ЗША вырашылі не абмяжоўваць уезд грамадзянам Беларусі

Прэзідэнт ЗША Доналд Трамп падпісаў указ, які ўводзіць візавыя абмежаванні для грамадзянаў некалькіх дзяржаваў, паведамляе golos-ameriki.ru. Беларусі ў гэтым спісе няма.

Згодна з указам, захоўваюць сілу візавыя абмежаванні ў 2017 годзе ўстаноўленыя для грамадзянаў Ірану, Лівіі, КНДР, Сірыі, Венесуэлы, Емена і Самалі. Прыпынена выдача іміграцыйных візаў для некаторых грамадзянаў М’янмы, Эрытрэі, Кыргызстану і Нігерыі. Некаторыя катэгорыі грамадзянаў Судану і Танзаніі не змогуць браць удзелу ў латарэі «грын-кард». Новыя абмежаванні не распаўсюджваюцца на неіміграцыйных візы – турыстычныя, бізнес і інш.

Гэтае рашэнне абумоўлена тым, што ўладальніка іміграцыйнай візы нашмат складаней выправадзіць за межы ЗША, чым уладальніка амерыканскай візы любога іншага тыпу.

Рашэнне аб увядзенні падобных абмежаванняў было прынята ў выніку вывучэння рэкамендацыяў Міністэрства ўнутранай бяспекі ЗША.

У спіс трапілі дзяржавы, якія не прывялі свае пратаколы і працэдуры ідэнтыфікацыі асобаў у адпаведнасць са стандартамі ЗША, або не падаюць ЗША інфармацыю, неабходную для забеспячэння бяспекі Злучаных Штатаў. Ва ўказе прэзідэнта Трампа, у прыватнасці, адзначаецца, што Кыргызстан не выпускае электронных пашпартоў і не дзеліцца некаторымі відамі інфармацыі, уключаючы інфармацыю, што датычыцца грамадскай бяспекі і тэрарызму.

Раней паведамлялася, што ў папярэднім спісе краінаў, супраць якіх будуць уведзеныя візавыя абмежаванні, ёсць Беларусь.

Калі амбасадар ЗША вернецца ў Беларусь? «ПраCвет» з Алінаю Коўшык

ІІ belsat.eu

Hавiны