Еўрапейскія краіны адхілілі ядравы ўльтыматум Тэгерану


Еўрапейскія дзяржавы заявілі, што адхіляюць любыя ўльтыматумы наконт іранскай ядравай праграмы і заклікалі Тэгеран прытрымлівацца ўмоваў пагаднення, заключанага ў 2015 годзе.

Пра гэта паведамляе Бі-бі-сі.

Нагадаем, 15 ліпеня 2015 года Іран і шэсць сусветных дзяржаваў (ЗША, Францыя, Вялікая Брытанія, Германія, Кітай і Расея) дасягнулі пагаднення па іранскай ядравай праграме. Тады Тэгеран пагадзіўся часткова згарнуць праграму ўзамен на адмену санкцыяў. Аднак год таму прэзідэнт ЗША Доналд Трамп выйшаў з гэтай здзелкі, палічыўшы яе аднабаковай, і аднавіў санкцыі.

8 траўня прэзідэнт Хасан Рухані заявіў, што Іран адмаўляецца выконваць некаторыя палажэнні пагаднення, заключанага ў 2015 годзе па ядравай праграме Тэгерану. Ён прыгразіў аднавіць вытворчасць высокаўзбагачанага ўрану праз 60 дзён, калі еўрапейскія краіны не дапамогуць Ірану справіцца з наступствамі амерыканскіх санкцыяў.

9 траўня Еўразвяз і прадстаўнікі Францыі, Германіі і Вялікая Брытаніі заявілі, што ядравая здзелка з Іранам з’яўляецца «ключавым дасягненнем глабальнай арганізацыі ядравага нераспаўсюджвання», якая «адпавядае ўсім інтарэсам бяспекі». У сумеснай заяве кіраўнікі вонкавапалітычных ведамстваў заклікалі Іран устрымлівацца ад крокаў, накіраваных на абвастрэнне сітуацыі.

«Мы не прымаем любыя ўльтыматумы і будзем ацэньваць выкананне Іранам сваіх абавязкаў, звязаных з ядравай галіною, у адпаведнасці з Сумесным усёабдымным планам дзеянняў і Дагаворам аб нераспаўсюджванні ядравай зброі», – заявілі ў ЕЗ.

  • Апошнім часам узмацнілася напружанасць у стасунках паміж Іранам і ЗША. У траўні адміністрацыя Трампа накіравала на Блізкі Усход ударную групу авіяносца «Абрагам Лінкальн» і бамбавікі, каб прадэманстраваць Ірану гатоўнасць ЗША да рашучых крокаў. Таксама ЗША скасавалі дзеянні выключэнняў, якія дазвалялі шэрагу краінаў свету купляць іранскую нафту і пры гэтым не парушаць амерыканскіх санкцыяў, і ўнеслі Корпус вартавых ісламскай рэвалюцыі ў спіс тэрарыстычных арганізацыяў. На гэтым тыдні Трамп увёў санкцыі ў дачыненні да экспарту іранскіх металаў – сталі, алюмінію, медзі і жалеза.
Hавiны
ЗША накіравалі на Блізкі Усход авіяносец «Абрагам Лінкальн»: гэта папярэджанне Ірану
2019.05.06 12:02

ІІ belsat.eu

Стужка навінаў