За перадвыбарчыя пікеты сям’ю Шарэндаў аштрафавалі ўжо амаль на $ 2000


За перадвыбарчыя пікеты, якія міліцыя і акруговая камісія палічылі не адпавядаючымі выбарчай тэматыцы, былая кандыдатка ў дэпутаты Паліна Шарэнда-Панасюк і яе муж Андрэй Шарэнда атрымалі на дваіх велізарныя штрафы. Агулам сям’я мусіць заплаціць 3952,5 рублёў (амаль $ 2000). Пра гэта паведамляе spring96.org.

Актывістка «Еўрапейскай Беларусі» Паліна Шарэнда-Панасюк была кандыдаткай у дэпутаты па Берасцейскай-Заходняй акрузе №1, яе муж Андрэй Шарэнда – яе даверанай асобай. Але актывістку знялі з выбараў за крытыку Лукашэнкі і заклікі да імпічменту.

Паліна Шарэнда-Панасюк і Андрэй Шарэнда. Фота www.racyja.com

Акруговая камісія знайшла парушэнні выбарчага заканадаўства ў выступе кандыдаткі на тэлебачанні, а таксама на вулічных пікетах. Па меркаванні камісіі, Паліна Шарэнда-Панасюк праводзіла пікеты не з мэтай агітацыі за сябе як за кандыдата, а з іншымі мэтамі. Падчас пікетаў выкрыквала лозунгі «Лукашэнка мусіць сысці», «Баста», «Лукашэнка скраў выбары», «Парламента ў Беларусі няма» і іншыя. У яе прамовах камісія ўбачыла і абразу дзяржаўных асобаў усіх узроўняў, і заклікі да выхаду на вуліцу для змены канстытуцыйнага ладу, і заклікі, якія распальваюць сацыяльную варожасць.

У выніку яе пазбавілі рэгістрацыі, а таксама склалі пратаколы за парушэнне выбарчага заканадаўства (артыкул 9.10 КаАП) і заканадаўства аб масавых мерапрыемствах (артыкул 23.34 КаАП). Таксама такія ж пратаколы былі складзены і на яе мужа.

Першы суд адбыўся 6 лістапада над Андрэем Шарэндам – яго пакаралі штрафам у 50 базавых велічынь (1275 рублёў). Другое судовае пасяджэнне прайшло 13 лістапада. Тады Андрэй Шарэнда атрымаў 55 базавых штрафу (1402,5 рублёў). У той жа дзень пакаралі Паліну Шарэнда-Панасюк – ёй далі 40 базавых па артыкуле 23.34 КаАП і 10 – за парушэнне артыкула 9.10 КаАП.

Такім чынам сума штрафаў на сям’ю склала 155 базавых велічынь, ці 3952,5 рублёў.

Да таго ж, праваабаронцам стала вядома, што на Андрэя Шарэнду ўсё ж склалі пратакол па артыкуле 23.34 КаАП пасля трохгадзіннага затрымання ў Баранавічах 13 лістапада. Яго абвінавацілі ў размяшчэнні ў Facebook інфармацыі-анонса пра несанкцыянаваную акцыю «Сустрэча свабодных людзей». Калі будзе суд па гэтай справе – пакуль невядома.

Аб’ектыў
Шлях з перашкодамі: што адрознівала гэтыя выбары
2019.11.17 21:27

ІІ belsat.eu

Стужка навінаў