«Беларусь субсідуе Расею». Эксперты абмеркавалі, як каронавірус паўплываў на нашую эканоміку


Як каронавірус паўплываў на эканоміку Беларусі і што трэба зрабіць, каб «прарвацца». Такія тэмы абмяркоўвалі 21 траўня падчас вебінару, арганізаванага Даследчым цэнтрам ІПМ і Фондам імя Конрада Адэнаўэра, перадае карэспандэнт belsat.eu.

Як адзначыў старэйшы сталы прадстаўнік Міжнароднага валютнага фонду (МВФ) у Цэнтральнай і Усходняй Еўропе Надым Ілахі, на аднаўленне ВУП краін рэгіёну да ўзроўню 2019 года можа спатрэбіцца 2 гады.

«Вядома, сітуацыя можа сур’ёзна змяняцца. У залежнасці ад таго, наколькі краіна пацярпіць ад каронакрызісу», – адзначыў ён.

Hавiны
У Беларусі заняпалі прамысловасць, транспарт і грамадскае харчаванне
2020.05.20 20:48

У сваю чаргу вядучы эканаміст Еўрапейскага банку рэканструкцыі і развіцця (ЕБРР) ва Усходняй Еўропе Дзімітр Богаў завіў, што асноўны негатыў на эканоміку Беларусі аказалі вонкавыя фактары, бо ўлады краіны не ўводзілі сурʼёзных захадаў каранціну.

Паводле яго, максімальны шок беларуская эканоміка атрымае праз зніжэнне попыту на рынках беларускага экспарту і парушэнні шляхоў паставак, а таксама апасродкавана праз Расею паўплывае зніжэнне коштаў на нафту.

«Пацерпяць найбольш галіны, якія зʼяўляюцца часткай глабальных эканамічных ланцужкоў», – сказаў Богаў.

На ягоную думку, негатыўны ўплыў адабʼецца на ўсіх галінах: спажыванне, праца прадпрыемстваў, рынак працы, нявыплачаныя крэдыты. Таму «у гэтых умовах важна абараніць вытворчы патэнцыял фірмаў і не дапусціць рэзкага скарачэння капіталу насельніцтва». Ён мяркуе, што пасля крызісу краіна мае шанцы аднавіцца дзякуючы геаграфічнаму становішчу, у тым ліку можна размясціць у Беларусі зборачныя вытворчасці з Еўразвязу і Кітаю.

За газ плацім больш чым іншыя

Навуковая дырэктарка BEROC Кацярына Барнукова заявіла, што, хоць у Беларусі не ўводзілі значны каранцін, людзі сталі менш перасоўвацца, менш наведвацца ў гандлёвыя цэнтры, што разам са зніжэннем даходаў і агульнай нявызначанасцю негатыўна адбілася на ўнутраным попыце. Моцна змяняецца і сам попыт.

Змены мабільнасці ў розных краінах

Таксама, заявіла Барнукова, падзенне коштаў на нафту апынуліся вялікім выклікам для Беларусі, якая экспартуе нафтапрадукты. Ды і самі нафтапрадукты «няма куды экспартаваць». Таксама негатыўна ўплывае на Беларусь нафтавы манеўр у Расеі і высокія цэны на расейскі газ.

«За газ плацім больш за ўвесь свет. Фактычна субсідуем Расею», – заявіла экспертка.

Паменшыла магчымасці ўладаў для манеўру і значнае пагаршэнне ўмоваў на вонкавых фінансавых рынках.

Hавiны
Пуцін адхіліў прапанову Лукашэнкі і Пашыньяна наконт тарыфаў на газ
2020.05.19 14:33

Экспертка чакае далейшага падзення ў транспартнай галіны, запаволення росту ў ІТ, «сурʼёзнай прасадкі» ў экспарце тавараў працяглага спажывання. Паводле яе, надзея і апора беларускага экспарту – харчовая прамысловасць. Але і тут могуць узмацніцца рызыкі, калі Расея актывізуе спробы імпартазамяшчэння.

Сярод станоўчых момантаў эканамістка назвала заключэнне новых кантрактаў на пастаўку калійных угнаенняў у Індыю і Кітай, хай і па больш нізкіх коштах. Галоўным жа выклікам яна лічыць немагчымасць дзяржавы надаць падтрымку насельніцтву.

