Сітуацыя ва Украіне: поўная ініцыятыва расейцаў на ўсходзе краіны


«Белсат» падводзіць вынікі 800-х содняў поўнамаштабнай вайны, распачатай Расеяй ва Украіне. Пра галоўныя падзеі на вечар 3 траўня чытайце ў нашым аглядзе.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Акцыя «Не маўчы. Палон забівае» у падтрымку палонных абаронцаў «Азоўсталі», усіх палонных і зніклых без вестак у Кіеве, Украіна. 14 красавіка 2024 года.
Фота: Уладзіслаў Максіменка / Белсат

Купянскі і ліманскі кірункі (усходняя частка Харкаўскай вобласці, захад Луганскай і поўнач Данецкай)

У Генеральным штабе Збройных сілаў Украіны паведамілі пра адбіццё 12 атак праціўніка ў ваколіцах Новаягораўкі, Сынькоўкі, Петрапаўлаўкі, Кіслоўкі і Бераставога ў Харкаўскай вобласці, а таксама каля Стэльмахаўкі ў Луганскай.

Тым часам аналітыкі праекту «Deepstate» адзначаюць, што на купянскім кірунку расейскія вайскоўцы цягам апошніх содняў прасунуліся ў сяле Катляроўка, якое з поўначы мяжуе з Кіслоўкаю. Такім чынам цяпер расейцы прынамсі часткова кантралююць абодва паселішчы.

На суседнім, ліманскім кірунку, паводле Генеральнага штабу ЗСУ, расейцы не менш за 15 разоў атакавалі каля Грэкаўкі, Неўскага і на тэрыторыі Серабранскага лясніцтва ў Луганскай вобласці, а таксама на гэтак званым торскім выступе на поўначы Данецкай вобласці ў ваколіцах Цярнова, Ямпалаўкі і Торскага, але паўсюль не дасягнулі поспеху.

Між тым праўкраінскі тэлеграм-канал «Говорять Снайпер» піша, што расейцы ў выніку штурмавых дзеянняў занялі дзве пазіцыі паблізу Ямпалаўкі. Пры гэтым крыніца адзначае, што войскі РФ маюць істотную перавагу ў жывой сіле на ўсім участку фронту з усходу ад ракі Жэрэбец.

Бахмуцкі кірунак (лінія фронту на поўначы Данецкай вобласці, а таксама ў Луганскай з поўдня ад ракі Сівэрскі Данец)

На бахмуцкім кірунку Узброеныя сілы РФ наступаюць каля Белагораўкі, Верхнякаменскага, Раздолаўкі, Выемкі, Спірнага, Іванаўскага, Клішчыеўкі, а таксама ў ваколіцах Часавага Яру.

Прарасейскі тэлеграм-канал «Рыбарь» сцвярджае, што на апошнім участку баі ідуць у горадзе – у мікрараёне з усходу ад каналу Сівэрскі Данец, Данбас, і з поўдня ад яго ва ўрочышчы Ступкі-Галубоўскія – 2, адкуль плануецца паралельны абыход Часавага Яру.

Расейскі ваенкар Сямён Пегаў гаворыць, што войскі РФ паступова атачаюць горад з паўночнага ўсходу, але пакуль ЗСУ ўдаецца кантраляваць сітуацыю за кошт увядзення рэзерваў.

Украінскія вайскоўцы ў сваім тэлеграм-канале «Бахмутський Демон» пішуць, што праціўнік сапраўды паступова заходзіць у Часаў Яр, але пры гэтым нясе істотныя страты ў жывой сіле.

«Говорять Снайпер» адзначае, што асноўныя страты расейцы нясуць ад FPV-дронаў, за кошт якіх сілы абароны Украіны намагаюцца скампенсаваць нястачу у артылерыйскіх снарадах.

