«Падарунак» краіне: 12 знішчалькаў за $ 600 млн


Пастаўляць шматфунцкаянальныя знішчальнікі ўзброеным сілам Беларусі ад сёлета плануе Расея. Пра гэта заявіў міністр абароны Расейскай федэрацыі Сяргей Шайгу. Колькі гэта будзе каштаваць для нашага бюджэту, і ці маем мы патрэбу ў гэткім узбраенні?

«Первым делом, первым делом – самолёты»: такім парадак дня ў беларускім войску хацела б бачыць Расейская Федэрацыя. Продаж Беларусі расейскіх знішчальнікаў Су-30СМ мусіць пачацца ўжо сёлета. Толькі ці варта радавацца?

Расейскі міністр абароны заявіў пра пастаўку ў Беларусь першых чатырох самалётаў з дванаццаці, якія прадугледжвае кантракт. Аднак у самым дакуменце не ўказаная дата яго выканання. Адзначана толькі, што выконвацца ён будзе «па меры паступлення фінансаў». Су-30 – гэта цяжкі шматмэтавы знішчальнік для краінаў з вялікаю тэрыторыяй, яго выкарыстоўваць Расея, Казахстан, Алжыр, Індыя і Кітай.

Леанід Спаткай, ваенны лётчык, палкоўнік запасу:

«Для Беларусі такія самалёты, тым больш з экіпажам з двух чалавек, якімі ёсць Су-30, мала таго, што вельмі стратныя ў абслугоўванні, ні ў наземных аперацыях, ні для супрацьпаветранай абароны 4 самалёты ва ўмовах Беларусі абсалютна ніякага надвор’я не зробяць. Гэта толькі грошы на вецер».

Кошт аднаго самалёта для Беларусі складзе 50 мільёнаў долараў. 12 пацягнуць на 600 мільёнаў. Гэта на 30 мільёнаў больш за ўвесь сёлетні абаронны бюджэт краіны! Што цікава, расейскае Мінабароны атрымлівае Су-30СМ за 37 мільёнаў долараў за штуку – на 13 мільёнаў менш, чым «стратэгічны саюзнік».

Андрэй Ягораў, дырэктар Цэнтру Еўрапейскай трансфармацыі:

«У сэнсе рэальнасці магчымасці ўдзелу Беларусі ў абароне пры агрэсіі з боку нейкага ўяўнага праціўніка, Беларусь хутчэй за ўсё не мае што супрацьпаставіць гэтай агрэсіі. Таму тут стратэгічнасць гэтага саюзніка пад вялікім пытаннем. З іншага боку, Беларусь заўсёды гуляе на гэтым вобразе стратэгічнага саюзніка, патрабуючы ад Расеі пэўных выплатаў».

Толькі вось цяпер гэта ўжо не дапамагае. Эксперты адзначаюць, што Беларусь проста не зможа ўтрымліваць нават адну эскадрыллю з 12 самалётаў Су-30СМ, бо яны вельмі дарагія ў абслугоўванні. У сярэднім лётная гадзіна Су-30СМ каштуе каля 35 тысяч долараў. З улікам 100 гадзінаў палёту, неабходных штогод для падтрымання гатоўнасці пілотаў, утрыманне 12 знішчальнікаў будзе каштаваць каля 42 мільёнаў долараў – 8% ад усяго ваеннага бюджэту.

«Самалёт для нас – гэта ўжо не зброя. Любы самалёт на ўзлёце бачаць натаўцы. Паразіць сёння самалёт і знішчыць ніякіх праблемаў няма. Яны могуць, і мы можам. Мы за 1000 кіламетраў бачым любы самалёт. Кошт яго – 50 мільёнаў долараў. С-300 ракета – і яго няма», – кажа Аляксандр Лукашэнка, кіраўнік Беларусі.

Кіраўнік краіны ўвогуле называў самалёты зброяй «учорашняга дня», хоць і не адмаўляў іх ролі на першых этапах узброенага канфлікту. Зрэшты, падобнага меркавання прытрымліваюцца і адмыслоўцы.

«Для Беларусі, улічваючы гібрыдныя войны і сённяшні расклад сілаў, якраз самалёты было б неабходна мець кшталту штурмавікоў. Найбольш аптымальна гэта альбо Су-25, альбо амерыканскія А-10, так званы «барадавачнік», – гаворыць Леанід Спаткай, ваенны лётчык, палкоўнік запасу.

Летась прыбыццё Су-30СМ у Беларусь сарвалася ў выніку санкцыяў супраць Расеі: большасць электронікі ў расейскіх самалётах – імпартная. Таму не выключана, што і цяпер гарантыя пастаўкі не стоадсоткавая. З улікам таго, што пра яе фінансаванне беларускі бок нічога не паведамляў.

Зміцер Міцкевіч, belsat.eu