзе вынікі «выбараў» дэлегатаў Усебеларускага народнага сходу 16 красавіка. Першае паседжанне УНС павінна прайсці 24–25 красавіка. «Белсат» падрыхтаваў адказы на простыя пытанні пра УНС, каб разабрацца, чаму да гэтага органу раптам узнікла шмат увагі, ці можа ён зрабіцца важнейшым за прэзідэнта і чаму выбарамі фармаванне УНС назваць складана.

«Усебеларускі народны сход»
Архіўнае фота. VI Усебеларускі народны сход. Менск, Беларусь. 10 лютага 2021 года.
Фота: president.gov.by

1. Што такое УНС?

Усебеларускі народны сход праходзіць у Беларусі з 1996 года. Усяго іх было шэсць. Апошні – у лютым 2021 года.

У Канстытуцыі рэдакцыі 2022 года зʼявілася расплывістае, але гучнае вызначэнне УНС. Гэта «найвышэйшы прадстаўнічы орган народаўладдзя Рэспублікі Беларусь, які вызначае стратэгічныя кірункі развіцця грамадства і дзяржавы, забяспечвае непахіснасць канстытуцыйнага ладу, пераемнасць пакаленняў і грамадзянскую згоду».

У 2021 годзе УНС выглядаў як нагода для чарговага маштабнага выступу Аляксандра Лукашэнкі, з якім усе пагаджаюцца. Былі толькі невялікія спробы нават не дэлегатаў, а гасцей УНС прасунуць свае ідэі, напрыклад, з бізнес-асяроддзя.

2. Чым цяперашні УНС будзе адрознівацца ад папярэдніх?

Да 2021 года, здаецца, самі ўлады Беларусі асабліва не заўважалі УНС. Аднак усё змянілі выбары 2020 года. Тады Лукашэнка заявіў, што больш не будзе абірацца прэзідэнтам, і паабяцаў Крамлю канстытуцыйную рэформу. Невядома, якія планы ў Лукашэнкі былі насамрэч. Аднак калі ён думаў, што агучаны ім сцэнар можа быць рэальным, то ажывіць УНС для яго было якраз дарэчы.

Так і здарылася. У 2022 годзе Лукашэнка перапісаў Канстытуцыю, у якой зʼявіліся і артыкулы пра УНС. Сход зрабіўся «канстытуцыйным органам».

У 2024 годзе УНС збярэцца ўжо з вельмі шырокімі паўнамоцтвамі, прапісанымі ў Канстытуцыі.

Аб’ектыў
Цень Канстытуцыі: што засталося ад асноўнага закону Беларусі пасля 1994 года
2024.03.15 19:31

3. Якія паўнамоцтвы мае УНС?

Пасля змены Канстытуцыі УНС атрымаў шэраг важных функцыяў, што дазваляюць органу фактычна кіраваць краінаю. Напрыклад, Усебеларускі народны сход можа зняць з пасады прэзідэнта Беларусі. УНС мае права разглядаць пытанне аб легітымнасці выбараў, ініцыяваць змяненне Канстытуцыі, можа ўводзіць надзвычайнае або ваеннае становішча ў Беларусі, прызначаць рэферэндумы ды накіроўваць вайскоўцаў за межы краіны.

Апрача таго, УНС зацвярджае асноўныя кірункі ўнутранай і замежнай палітыкі, ваенную дактрыну, канцэпцыю нацыянальнай бяспекі ды праграмы сацыяльна-эканамічнага развіцця; заслухоўвае прэмʼер-міністра аб выкананні праграмаў сацыяльна-эканамічнага развіцця і іншае.

«Рашэнні Усебеларускага народнага сходу абавязковыя для выканання і могуць адмяняць прававыя акты, іншыя рашэнні дзяржаўных органаў і службовых асобаў, якія супярэчаць інтарэсам нацыянальнай бяспекі, за выключэннем актаў судовых органаў», – гаворыцца ў Канстытуцыі.

Фактычна гэта тыя рэчы, якія цяпер кантралююць Лукашэнка, ягоная адміністрацыя і найбольш набліжаныя чыноўнікі. Калі б абяцанні 2020 года давялося выконваць, то захаваць крэсла кіраўніка УНС з такімі шырокімі паўнамоцтвамі было б для Лукашэнкі нядрэнным сцэнаром. Ён і быццам бы сышоў на пенсію, і меў бы шанцы на захаванне ўлады.

Скрыншоты з жывой трансляцыі VI Усебеларускага народнага сходу. 11 лютага 2021 года.
Крыніца: tvr.by

4. Хто важнейшы: прэзідэнт або кіраўнік УНС?

Усебеларускім народным сходам цяпер кіруе Лукашэнка, адпаведна, ніякага канфлікту ва ўладзе няма – усё кантралюе адзін чалавек.

