Замежных валанцёраў, якія збіралі ў Менску грошы хвораму 7-месячнаму беларусу, арыштавалі на 15 содняў


На мінулым тыдні каля гандлёвага цэнтру «Рыга» ў Менску міліцыя затрымала двух хлопцаў, якія спявалі. Гісторыя, магчыма, так і засталася б непачутаю, калі б хлопцы не былі валанцёрамі міжнароднага фонду «Баявое братэрства без межаў». Сяргей Літвінчук і Радзівон Чабан – з Украіны і Малдовы, яны спявалі патрыятычныя ды вайсковыя песні і такім чынам збіралі грошы на лекаванне хворага беларускага дзіцяці. Як выйшла, што за спевы валанцёраў пасадзілі на 15 содняў, разбіраўся «Белсат».

«Нас пазнаёмілі з гісторыяй хворага дзіцяці – і мы не змаглі застацца ўбаку»

Міжнародны фонд падтрымання ветэранаў, інвалідаў ды іхных сямейнікаў у Беларусі існуе з 2002 года. Філіялы фонду ёсць ва Украіне, Малдове, Расеі. У Беларусі яго ўзначальвае Віктар Сівохін. Беларускі філіял афіцыйна зарэгістраваны ў Міністэрстве юстыцыі.

Мужчыны ў камуфляжы, што на вуліцах спяваюць песні «на аматара», часам робяць вялікую справу. Скрын відэа

– Спачатку мы дапамагалі былым вайскоўцам, удзельнікам баявых дзеянняў у Афганістане, – распавядае Віктар. – А потым сталі дапамагаць хворым дзецям у супрацы з іншымі фондамі. Адзін з іх – «Сэрца анёла». Яны пазнаёмілі нас з гісторыяй аднаго дзіцяці, і мы проста не змаглі застацца ўбаку: зрабілі банер з інфармацыяй і пачалі спяваць ды збіраць грошы. Трэба было 500 тысяч еўраў на 4 уколы. Крыху больш як за месяц неабходную суму сабралі.

Фонд дапамагаў таксама малой Мілане Пшанко са спінальна-цяглічнаю атрафіяй (СЦА), якой нядаўна зрабілі неабходны ўкол – «Золгенсма». За чатыры месяцы неабходную суму – больш за два мільёны еўраў – для Міланы таксама сабралі!

Потым Віктар Сівохін даведаўся пра гісторыю Даніка Дзянісава з тым жа дыягназам. Пастанавілі дапамагчы і яму.

– У Менску на нашыя дабрачынныя выступы нам далі дазвол Фрунзенскі раён, Ленінскі раён – дзякуй ім вялікі за тое, што разумеюць, – зазначае Віктар. – А вось Савецкі раён сказаў, што масавае мерапрыемства не можа дазволіць, маўляў, ідзіце да гарадскога кіраўніцтва. А гарадское кіраўніцтва кажа: калі стаць на рынку ці каля гандлёвага цэнтру, то дазволу не трэба. Ну добра. У нас у валанцёры не надта ахвотна ідуць, а хлопцы з Украіны, папрацаваўшы валанцёрамі, маюць некаторыя прэферэнцыі ў выглядзе падатковых ільготаў, таму валанцёрства – папулярная з’ява сярод жыхароў суседняй дзяржавы. Я запрасіў іх сюды, у міграцыйнай службе іх зарэгістраваў, і яны пачалі спяваць.

Данік Дзянісаў з мамай. Для лячэння Даніка патрэбна сабраць больш за 2 мільёны еўраў. Без дапамогі людзей гэта немагчыма.
Фота: архіў герояў

Забралі для правярання ў міграцыйнай службе, а пасадзілі на содні

Збор ахвяраванняў запланавалі каля гандлёвага цэнтру «Рыга». Сяргей і Радзівон расклалі гукаўзмацняльнае абсталяванне, падрыхтаваліся да спеваў, патэлефанавалі Віктару адзначыць, што пачынаюць збор.

– І раптам мне званок: «Віктар Міхайлавіч, да нас падышоў міліцыянт, хоча з вамі паразмаўляць». Міліцыянт сказаў, што паступіла скарга, нібыта хлопцы гучна спяваюць, – прыгадвае той дзень Віктар Сівохін. – Я кажу, што не праблема, можна зрабіць цішэй. Далей міліцыянт сказаў, што паколькі хлопцы – замежнікі, то ён забірае іх для праверкі ў міграцыйную службу. Яны сабралі апаратуру і паехалі ў Савецкі РУУС. Адтуль хлопцы ўжо патэлефанавалі і сказалі, што іх затрымліваюць на содні.

