ЗША і Расея ўступілі ў паўнавартасную гонку ўзбраенняў


Яшчэ адзін крок да абвастрэння ў новай халоднай вайне. Перад візітам у Маскву Джона Болтана – дарадцы прэзідэнта – Злучаныя Штаты анансуюць выхад з дамовы аб ракетах сярэдняй і малой далёкасці. Бо Масква, паводле амерыканскага кіраўніцтва, і так парушае палажэнні гэтага дакументу.

«Расея парушала дамову шматлікіх гадоў, і я не ведаю, чаму прэзідэнт Абама не вёў перамоваў або не выходзіў з дамовы. Мы не збіраемся дазваляць ім парушаць угоду і вырабляць зброю, якую мы самі не маем права рабіць», – заявіў прэзідэнт ЗША Доналд Трамп.

У МЗС Расеі рашэнне ЗША назвалі «шантажом» і заявілі, што гатовыя даць, «вайскова-тэхнічны» адказ амерыканцам. У сваю чаргу Уладзімір Пуцін ужо пасля заявы Трампа паспяшаўся абвінаваціць у парушэнні дамовы Вашынгтон:

«Гаворка ідзе, скажам, аб падзеях, што датычаць Еўропы, гаворка ідзе пра менавіта наступальную інфраструктуру, якая там ствараецца. Пры тым гаворка ідзе менавіта пра парушэнне з боку Злучаных Штатаў».

Дамова аб ракетах далёкасцю ад 500 да 5,5 тысячаў кіламетраў была заключаная ў 1987-ым. Тады, напрыканцы халоднай вайны, ЗША і Савецкі Саюз дамовіліся аб знішчэнні цэлага класу гэткага ўзбраення.

Выхад ЗША з угоды абрынае ўсю сістэму міжнароднага кантролю над ракетна-ядравым узбраеннем, зазначае вайсковы эксперт Андрэй Паротнікаў («Belarus Security Blog»):

«Фактычна, гэта будзе азначаць тое, што і ў Расеі, якая хутчэй за ўсё таксама афіцыйна пакіне гэтую дамову, і ў ЗША будуць развязаны рукі да паўнавартаснай новай гонкі ўзбраенняў».

Аналітык Арсен Сівіцкі вылучае тры пункты, якія штурхалі ЗША да выхаду з дамовы. Гэта – размяшчэнне ядравага арсеналу ў Крыме і ваколіцах Калінінграду пасля нападу Расеі на Украіну. Запалохванне Крамлём ядравай зброяй Заходняй Еўропы. І, урэшце, распрацоўка Расеяй крылатай ракеты 9М729, якая ўласна і парушае дамову.

«Апошняя прычына – гэта, хутчэй, нагода. Ужо было відавочна некалькі гадоў, што Расея парушае гэтую дамову», – заўважае Арсен Сівіцкі.

Паводле экспертаў, новы вір халоднай вайны прынясе напружанасць у рэгіёне, а Беларусь можа стацца ахвярай новых пасяганняў Расеі.

«Галоўнае, гэта падлётны час, гэта не толькі ліквідацыя ўзбраенняў, гэта таксама немагчымасць размяшчэння блізу межаў адно аднаго. Калі гэтыя ракеты зноў з’яўляюцца на ўзбраенні, узнікае пытанне, дзе іх будуць размяшчаць», – працягвае Андрэй Паротнікаў.

І ўсё ж выхад ЗША з дамовы аб ракетах будзе толькі нагодай, а не прычынай для ціску Масквы, бо вайсковая прысутнасць у Беларусі – і так стратэгічная мэта Крамля.

Вітаўт Сіўчык, belsat.eu

Фотаздымак на застаўцы да відэа Kirill Kukhmar/TASS/ Forum