Газавы кампраміс ці патавая сітуацыя? Менск з Масквой не могуць дамовіцца


Нафтагазавая спрэчка Расеі і Беларусі скончаная. Менск выплаціць «Газпрому» 300-мільённую запазычанасць і верне павышаныя тарыфы на транзіт расейскае нафты на стары ўзровень. А ўзамен атрымае своеасаблівую зніжку на газ.

Кампраміс, які быў зняпраўджаны ў дзень свайго абвяшчэння, пакідае процьму пытанняў пра будучыню беларуска-расейскіх дачыненняў.

Здавалася б, што дзёрзкі крок на пачатку году, калі Менск сам усталяваў справядлівы, у беларускім разуменні, кошт на газпрамаўскі газ – спрацаваў. Масква будзе даплачваць свайму газаваму манапалісту каля мільярда долараў на год у межах кампенсацыі за зніжку для нашае краіны.

«Я так разумею, што чарговыя баталіі скончыліся і нам удалося выйсці на падпісанне адпаведнага дакументу і праблемныя пытанні, ну прынамсі на ўчорашні дзень былі знятыя», – заявіў сёлета кіраўнік Беларусі.

У дзень, калі Аляксандр Лукашэнка прымаў са справаздачаю перамоўную дэлегацыю, меркавалася, што фактычны тарыф для нашае краіны складзе $ 96 за тысячу кубаметраў з 2017 года. Беларускі трыумф быў таго ж дня зняпраўджаны ў Крамлі.

«Кошт на газ, што пастаўляецца ў Беларусь разлічваецца па існуючай формуле, ніякай карэтыроўкі не адбываецца. Неабходна пагасіць запазычанасць, дзеля таго, каб аднавіць нармальныя гаспадарчыя адносіны. Спадзяюся, беларускія партнёры гэта разумеюць і ўсё зробяць», – нагадаў Менску расейскі прэмʼер Дзмітрый Мядзведзеў.

У сераду міністр энергетыкі нашае краіны Уладзімір Патупчык заявіў, што цана блакітнага паліва для Беларусі складзе $ 117 і тое – толькі з наступнага году.

«Розніца – $ 15 паміж дэклараванай у пагадненні цаной і той, якую нам нібыта абяцалі. Дык вось гэтую розніцу цяпер Расея пагадзілася выплачваць у парадку міжбюджэтных кампенсацыяў. Што гэта азначае? А што ёсць у Расеі 85 субʼектаў Федэрацыі, а мы – нібыта 86, будзем з расейскага бюджэту яшчэ і атрымліваць датацыі на газ», – мяркуе эканаміст Сяргей Жбанаў.

З іншага боку – як кажуць, грошы не пахнуць і зніжка ў пятнаццаць долараў лепш, чымся нічога, хоць і далёкая ад чаканай у Менску цаны ў $ 72 за тысячу кубаметраў. Праўда, эксперты нават частковага поспеху ў апошніх дамоўленасцях не бачаць.

«Што гэта за схема міжбюджэтных кампенсацыяў не зразумела і тым больш, што яна ніяк не аформленая ў якасці дамоўленасці, таму мне здаецца, што гэта такі падводны камень, які можа вельмі сурʼёзна паўплываць у будучыні на беларуска-расейскія стасункі», – заўважае Дырэктар Цэнтру стратэгічных і вонкавапалітычных даследаванняў Арсэн Сівіцкі.

Адмыслоўцы не пакідаюць сухой ніткі на беларуска-расейскім пагадненні. Выглядае, на тое, што спрэчка, якая працягвалася цэлы год нікому выгады не прынесла.

«Нам пакуль абяцаюць, што да 2019 года ў лепшым выпадку, што міжбюджэнтай кампенсацыяй, аслабяць цэнавы ціск на прадпрыемствы, што генеруюць і гандлююць энерганосьбітамі. Да простага спажыўца гэта ўвогуле не дойдзе», – тлумачыць эканаміст Сяргей Жбанаў.

Такім чынам Крэмль спрабуе замарозіць усе спрэчкі пра цану на газ ажно да 2019 году, а кіраўнік Беларусі задае ледзь не рытарычнае пытанне. «Мы выключаем падобныя канфлікты ў будучыні з РФ, бо гэта не толькі эканамічна немэтазгодна – мы губляем пэўныя сродкі, гэта нават неяк непрыстойна мець з Расеяй такія дачыненні».

Адказ на гэтае пытанне перамоўная група з айчыннага ўраду гэтак і не агучыла.

Фота: «Reuters»

Усевалад Шлыкаў

Іншыя тэмы праграмы «ПраСвет»:

  • Менск і Варшава: новы шанец ці старыя граблі?
  • У Літве змяняецца ўлада. Як гэта паўплывае на адносіны з Беларуссю?
  • Данбас і Дамаск. Далёка і блізка. Пры чым тут Менск?

Стужка навінаў