Закрыць берасцейскую браму амерыканскім ракетамі


Самы хуткі вайсковы кантракт у гісторыі нашых заходніх суседзяў. Увосень Польшча зацікавілася амерыканскім ракетным комплексам HIMARS, а цяпер яго набыла. Улічваючы амерыканскую бюракратыю, гэта імгненна, кажуць эксперты. На што і навошта палякі выклалі амаль паўмільярда долараў?

20 комплексаў рэактыўнага залпавага агню на колах – амерыканскіх HIMARS’аў – у Польшчы павінныя з’явіцца да 2023 года.

«Новыя далёкасяжныя, дакладныя сістэмы агню дадуць польскаму войску новыя магчымасці. Гэта таксама ўзмацніць супрацу паміж нашымі краінамі і дапаможа абараніць Цэнтральную ды Усходнюю Еўропу ад паветраных і ракетных удараў цягам наступных дзесяцігоддзяў», – тлумачыць віцэ-прэзідэнт ЗША Майк Пэнс.

Радыус дзеяння амерыканскай сістэмы рэактыўнага залпавага агню – 300 кіламетраў. Згодна з дамоваю, Польшча атрымае 18 баявых комплексаў і два навучальныя, а таксама набор ракетаў, адмысловай тэхнікі ды тэхнічнае падтрыманне. Абыдзецца ім гэта ў 414 мільёнаў долараў.

Пакуль незразумела, HIMARS’ы трапяць у існыя часткі ці адмыслова для іх створаць цалкам новую баявую адзінку, аднак дакладна вядома, што сістэмы размесцяць побач з беларускаю мяжою.

«Ракеты мусілі б размясціцца на варшаўскім кірунку – гэтак званай берасцейскай браме, вельмі кароткім, крыху большым за 100 кіламетраў адцінку паміж польскаю сталіцай і мяжою з Беларуссю», – кажа дырэктар бюро аналізу Фонду Пуласкага Томаш Смура.

Расейскі «Самарканд» на беларускім парозе. Супраць каго?

За дзень да набыцця HIMARS’аў Лукашэнка прызначыў у Варшаву новага амбасадара, і папрасіў яго памятаць, што Беларусь не будзе спакойна глядзець на «бразгатанне Польшчаю зброяй». Аднак два гады таму Беларусь першая ўзброілася ў вельмі падобныя да HIMARS’аў комплексы «Паланэз» айчыннай вытворчасці. Адказаць на гэта Польшча дагэтуль не магла нічым.

Эксперты звяртаюць увагу на слова «высокамабільны» ў назве новай сістэмы: маўляў, аказацца ў любым пункце Польшчы HIMARS’ы змогуць цягам некалькіх гадзінаў. Таму будуць супрацьвагаю зусім не «Паланэзаў».

«Гэтае ўзбраенне будзе скіраванае супраць калінінградскага анклаву Расеі. Захад ужо працяглы час з вялікаю занепакоенасцю назірае за мілітарызацыяй гэтага рэгіёну – у прыватнасці за размяшчэннем там узбраення, якое абмяжоўвае даступнасць гэтай тэрыторыі ў выпадку вайны», – адзначае кіраўнік аналітычнага цэнтру «Belarus Security Blog» Андрэй Паротнікаў.

Амаль тры гады таму ў Калінінградзе з’явіліся супрацькарабельныя ракеты «Бал» і «Бастыён» ды зенітна-ракетныя комплексы С-400. У выпадку вайсковага канфлікту яны закрыюць для натаўскіх караблёў і самалётаў усю ўсходнюю Балтыку. Летась Расея дадаткова перакінула ў Калінінград «Іскандэры» – яны б’юць далей за HIMARS’ы – на 480 кіламетраў.

«Гэта расейцы размясцілі ракеты «Іскандэр» беспасярэдне каля Польшчы. Гэта расейцы парушылі Дамову аб ракетах сярэдняй і малой дальнасці. У параўнанні з расейскімі дзеяннямі адказ Польшчы хутчэй сімвалічны», – мяркуе Томаш Смура.

ЗША і Расея ўступілі ў паўнавартасную гонку ўзбраенняў

У Дзярждуме ж адзначылі, што набыццё HIMARS’аў пагражае Расеі «толькі тэарэтычна». У Маскве ведаюць, што каля польскіх межаў усе козыры – у расейскага войска, таму і жартуюць пра «не смяшыце мае «Іскандэры» з любой нагоды.

«Нам неяк абыякава, пагроза для Расеі нязначная. Наўрад ці Польшча наважыцца атакаваць Расею: палякі разумеюць, што, калі яны нападуць на Расею, яны атрымаюць удар у адказ, і амерыканцы іх абараняць не будуць», – кажа вайсковы аглядальнік з Масквы Віктар Літоўкін.

«Падарунак» краіне: 12 знішчалькаў за $ 600 млн

Аднак у Польшчы ўжо перабываюць амерыканскія войскі. Цяжка сабе ўявіць сітуацыю, што яны не будуць абараняцца ў выніку агрэсіі Расеі супраць Польшчы. Нападаць на Беларусь палякі не збіраюцца. Тэарэтычны (а хутчэй – фантастычны) канфлікт Варшавы ды Менску, пра які так любіць казаць Лукашэнка, аўтаматычна зробіцца вайною NATO і Расеі. Таму казаць пра «бразганне зброяй» Менск працягне, каб і надалей пужаць беларускі народ супрацьстаяннем з Захадам і паказваць Крамлю лаяльнасць.

«Адзіны адказ афіцыйнага Менску – гэта бразганне языком. На большае рэсурсаў на сёння няма», – упэўнены Андрэй Паротнікаў.

Магчыма, іх таму і няма, што за апошнія паўстагоддзя бразганне языком – адзіная зброя Лукашэнкі.

Сюжэт паказалі ў праграме «Прасвет» з Сяргеем Пелясою:

 

Дзяніс Дзюба, belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары