Расейскі «Самарканд» на беларускім парозе. Супраць каго?


Ад размяшчэння расейскай авіябазы афіцыйнаму Менску ўдалося адбіцца. Вайсковы кантынгент, якім пужалі падчас вучэнняў «Захад-2017», таксама адмяняецца. Але ўсё ж такі расейская зброя ў нашай краіне з’явіцца – ужо праз год. Крэмль разгортвае сетку найноўшых комплексаў радыёэлектроннай барацьбы «Самарканд» – на сваёй тэрыторыі і на беларускай. На што здольныя гэтыя паўсакрэтныя машыны і чым гэта можа пагражаць Беларусі і суседзям?

Шаснаццаць комплексаў радыёэлектроннай барацьбы размесціць Расейская Федэрацыя на трынаццаці абʼектах на сваёй тэрыторыі і… нашай. Пра зʼяўленне замежнай зброі ў нашай краіне паведаміла не беларускае Міністэрства абароны, ні нават расейскія калегі. Афіцыйнага паведамлення не было ажно да чацвярга – да гэтага быў толькі тэндар на мантаж «Самарканадаў» на закрытым аўкцыёне. У Маскве паціскаюць плячыма – трэба абараняць хаўрусніка.

«Не трэба забывацца, што Беларусь мяжуе з Польшчаю, краінамі NATO, дзе ствараюцца базы для агрэсіі супраць Расеі і ў тым ліку супраць Беларусі, таму размяшчэнне сістэмаў РЭБ – «Самарканд» на беларускай зямлі мне падаецца цалкам лагічным», – мяркуе вайсковы аглядальнік з Масквы Віктар Літоўкін.

У краінах Балтыі і ў Польшчы на ратацыйнай аснове размешчаныя 4 міжнародныя батальёны NATO.

Урад у Варшаве папрасіў Вашынгтон размясціць на сваёй тэрыторыі сталую амерыканскую базу. Для нападу на Расею некалькіх батальёнаў і адной дывізіі будзе папросту мала. Тым часам нашыя суседзі з Літвы не здзіўленыя павелічэннем вайсковай прысутнасці Крамля ў Беларусі.

«Гэта, вядома, праблема для Беларусі – наколькі яна яшчэ можа быць незалежнай дзяржавай. Бо ў мілітарнай сферы ніякай незалежнасці ўжо няма. У аперацыйнай прасторы Расею і Беларусь бачаць як адное цэлае», – адзначае сябра камітэту нацыянальнай бяспекі і абароны Сейму Літвы Лаўрынас Касчунас.

Для Літвы гэтая сітуацыя надзвычай непрыемная, бо краіна апынецца паміж двума «Самаркандамі» – у Беларусі і Калінінградскай вобласці. Рэшта – будзе размешчаная ў глыбіні Расейскай Федэрацыі.

Але чым пагражае гэты комплекс?

«Гэта можа быць сувязь паміж штабамі і беспілотнымі апаратамі, сувязь паміж летакамі і GPS-сістэмай арыентацыі ў прасторы. Так што ўсё, што можа працаваць у радыёдыяпазоне, усё гэта можа быць прыгнечанае сістэмаю РЭП «Самарканд», – кажа Віктар Літоўкін.

Пра прыняты на ўзбраенне толькі летась Самарканд мы ведаем няшмат. Кажуць, што ён мае падтрымліваць Ваенна-марскі флот Крамля – таму і размясціцца на расейскім вузле сувязі «Вілейка» ў Беларусі. Кажуць пра дальнасць дзеяння прынамсі 300 кіламетраў. Не кажуць пра тое, у чым можа быць сапраўдная небяспека «Самаркандаў».

«Вядома, яны могуць быць выкарыстаныя і супраць тых сістэмаў тэхнікі і ўзбраення, якія ёсць у выкарыстанні беларускага войска – гэта факт. Ды любога іншага войска – гэта проста пытанне наладак гэтае тэхнікі», – гаворыць кіраўнік праекту «Belarus Secutity Blog» Андрэй Паротнікаў.

Лукашэнка, які гэтак гучна заяўляе пра імкненне да нейтральнага статусу, можа страціць нават існыя цьмяныя шансы на такую пазіцыю ў супрацьстаянні Расеі з Захадам. Нашыя суседзі з NATO мяркуюць, што ў Менску проста можа не быць выбару.

Лаўрынас Касчунас, сябра камітэту нацыянальнай бяспекі і абароны Сейму Літвы, лічыць, што «яму патрэбныя грошы. Яму патрэбны газ, яму патрэбныя схемы па рээкспарце нафтапрадуктаў – ён жа з гэтага жыве. У Крамля ёсць рычагі, як на яго націснуць. Мы ведаем, што стратэгічная мэта Крамля – не толькі абсарбаваць Беларусь, але і паставіць там вайсковыя базы».

Што можа супрацьпаставіць Беларусь? Пэўныя Захады супраць такой радыёэлектроннай атакі робяцца ўжо цяпер.

«Апошнія паўтара года вельмі шмат выпадкаў, калі транспартная авіяцыя заходзіць на авіябазу ў Мачулішчах – з гораду. Не з поля, а з гораду. Навошта гэтае патрэбна, па візуальнай арыенціроўцы? А на выпадак, калі будзе знішчанае ўласнае радыёлакацыйнае поле», – працягвае Андрэй Паротнікаў.

Ці хопіць гэтага ў выпадку крызіснай сітуацыі, хутчэй пытанне рытарычнае. Незалежныя СМІ далёка не першы год кажуць пра непасрэдную пагрозу незалежнасці з боку Расеі. Ад гэтых словаў усцяж адмахваюцца. Як абураліся і чуткамі аб зʼяўленні чужых войскаў у Беларусі. Дык вось яны: найноўшая расейская зброя будзе на беларускай зямлі ўжо налета.

Сюжэт паказалі ў праграме «Прасвет» з Сяргеем Пелясою:

Глядзі таксама
Каментары