Злавіў пад пад'ездам, ударыў па галаве – і згвалціў. Гомельская міліцыя затрымала падазраванага


Ноччу 26 сакавіка на нумар 102 гомельскай міліцыі патэлефанавала дзяўчына, якая сказала, што яе згвалцілі.

Дзяўчына вярталася дамоў пасля апоўначы і каля падʼезду адчула моцны ўдар па галаве ды страціла прытомнасць. Гвалтаўнік адцягнуў цела дзяўчыны да возера, якое знаходзілася непадалёк, і там згвалціў сваю ахвяру, піша gomel.mvd.gov.by.

Паводле Упраўлення ўнутраных справаў Гомельскага аблвыканкаму, міліцыянтам удалося хутка знайсці меркаванага гвалтаўніка, якім апынуўся 33-гадовы жыхар Буда-Кашалёўскага раёну. Ён сядзеў у гасцях у свайго прыяцеля. Мужчына прызнаў сваю віну. Падазраваны ўжо сядзеў у турме за згвалтаванні.

Гомельскі гарадскі следчы камітэт узбудзіў крымінальную справу паводле ч. 1 арт. 166 КК РБ («Згвалтаванне»).

У лютым міністр унутраных справаў Беларусі Ігар Шуневіч адсправаздачыўся перад кіраўніком Беларусі аб колькасці злачынстваў у нашай краіне. Паводле яго, у 2018 годзе колькасць згвалтаванняў у параўнанні з 2017 годам знізілася на 17,4 %.

ЮВ belsat.eu

Стужка навінаў