ЗША гатовыя сесці за стол перамоваў з Іранам


ЗША гатовыя абмяркоўваць з Іранам ягоную ядравую праграму без папярэдніх умоваў, але павінны пераканацца, што ён паводзіць сябе як «нармальная краіна». Пра гэта заявіў дзяржсакратар ЗША Майк Пампэёў, паведамляе «Голас Амерыкі».

Прэзідэнт Ірана Хасан Рухані на мінулым тыдні дапусціў, што Тэгеран можа паісці на перамовы, калі Вашынгтон праявіць да яго павагу і не будзе аказваць ціск.

Каментуючы словы Рухані, Пампэёў відавочна змякчыў сваю ранейшую пазіцыю.

«Мы гатовыя… прыступіць да дыялогу без папярэдніх умоваў, мы гатовыя сесці [за стол перамоваў]», – сказаў ён.

Пры гэтым ён падкрэсліў, што Вашынгтон будзе і надалей імкнуцца да таго, каб Іран згарнуў сваю «зламысную дзейнасць» на Блізкім Усходзе.

Па словах Пампэёў, прэзідэнт ЗША Доналд Трамп даўно выказваў гатоўнасць да перамоваў з Іранам.

«Мы, безумоўна, гатовыя да такой размовы, калі іранскі бок зможа даказаць, што яны хочуць паводзіць сябе як нармальная краіна», – сказаў Пампэёў.

Аднак міністр замежных справаў Ірана Мухамэд Джавад Зарыф у інтэрв’ю тэлекампаніі ABC News заявіў, што новыя перамовы з Вашынгтонам «не вельмі верагодныя». «Перамовы – гэта працяг працэсу ціску. Магчыма, гэта працуе на рынку нерухомасці. Але гэта не працуе ў стасунках з Іранам», – сказаў ён.

  • 15 ліпеня 2015 года Іран і шэсць сусветных дзяржаваў (ЗША, Францыя, Вялікая Брытанія, Германія, Кітай і Расея) дасягнулі пагаднення па іранскай ядравай праграме. Тады Тэгеран пагадзіўся часткова згарнуць праграму ўзамен на адмену санкцыяў. Аднак год таму прэзідэнт ЗША Доналд Трамп выйшаў з гэтай здзелкі, палічыўшы яе аднабаковай, і аднавіў санкцыі.
  • Апошнім часам напружанасць у стасунках паміж Іранам і ЗША толькі ўзмацнілася . У траўні адміністрацыя Трампа накіравала на Блізкі Усход ударную групу авіяносца «Абрагам Лінкальн» і бамбавікі, каб прадэманстраваць Ірану гатоўнасць ЗША да рашучых крокаў. ЗША скасавалі дзеянні выключэнняў, якія дазвалялі шэрагу краінаў свету купляць іранскую нафту і пры гэтым не парушаць амерыканскіх санкцыяў, і ўнеслі Корпус вартавых ісламскай рэвалюцыі ў спіс тэрарыстычных арганізацыяў. Таксама на гэтым тыдні Трамп увёў санкцыі ў дачыненні да экспарту іранскіх металаў – сталі, алюмінію, медзі і жалеза.
Hавiны
Еўрапейскія краіны адхілілі ядравы ўльтыматум Тэгерану
2019.05.09 18:32

ІІ belsat.eu

Стужка навінаў