Яшчэ адна краіна ЕАЭС просіць Расею знізіць цану на газ

Паседжанне кіраўнікоў урадаў ЕАЭС 9 жніўня 2019 года. Фота: old.gov.kg

Урад Кыргызстану вядзе перамовы з Расеяй адносна зніжэння цаны на прыродны газ, паведаміла прэс-служба ўраду.

Як адзначыў віцэ-прэм’ер-міністр Кыргызстану Эркін Асрандыеў, выкліканы пандэміяй каронавіруса сусветны эканамічны крызіс аказаў значны ўплыў на нашу эканоміку, знізіў курс мясцовай валюты, прыпыніў большую частку эканамічнай дзейнасці ды знізіў пакупніцкую здольнасць насельніцтва.

«Таму мы зараз актыўна вядзем перамовы з Расеяй аб тым, каб знізіць адпускную цану на прыродны газ і перайсці на разлікі ў нацыянальнай валюце. Для нас гэтае пытанне зʼяўляецца вельмі адчувальным», – сказаў віцэ-прэмʼер.

Эркін Асрандыеў нагадаў, што цэны на прыродны газ рэгулююцца на падставе двухбаковага пагаднення з Расеяй. А да 2025 года запланаванае фармаванне агульнага рынку газу ЕАЭС. Зараз завяршаецца распрацоўка дакументу аб стратэгічных напрамках ЕАЭС да 2025 года, у рамках якой і пытанне тарыфу транспартавання газу.

https://belsat.eu/news/putsin-adhiliu-prapanovy-lukashenki-pa-taryfam-na-gaz/

Падчас саміту ЕАЭС, які праходзіў 19 траўня ў фармаце відэаканферэнцыі, кіраўнік Беларусі Аляксандр Лукашэнка канстатаваў, што сярод неўрэгуляваных застаецца пытанне цэнаўтварэння на паслугі транспартавання газу на агульным рынку ЕАЭС. А прэмʼер-міністр Арменіі Нікол Пашыньян заявіў, што ў дакуменце аб стратэгічных напрамках развіцця эканамічнай інтэграцыі павінен быць зафіксаваны прынцып ужывання адзіных падыходаў да цэна- і тарыфаўтварэння на агульным рынку газу ЕАЭС.

Уладзімір Пуцін у сваю чаргу падкрэсліў, што для выкарыстання адзінай формулы тарыфаў на газ у ЕАЭС патрэбен узровень інтэграцыі, які яшчэ не дасягнуты.

«Беларусь субсідуе Расею». Эксперты абмеркавалі, як каронавірус паўплываў на нашую эканоміку

МГ belsat.eu

Hавiны