За апошні месяц у Беларусі заразіліся каронавірусам амаль 58 тысяч чалавек


Паводле афіцыйнай статыстыкі Міністэрства аховы здароўя, з пачатку пандэміі COVID-19 у Беларусі былі інфікаваныя 210 368 чалавек. Больш за чвэрць з іх заразіліся цягам апошняга месяца.

За апошнія содні колькасць інфікаваных вырасла яшчэ на 1767 чалавек. 9 чалавек памерлі, піша БелТА.

Агулам з пачатку пандэміі ў Беларусі было зафіксавана 210 368 выпадкаў інфікавання COVID-19, 1507 пацыентаў памерлі. Такім чынам, паводле афіцыйнай статыстыкі, цягам апошняга месяца захварэлі 57 767 чалавек і 277 памерлі.

Паказнікі інфікавання ў снежні ў Беларусі аказаліся самымі высокімі за ўвесь час пандэміі. Нагадаем, першы выпадак каронавіруса быў афіцыйна пацверджаны ў канцы лютага 2020 года.

Між тым, ёсць падставы меркаваць, што афіцыйная статыстыка істотна заніжаная. Паводле дадзеных ААН, у другім квартале 2020 года, на які прыйшоўся пік першай хвалі распаўсюджвання COVID-19, у Беларусі памерла амаль 35,9 тысячы чалавек. Гэта на 5,6 тысячы чалавек больш, чым годам раней.

Прычыны такіх паказнікаў смяротнасці ў статыстыцы ААН не пазначаныя, але шмат хто звязвае гэтую анамалію з наступствамі каронавіруса. Аднак Міністэрства аховы здароўя напрыканцы другога кварталу 2020 года прызнавала толькі 392 смерці пацыентаў з каронавірусам.

ІІ belsat.eu

Стужка навінаў