Алег Сянцоў зможа набываць прадукты ў турэмнай краме за сродкі з прэміі Сахарава


Асуджаны ўкраінскі рэжысёр Алег Сянцоў зможа выкарыстоўваць прэмію Еўрапейскага парламенту «За свабоду думкі» імя Сахарава на набыццё сабе харчоў і прадметаў побыту ў турэмнай краме. Расейскія турэмшчыкі абяцаюць палітвязню ў гэтым не перашкаджаць.

«Перавод грашовых сродкаў асуджанаму Сянцову магчымы ў рублях на банкаўскія рэквізіты папраўчай установы крымінальна-выканаўчай сістэмы па месцы адбыцця ім пакарання. Грошы будуць залічаны на ягоны асабісты рахунак», – гаворыцца ў паведамленні прэс-бюро Федэральнай службы выканання пакаранняў.

Крымінальны кодэкс Расеі не забараняе асуджаным рабіць пакупкі за кошт сродкаў, якія з’явіліся ў асуджанага падчас адбывання пакарання. Праўда, пры гэтым існуюць абмежаванні. Але якія з іх будуць датычыць Алега Сянцова – не ўдакладняецца.

Алег Сянцоў асуджаны да 20 гадоў калоніі строгага рэжыму, паколькі быў прызнаны судом вінаватым у арганізацыі тэрарыстычнай супольнасці. У прыватнасці рэжысёра абвінавацілі ў арганізаванні падпалаў офісаў арганізацыяў «Руская абшчына Крыму» і офісу «Адзінай Расеі» ў Сімферопалі. Асуджаны лічаць справу палітычнай, а доказы – сфальсіфікаванымі.

14 траўня 2018 года Алег Сянцоў абвесціў бестэрміновую галадоўку, патрабуючы вызвалення ўсіх украінскіх палітвязняў з расейскіх турмаў. Галадоўка цягнулася 145 дзён і стала беспрэцэдэнтнай для расейскай турэмнай сістэмы. Сянцоў пагадзіўся спыніць яе толькі 6 кастрычніка праз пагрозы прымусовага кармлення, што фактычна можна прыраўняць да катавання.

25 кастрычніка ўкраінсага рэжысёра Алега Сянцова ўганаравалі прэміяй Еўрапарламенту імя Андрэя Сахарава «За свабоду думкі» за 2018 год. Памер прэстыжнай прэміі складае 50 тысячаў еўраў.

СК, belsat.eu, паводле newsru.com

Стужка навінаў