Сувязь з Сяргеем і Радзівонам знікла. Знайсці іх Віктар здолеў пазней на Акрэсціна. Мужчына наняў адваката і так атрымаў інфармацыю, у чым вінавацяць хлопцаў: ім далі па 15 содняў за тое, што нібыта зарганізавалі несанкцыянаванае масавае мерапрыемства і выкарыстоўвалі бел-чырвона-белую сімволіку.

– Але такога не было, іх бы адразу дэпартавалі! – абураецца Віктар. – Дый у мяне такі погляд, што я сам бы іх за такое дэпартаваў, бо ў нас іншыя мэты.

Мужчына дайшоў да Вярхоўнага Суда, дзе папрасіў, каб пастановы ў дачыненні валанцёраў былі скасаваныя. Бо, на думку Віктара, такія выпадкі забіваюць валанцёрства ў Беларусі.

– Самае цікавае, што ў рапарце міліцыянта няма нічога пра бчб-сімволіку, – распавядае Віктар Сівохін. – Там проста напісана, што хлопцы нібыта пікетавалі без дазволу. Але на нашую дзейнасць ніколі і не трэба было ніякіх дазволаў.

Гісторыя Даніка Дзянісава

Маці Даніка Дзянісава, спадарыня Хрысціна, абураецца тым, што адбылося:

– Непрыемна, што гэта датычыць нашага збору. Гэта несправядліва. Чаму так? Яны ж нікому не замінаюць. Гэта дабрачынная арганізацыя, і яны маюць права выходзіць ды спяваць, збіраючы грошы, каб дапамагчы камусьці.

У Даніка Дзянісава – спінальна-цяглічная атрафія першага тыпу. Гэты дыягназ хлопчыку паставілі 22 верасня, калі яму было паўгода.

– Ён нарадзіўся здаровым, крэпкім хлопчыкам, – распавядае мама хлопчыка. – Усе планавыя агляды ў нас – усё было добра. У тры месяцы мы перахварэлі на каронавірус, потым у чатыры месяцы на планавым аглядзе сказалі, што ў сына – гіпатонус. Мы рабілі масажы, дзіця паварочвалася, актыўна рухала ручкамі і ножкамі. А ў пяць з паловаю месяцаў ён неяк рэзка ўсё страціў: мы нават не заўважылі, у які момант гэта адбылося, настолькі гэта было імкліва. Мы адразу забілі трывогу, пайшлі да платнага спецыяліста, і там нам сказалі, што калі ў дзіцяці пачаўся рэгрэс, то гэта ўжо нейкая хвароба.

Дзяцей з такою хваробай, як у Даніка, у Беларусі не лекуюць, існуе толькі паліятыўная дапамога. Дзеці проста ціха паміраюць. Ува ўсім свеце ўжо ёсць некалькі відаў лекаў ад СЦА – гэта «Спінраза» (падтрымлівальная тэрапія) і «Золгенсма» (генная тэрапія, што лекуе СЦА пры аднаразовым увядзенні прэпарату).

Бацькі Даніка збіраюць грошы акурат на другі варыянт. Каштуе такое лячэнне больш за два мільёны еўраў.

– «Золгенсма» – гэта генатэрапія: калі ў арганізм чалавека ўжыўляюць дзейны ген. То бок дзіця будзе цалкам здаровае, – кажа маці Даніка. – Але ёсць такі момант: чым раней зрабіць гэты ўкол, тым лепш. Колюць дзеткам да двух гадоў. Бо калі зацягнуць, рэгрэс будзе яшчэ большы, дзіця не зможа есці самастойна, спатрэбіцца гастрастома і апарат ШВЛ. А вярнуць гэтыя навыкі потым складана.

Маці Даніка спадзяецца, што гісторыя Радзівона і Сяргея скончыцца добра – хлопцаў апраўдаюць і адпусцяць дадому.

– Вельмі хочацца, каб іх адпусцілі без штрафу або нейкіх яшчэ непрыемных момантаў, каб гэта не адбілася на іхным жыцці. І каб яны маглі без перашкодаў працягваць дапамагаць тым, хто ў гэтым мае патрэбу.

А цяпер Даніку патрэбная дапамога.

Ганна Вашчанка, belsat.eu

Стужка навінаў