
Еўракамісар па пытаннях пашырэння і палітыкі добрасуседства Ёганэс Ган заклікаў вызваліць асуджанага ў Расеі за падрыхтоўку тэрактаў украінскага рэжысёра Алега Сянцова і даць яму магчымасць асабіста атрымаць прэмію імя Акадэміка Сахарава, якую яму прысудзіў Еўрапарламент.
Пра гэта Ган напісаў у Twitter.
Next week, #Ukrainian film director Oleg #Sentsov will be awarded the #SakharovPrize by @Europarl_EN. Convicted to 20 years in prison,he won’t be able to receive the prize in person. I reiterate therefore: #LetSentsovGetSakharov pic.twitter.com/pGFm93hN1G
— Johannes Hahn (@JHahnEU) December 7, 2018
«Асуджаны да 20 гадоў турмы, ён не зможа атрымаць узнагароду асабіста. Таму я паўтараю: дайце Сянцову магчымасць атрымаць [прэмію] Сахарава », – напісаў Ган.
Ён таксама выклаў фота, на якім трымае таблічку з хэштэгам # LetSentsovGetSakharov.
Еўрапарламент напрыканцы кастрычніка ўзнагародзіў асуджанага ў Расеі ўкраінскага рэжысёра прэміяй Сахарава «За свабоду думкі». Цырымонія ўзнагароджання адбудзецца 12 снежня ў Страсбургу, сума прэміі складае 50 тысячаў еўраў.
Алега Сянцова ў 2015 годзе расейскі суд асудзіў да 20 гадоў турэмнага зняволення за падрыхтоўку тэрактаў у Крыме. У траўні 2018 году ён абвесціў галадоўку і 125 дзён пратрымаўся без ежы. Сянцоў за гэты час страціў 20 кілаграмаў вагі. Рэжысёр патрабаваў вызваліць усіх ўкраінскіх палітвязень, якія знаходзіцца ў Расеі. Галадаванне Сянцоў спыніў 6 кастрычніка, сваё рашэнне палітвязень патлумачыў тым, што яго могуць пачаць карміць прымусова.
Алег Сянцоў зможа набываць прадукты ў турэмнай краме за сродкі з прэміі Сахарава
СК, belsat.eu