Аляксандр Класкоўскі: Пуцін прынізіў статус паездкі Лукашэнкі ў Маскву


Братэрская любоў, глыбокае сяброўства, а можа, банальная нястача грошай? Чаго шукае Аляксандр Лукашэнка ў Маскве? І на лётнішчы не сустрэлі, і змусілі чакаць пад крамлёўскаю брамаю… Ну, хоць пабываў на юбілеі патрыярха Кірыла.

Перад візітам у Белакаменную Лукашэнка правёў прэсаваю канферэнцыю для расейскіх журналістаў. Напярэдадні загаварыў пра неабходнасць менскага працэсу – на ўзор хельсінкскага. Кіраўнік Беларусі раптам кажа, што хоча займацца справамі міратворства, каб потым не было як ва Украіне. Што гэта – страхі ці нейкія спрытныя крокі Лукашэнкі?

Палітычны аглядальнік Аляксандр Класкоўскі заўважыў, што Уладзімір Пуцін прынізіў статус паездкі Лукашэнкі ў Маскву.

«Беларускія афіцыйныя крыніцы падавалі, што нібыта будуць паўнавартасныя перамовы, а Пуцін казаў: «Добра, што вы прыехалі, падтрымалі маю ідэю разам павіншаваць патрыярха Кірыла з юбілеем». То бок атрымліваецца, што ўвогуле ніякага афіцыйнага візіту няма, а ёсць зусім іншая нагода. І невыпадкова спачатку ў храме Хрыста Збаўцы пабывалі абодва лідары і толькі ўвечары нейкая размова. І гэта расейскі кіраўнік падае, што гэта мы, маўляў, нібыта між іншым – сабраліся на віншаванне, то давайце нейкія палітычныя, эканамічныя пытанні абмяркуем. То бок паставілі на месца беларускага госця і паказалі, што гэта ў парадку дня Крамля недзе далёка-далёка не ў самым версе спісу», – падкрэсліў палітычны аглядальнік.

Ён звярнуў увагу, што нядаўна Беларусь наведаў расейскі прэмʼер Дзмітрый Мядзведзеў, які доўга нешта абмяркоўваў з Лукашэнкам, але дагэтуль пра вынікі перамоваў нічога невядома. «У мяне закрадаецца падазрэнне, што і па выніках сённяшніх перамоваў нічога істотнага мы не даведаемся. І гэта будзе азначаць, што бакі так і не паразумеліся», – мяркуе Аляксандр Класкоўскі.

Папярэдні нафтагазавы канфлікт, падаецца, вырашылі на ўзроўні ўрадаў: цана на газ застаецца ранейшай, Менску давядзецца недаплату аплаціць, але за гэта Менск атрымае з Масквы міжбюджэтную кампенсацыю. Расейскі віцэ-прэмʼер Аляксандр Дварковіч, аднак, заўважыў, што дзеля гэтай кампенсацыі Менску трэба падпісаць з Масквой некалькі звязаных між сабой пагадненняў.

«Вось гэта той выпадак, калі чорт хаваецца ў дэталях, то бок версіі такія, што могуць прымусіць беларускі бок, напрыклад, экспартаваць праз расейскія парты нафтапрадукты, строга пэўную колькасць нафтапрадуктаў прадаваць у Расею, хоць гэта эканамічна нявыгадна. Ну, і могуць быць зусім ужо патаемныя нейкія дамовы, напрыклад, вярнуцца зноў да пытання, каб была расейская авіябаза ў Беларусі. Калі сёння будуць толькі агульныя «тра-ля-ля» пра абʼём таваразвароту, (як цяпер ідзе з Масквы навінная інфармацыя), нічога не будзе істотнага, што дамовіліся пра кампенсацыі па газе і гэтак далей, то гэта будзе азначаць, што беларускі бок не хоча ісці на вось гэтыя пакетныя ўмовы Крамля. То бок атрымліваецца, як у класічным савецкім сатырычным рамане, што за кожны скормлены вітамін беларускаму партнёру будуць выстаўляць рахунак і патрабаваць мноства вельмі дыскамфортных паслуг, відаць», – мяркуе адмысловец.

Больш – у відэаматэряле.

МЯ, belsat.eu