Палітык Зянон Пазняк наведаў Бахмут – самую гарачую кропку на фронце ва Украіне – і сустрэўся з ваярамі палка Каліноўскага. У сацсетках прыняліся жартаваць з гэтай нагоды і гадаць, навошта ён туды паехаў. Паводле адной з версіяў – каб у хаўрусе з добраахвотнікамі стварыць новы палітычны рух. «Белсат» спытаў пра гэта намесніка камандзіра палка Каліноўскага Вадзіма Кабанчука і палітолага Валера Карбалевіча.
«Бахмут ладно… Пусть попробует в Брест съездить», – жартуюць у Twitter і цікавяцца, ці ёсць у штабе палка Каліноўскага факс для камунікацыі з Зянонам Пазняком. (Гэты сродак сувязі палітык актыўна выкарыстоўваў пасля эміграцыі, дасылаючы лісты паплечнікам ды ў рэдакцыі медыяў.) Захапленне выклікаў і плашч, у якім Пазняка сфатаграфавалі ў Бахмуце.
Гэтыя здымкі 30 студзеня полк Каліноўскага запосціў у сваім Telegram-канале. Намеснік камандзіра палка Вадзім Кабанчук распавёў «Белсату», што сустрэча палітыка з ваярамі планавалася яшчэ летась.
«Частка нашых хлопцаў вельмі хацела з ім паразмаўляць, пазнаёміцца. Зараз толькі атрымалася прыехаць. Мяркую, і самому Зянону Станіслававічу было цікава паглядзець сітуацыю ў нашым фармаванні. Ён пабыў багата дзе, нават на баявых пазіцыях. І гэта ж пэўны сімвалізм, калі ў самую гарачую кропку фронту прыязджае беларускі палітык такога ўзроўню».
Кабанчук прызнаецца, што скептычна ставіўся да гэтага візіту, але падчас гутаркі Пазняка з ваярамі стала відавочная ўзаемная зацікаўленасць: «Не было ніякага фальшу».
«Пытанні задавалі і гістарычныя, пра тыя часы, калі некаторыя нашыя байцы нават не нарадзіліся, пра 90-е, запачаткаванне незалежнасці Беларусі. Таксама былі пытанні пра цяперашняе палітычнае жыццё, пра ягонае стаўленне да пэўных структураў ці палітыкаў», – распавёў суразмоўца «Белсату».
Ён нагадаў, што раней рух Пазняка «Вольная Беларусь» перадаў ваярам дрон, а гэтым разам палітык прывёз «кніжкі з аўтографамі».
Вадзім Кабанчук сцвярджае, што кіраўніцтва палка не абмяркоўвала з Зянонам Пазняком стварэнне нейкай аб’яднанай палітычнай структуры. Кажа, пакуль не да гэтага.
«Фактычна супраца з ім ужо ідзе, але б я не сказаў, што гэта такі палітычны ўзровень. Мы ваюем ва Украіне, мы – частка ЗСУ. Для нас пакуль палітычны складнік недзе там, нават не на другім – не ведаю, на якім месцы. Найперш у нас пытанні функцыянавання нашага фармавання, здабыча новых магчымасцяў для разбудовы вайсковай адзінкі. Усе палітычныя сілы, што ў гэтым дапамагаюць, мы вітаем, лічым сваімі хаўруснікамі».
Кабанчук заўважыў: «Тых рухаў ужо хопіць ствараць. Навошта нам пладзіць нейкія абрэвіятуры?» Пры гэтым ён заявіў, што ва Украіне мусіць з’явіцца нейкі палітычны ці вайскова-палітычны суб’ект, які будзе спрыяць развіццю палка і ягонаму забеспячэнню.
«Мы разумеем, што тымі сіламі, што мы маем зараз, цяжка будзе ўплываць на сітуацыю ў Беларусі. У гэтым кірунку мы працу праводзім, але пакуль рана казаць, што гэта будзе нейкі новы рух».
Палітолаг Валер Карбалевіч у каментары «Белсату» адзначыў, што хаўрус палка Каліноўскага з Пазняком – лагічны і зразумелы. Паводле ягонага меркавання, і кіраўніцтва ваяроў, і палітык канкуруюць з камандай абранай прэзідэнткі Святланы Ціханоўскай, на гэтым тле акурат можа атрымацца альянс, хай сабе і сімвалічны.
«Сёння мы назіраем узмацненне канкурэнцыі за ролю асноўных цэнтраў беларускай апазіцыйнай эміграцыі. І сам полк Каліноўскага прэтэндуе на палітычную ролю, і каманда Пазняка рэзка аспрэчвае ролю Ціханоўскай, лічыць яе расейскім праектам. Цалкам зразумела, калі гэтыя цэнтры, якія супрацьстаяць Ціханоўскай, спрабуюць аб’яднацца».
Карбалевіч пры гэтым не верыць, што полк Каліноўскага пасля магчымага аб’ядання з Пазняком пойдзе вызваляць Беларусь. Цалкам размовы пра тое, што добраахвотнікі «зрынуць рэжым», палітолаг называе фантазіямі ды ўтопіяй.
«Полк – фармаванне ЗСУ, ён падпарадкоўваецца вайсковаму і палітычнаму кіраўніцтву Украіны. І таму без іхнага дазволу полк нікуды ў прынцыпе пайсці не можа. А ўявіць сабе, што паводле загаду кіраўніцтва Украіны полк пойдзе вайною на Беларусь, – гэта можна будзе назваць вайною Украіны супраць Беларусі з усімі наступствамі, у тым ліку і для міжнароднай рэпутацыі Украіны».
Суразмоўца «Белсату» заўважыў, што адначасова пагроза каліноўцамі пужае Аляксандра Лукашэнку, які не раз пра гэта згадваў.
«У страха вочы вялізныя, гэтыя пужалкі ў пэўным сэнсе працуюць, працуюць і ў плане ўзмацнення рэпрэсіяў: колькасць асобаў, абвешчаных «тэрарыстамі-экстрэмістамі», павялічваецца, і ў пэўным сэнсе гэта звязана са страхамі, што вось-вось пачнецца наступ палка Каліноўскага, таму трэба нейтралізаваць «пятую калону» ўнутры краіны», – мяркуе Карбалевіч.
Валер Карбалевіч не сумняваецца, што паездка Пазняка на фронт – піяр-акцыя, спроба палепшыць імідж і ўзмацніць свае палітычныя пазіцыі. І ў гэтым няма нічога дзіўнага.
«Паездка ва Украіну сёння – станоўчы вобраз для любога палітыка, які выступае з пазіцыі дэмакратыі, абароны правоў асобы, супраць расейскіх імперскіх замашак. Зянон Пазняк – у гэтым трэндзе. Ён таксама захацеў паехаць і прадэманстраваць падтрымку беларускім добраахвотнікам».
Аналітык звярнуў увагу, што гэтак жа робяць заходнія палітыкі, якія часта прыязджаюць у Кіеў і дэманструюць сваім выбарнікам падтрыманне Украіны.
Сяргей Крот belsat.eu