Аўдзееўскі і навапаўлаўскі кірункі (на поўначы, захадзе і паўднёвым захадзе ад Данецку)

Разам з тым найбольшая інтэнсіўнасць баявых дзеянняў па-ранейшаму лакалізуецца на аўдзееўскім кірунку, дзе Узброеныя сілы РФ наступаюць па ўсёй лініі сутыкнення.

Украінскае камандаванне піша пра 50 безвыніковых атак праціўніка за содні ў ваколіцах Архангельскага, Сокала, Сямёнаўкі, Новааляксандраўка, Новапакроўскага, Уманскага, Калінавага, Яснабродаўкі, Нэтайлава і Первамайскага.

Між тым у «Deepstate» фіксуюць прасоўванні расейцаў каля Ачэрэтына (паўднёвы фланг аўдзееўскага кірунку).

«Рыбарь» сцвярджае, што таксама войскі РФ прасунуліся на паўкіламетра з ваколіцаў суседняга Салаўёва ў бок Сокала.

У Міністэрстве абароны РФ заявілі, што ЗСУ 10 разоў контратакавалі каля Новакалінавага, Кераміку, Ачэрэтына, Салаўёва і Нэтайлава, але поспеху не дасягнулі.

На навапаўлаўскім кірунку фіксуюцца няўдалыя атакі войскаў РФ на тэрыторыі гораду Краснагораўка і каля сяла Касцянтынаўка.

Праўкраінскі тэлеграм-канал «Офіцер» піша, што на іншых участках расейцы не могуць завязаць баёў, бо ў паветры дамінуюць FPV-дроны ЗСУ, пры дапамозе якіх знішчаецца ўся цяжкая тэхніка. Паводле крыніцы, у такой сітуацыі войскі РФ былі вымушаныя адцягнуць танкі і БМП на адлегласць 10–15 кіламетраў ад лініі сутыкнення і цяпер спрабуюць наступаць у асноўным сіламі пяхоты.

Бярдзянскі, арэхаўскі і херсонскі кірункі (захад Данецкай, а таксама Запарожская і Херсонская вобласці)

На бярдзянскім кірунку расейцы атакуюць на гэтак званым урэмаўскім выступе (на мяжы Данецкай і Запарожскай вобласцяў) каля Уражайнага і Старамаёрскага.

«Рыбарь» піша, што ва Уражайным УС РФ прасунуліся на некалькі сотняў метраў і занялі тэрыторыю былой фермы і ангары для сельскагаспадарчай тэхнікі. Гэтыя пазіцыі месцяцца на ўзгорку, таму кантроль над імі дазволіць у далейшым развіць поспех на астатнюю частку сяла і суседняе Старамаёрскае, а таксама выпрастаць фронт на ўсход па рубяжы Уражайнае – Новаданецкае.

Адзначаецца, што поспеху на поўдні Уражайнага папярэднічалі масаваныя ўдары авіяцыі і артылерыі РФ, якія знішчылі пазіцыі ды агнявыя пункты сілаў абароны Украіны.

Нагадаем: абодва паселішчы былі вызваленыя ЗСУ падчас леташняга контрнаступу.

У цэнтральнай частцы Запарожскай вобласці ідуць сустрэчныя баі на выступе па фронце паміж сёламі Вэрбовае і Работына (з поўдня ад гораду Арэхаў), але пакуль лінія сутыкнення застаецца нязменная.

У Херсонскай вобласці расейцы прынамсі восем разоў атакавалі на левым беразе Дняпра, імкнучыся выбіць ЗСУ з займаных плацдармаў, але поспеху не дасягнулі.

На іншых участках фронту адзначаюцца лакальныя пазіцыйныя баі, а таксама артылерыйскія абстрэлы ўздоўж лініі сутыкнення.

Ва ўмовах актыўных баявых дзеянняў журналісты не маюць магчымасці аператыўна правяраць афіцыйныя паведамленні ўдзельнікаў вайны.

Наталля Кулыгіна belsat.eu 

Стужка навінаў