Зоаабаронцы: кантактныя заапаркі – гэта пагроза для дзяцей і катаванне жывёлаў!


«Даведзеныя ва ўмовах замкнутай прасторы да скрайняй ступені стрэсу, жывёлы ў «кантактных заапарках» могуць напасці на дзіця, укусіць, падрапаць, – папярэджваюць заабаронцы. – Ня толькі праз недагляд, але і праз бесперапыннае напружанне, жывёла можа памерці літаральна на руках у дзіцяці».

Абаронцы жывёлаў цяпер збіраюць подпісы пад электронным зваротам, у якім заклікаюць зладзіць правяранне сеткі «кантактных заапаркаў» у гандлёвых цэнтрах. Актывісты называюць умовы ўтрымання жывёлінаў катаваннем:

«Яны знаходзяцца ў маленькіх вальерах, на кафлянай падлозе, без свежага паветра, са сталым штучным асвятленнем і днём, і ўначы, без атрымання неабходнай дозы ўльтрафіялету. Ад шкла ідуць блікі, які раздражняюць вочы, чулыя вушы жывёлы ўвесь час улоўліваюць рэзкія гукі, гул і шумы, якія бесперапынна раздаюцца каля такога заапарку ў гандлёвым цэнтры, бо гукавой ізаляцыі няма».

Актывісты звяртаюць увагу на тое, што наведнікам не забаронена карміць жывёла: «нядаўна ў кантактным заапарку ў ГЦ «Тытан» ад перакормлівання загінула алянё».

«Кантактныя заапаркі» ў Менску адчыненыя ў гандлёвых цэнтрах «Тытан» і «Цівалі», дзе ўтрымліваюцца розныя жывёлы: тхары, козы, трусікі, чарапахі, алені, яноты, вожыкі, качкі-мандарынкі і г.д.

МЛ, belsat.eu

Стужка навінаў