Аднак УНС можа адмяняць прававыя акты службовых асобаў (выходзіць, і прэзідэнцкія ўказы), а таксама адхіляць ад пасады прэзідэнта. Праўда, каб звольніць кагосьці з гэтай пасады, патрэбны шэраг умоваў:

  • прэзідэнт можа быць зняты з пасады Усебеларускім народным сходам у выпадку сістэматычнага або грубага парушэння Канстытуцыі або здзяйснення дзяржаўнай здрады ці іншага цяжкага злачынства;
  • прапанова аб зняцці прэзідэнта з пасады ўносіцца Усебеларускаму народнаму сходу з ініцыятывы не менш як адной траціны ад поўнага складу Палаты прадстаўнікоў або не менш як 150 тысячаў грамадзянаў Беларусі з выбарчым правам;
  • павінна быць рашэнне Канстытуцыйнага Суда аб наяўнасці фактаў сістэматычнага або грубага парушэння прэзідэнтам Канстытуцыі ў выпадку, калі прэзідэнт абвінавачваецца ў такім парушэнні Канстытуцыі;
  • рашэнне УНС аб зняцці прэзідэнта лічыцца прынятым, калі за яго прагаласавала большасць ад поўнага складу Усебеларускага народнага сходу.

Калі чытаць тое, што напісана ў Канстытуцыі, то кіраўнік УНС не можа сам праз сябе быць важнейшым за прэзідэнта. Аднак калі ўлічваць беларускія рэаліі (дэлегатаў УНС фактычна прызначае рэжым, і спрачацца з кіраўніком УНС у асобе Лукашэнкі яны не ў стане), то ўмоўны іншы прэзідэнт мог бы аказацца ў падначаленні ў кіраўніка УНС.

А калі пасаду кіраўніка УНС зойме не Лукашэнка, ці ўдасца новаму чалавеку кантраляваць усіх тых, каго старанна адбіралі ва УНС пад Лукашэнку?

Абноўлена
Лукашэнка парушыў Закон аб Усебеларускім народным сходзе?
2024.02.02 13:51

5. Хто ўваходзіць ва УНС, акрамя Лукашэнкі?

Максімальны склад УНС – 1200 чалавек.

Дэлегатамі Усебеларускага народнага сходу могуць быць:

  • прэзідэнт Беларусі;
  • былы прэзідэнт Беларусі, прычым нават калі была ягоная датэрміновая адстаўка;
  • прадстаўнікі заканадаўчай, выканаўчай і судовай улады;
  • прадстаўнікі мясцовых Саветаў дэпутатаў;
  • прадстаўнікі грамадзянскай супольнасці.

Апошнія дзве групы павінны абірацца ад кожнай вобласці і Менску.

Склад мог бы выглядаць не так дрэнна, калі б не вызначаныя квоты і сістэма вылучэння ва УНС.

6. Як трапіць ва УНС?

З 1 да 10 красавіка прайшлі «выбары» ва УНС. Займаецца ўсім ЦВК.

У кастрычніку 2022 года кіраўнік «Белай Русі» Алег Раманаў распавёў, як «простаму беларусу трапіць на УНС». Мяркуючы з ягоных адказаў і таго, што цяпер расказвае кіраўнік ЦВК Ігар Карпенка, то ніяк.

«1/3 дэлегатаў – гэта тыя людзі, якія ўваходзяць паводле пасады, у тым ліку абраныя дэпутаты Палаты прадстаўнікоў і чальцы Савету Рэспублікі восьмага склікання», – заявіў Карпенка. Гэта значыць, як раней сказаў Раманаў, гэтая траціна – дзяржслужбоўцы, «якія займаюць высокія пасады ў сістэме дзяржаўнай улады».

Яшчэ частка – мясцовыя Саветы дэпутатаў. Для кожнай вобласці ЦВК размеркавала квоты.

«Пры гэтым трэба разумець, што ўсе 60 дэпутатаў Менскага гарадскога Савету дэпутатаў будуць аўтаматычна дэлегатамі Усебеларускага народнага сходу», – растлумачыў Карпенка.

Таксама прадугледжаныя квоты для трэцяй часткі дэлегатаў – па 80 прадстаўнікоў ад пяці «субʼектаў грамадзянскай супольнасці».

Квоты атрымалі «Белая Русь», Беларускае грамадскае абʼяднанне ветэранаў, Беларускі саюз жанчын, Беларускі рэспубліканскі саюз моладзі і Федэрацыя прафсаюзаў Беларусі.

Выходзіць, ніякі «просты беларус», няхай гэта нават прыхільнік Лукашэнкі, ва УНС трапіць не можа.

УНС фармуецца на пяць гадоў.

7. Ці можа змяніцца кіраўнік УНС?

Старшыню УНС будуць выбіраць на першым паседжанні 25 красавіка. Тэарэтычна выбраць новага кіраўніка могуць. Аднак для гэтага Лукашэнка павінен дазволіць усім падкантрольным яму чыноўнікам і прадстаўнікам праўладных абʼяднанняў выбраць таго, хто ўзначаліць структуру, здольную адхіліць ад улады самога Лукашэнку.

Аналітыка
Выбары ва УНС: як у Беларусі кулуарна ствараюць «калектыўнага Лукашэнку»
2024.03.14 06:00

Арсен Рудэнка belsat.eu

Стужка навінаў