Калі амбасадар ЗША вернецца ў Беларусь? «ПраCвет» з Алінаю Коўшык


Галоўныя мэсыджы Вашынгтону для Менску

Усе пытанні ў парадку дня беларуска-амерыканскіх дачыненняў стратэгічныя. З чым дзяржаўны сакратар Злучаных Штатаў Майк Пампэа наведвае Беларусь? Афіцыйны Менск падкрэслівае, што застаецца верным саюзнікам Расеі, і ўсе візіты заходніх чыноўнікаў не маюць антырасейскага падтэксту. Але наступствы з боку Крамля за размовы з ЗША за яго плячыма, хутчэй за ўсё, будуць. Матэрыял Ігара Кулея.

Андрэй Паротнікаў: «Кандыдатуру амбасадара ЗША ў Беларусі ўжо зацвердзілі»

Калі ў Менску з’явіцца амерыканскі амбасадар, і якія мэты візіту дзяржсакратара ЗША ў Беларусь? Інтэрв’ю Аліны Коўшык з Андрэем Паротнікавым, кіраўніком аналітычнага праекту Belarus security blog, пра перспектывы беларуска-амерыканскай супрацы.

Беларусь пацерпіць ад каронавірусу

У аэрапорце Менску ўсіх, хто прылятае з Кітаю, правяраюць на цеплавізары ды праводзяць ажно падвойны лабараторны кантроль. Апошнімі днямі паведамлялі пра некалькі выпадкаў падазрэння на каронавірус у Беларусі, аднак афіцыйнага пацверджання не было. Дык наколькі ж небяспечны новы кітайскі вірус для здароўя, і чым яшчэ ён можа пашкодзіць свету – высвятляў Зміцер Міцкевіч.

Уладзіміра Пуціна жудасна білі ў дзяцінстве, а Віктар Пуцін не ягоны брат

Праўда і падман у афіцыйнай біяграфіі прэзідэнта Расеі. Віктар Пуцін памёр падчас блакады Ленінграду за 10 гадоў да нараджэння цяперашняга гаспадара Крамля. Уладзімір Пуцін узгадаў пра брата і бацьку-франтавіка некалькі дзён таму ў Ізраілі. Гэта афіцыйная версія, а кім Віктар Пуцін быў насамрэч? Ягонае пахаванне адкрылі толькі летась. Сяргей Пеляса паразмаўляў Крыстынай Курчаб-Рэдліх, аўтаркай кнігі «Вова, Валодзя, Уладзімір. Таямніцы Расеі Пуціна». Крыстына амаль 15 гадоў працавала ў Расеі, а за журналісцкія расследаванні яе намінавалі на Нобэлеўскую прэмію міру.

Вера Пуціна, сапраўдная маці Уладзіміра Пуціна, жыве ў Грузіі, ёй цяпер 93 гады. Што жанчына сказала Крыстыне Курчаб-Рэдліх падчас спаткання ў лістападзе 2019 г.? Як псіхалагічныя траўмы, атрыманыя кіраўніком Расеі ў маленстве, уплываюць на ягоную палітыку.

Чарговая спроба прымірыць Палестыну ды Ізраіль. Каму на руку план Трампа?

Пагадненне стагоддзя, як назваў свой план для ўрэгулявання канфлікту паміж Ізраілем і Палестынай Доналд Трамп. Амерыканскі лідар заяўляе, што ягоная прапанова скончыць варожасць з сямідзесяцігадовай гісторыяй і прынясе справядлівасць абодвум бакам. Пакуль афіцыйны Ізраіль заяўляе пра поўнае падтрыманне амерыканскай прапановы, з Палестыны гучаць галасы абурэння. Ці зможа Трамп здзейсніць тое, за што беспаспяхова браўся ледзь ня кожны ягоны папярэднік? Разбіраўся Усевалад Шлыкаў.

Міжнародны тэлечасопіс «ПраСвет» з Алінаю Коўшык ды Сяргеем Пелясою глядзіце штотыдзень у пятніцу а 21:20. Заходзьце на Facebook праграмы! Глядзіце нас праз спадарожнік «Астра 4A» (ранейшая назва «Sirius 4»), онлайн, на YouTube-канале і на нашай старонцы.