Фінансавай падушкі не засталося

Жанна Тарасевіч, дырэктарка Бізнес-саюзу прадпрымальнікаў і наймальнікаў (БСПН) імя прафесара М.С. Куняўскага, чакае сыходу часткі сярэдняга і малога бізнесу ў ценявы рынак. Таксама, паводле яе, змогуць выжыць толькі каля 30 % турыстычных арганізацыяў, якія здолеюць пераарыентавацца на ўнутраны рынак, астатніх жа чакае банкруцтва.

Тарасевіч адзначыла, што ў бізнесу ўжо не засталося «фінансавай падушкі». Частка віны за гэта яна паклала на «не вельмі разумныя дзеянні з боку ўраду», які абмяжоўваў рост цэнаў, уводзіў забарону на нетэрміновыя медычныя аперацыі ў прыватных клініках.

Hавiны
Даследнікі BEROC: «Самаізалявацца ад крызісу ў беларусаў не атрымаецца»
2020.05.15 13:07

У якасці падтрымання ад дзяржавы, паводле яе, бізнес атрымаў невялікія паслабленні адносна арэнднай платы або адтэрмінавання плацяжоў, якім прадпрымальнікі часта не карыстаюцца.

Ва ўмовах жа крызісу малы і сярэдні бізнес перадусім зніжае выдаткі на заробкі і звальняе працаўнікоў, адзначыў старэйшы навуковы працаўнік BEROC Радзівон Марозаў.

Даходы знізіліся ў больш як паловы беларусаў

Прадстаўнік Даследчага цэнтру ІПМ Глеб Шымановіч распавёў, што, паводле апытанняў, больш за палову насельніцтва Беларусі сутыкнуліся са зніжэннем даходаў. У асноўным гэта нізкакваліфікаваныя працаўнікі і сацыяльна неабароненыя групы. Таксама асноўны шок напаткаў жыхароў буйных гарадоў, дзе з крызісам сутыкнуліся прыватныя прадпрыемствы.

З раздробнага гандлю ў плюс толькі супермаркеты, аптэкі і прадуктовыя крамы

Паводле эканаміста, інструменты адраснага падтрымання ў Беларусі аказаліся неэфектыўнымі, бо карыстаюцца малым попытам праз нізкія сумы і цяжкія крытэры іх атрымання.

«Крызіс падкрэсліў прагал у сістэме сацыяльнай абароны. І мы чакаем, калі ўрад прыме нейкія захады, каб больш эфектыўна падтрымліваць сацыяльна ўразлівыя групы», – сказаў ён.

Што рабіць?

Сталая каардынатарка ААН у Беларусі Ёанна Казана-Вісьнёвецка мяркуе, што ва ўмовах росту беспрацоўя і закрыцця шмат якіх прыватных бізнесаў, уладам краіны варта падтрымліваць унутраны попыт, прымаць меры для сацыяльнай абароны, у тым ліку звяртаць увагу на беспрацоўе.

Таксама, на яе думку, у Беларусі варта развіваць дыстанцыйныя паслугі і ўкараняць доўгатэрміновыя інвестыцыі ў галіну аховы здароўя, у тым ліку за кошт росту цэнаў на алкаголь і цыгарэты.

Hавiны
Прадстаўнік САЗ у Беларусі: Адсутнасць фізічнага дыстанцыявання можа прывесці да росту смерцяў
2020.04.30 12:02

Кіраўнік прадстаўніцтва Сусветнага банку ў Беларусі Алекс Крэмэр лічыць, што адна з праблемаў у эканоміцы краіны – яе неэфектыўнасць. Таму, на яго думку, уладам варта працягнуць і паскорыць рэформы, якія «не проста важныя, а яшчэ больш актуальныя і надзённыя».

Таксама Сусветны банк рэкамендуе Беларусі ўвесці абавязковыя захады сацыяльнага дыстанцыявання, выканаць парады САЗ пра забарону масавых мерапрыемстваў, паменшыць фізічную прысутнасць на працоўных месцах і ў навучальных установах, абмежаваць неабавязковае перасоўванне людзей.

Hавiны
Ад каронавірусу ў Беларусі памерлі 185 чалавек
2020.05.21 13:02

«Чым раней яны імплементуюцца і чым больш жорсткімі будуць на гэтым этапе, тым меншымі будуць страты для эканомікі», – заявіў Крэмэр.

Паводле яго, жорсткія захады не толькі выратуюць вялікую колькасць жыццяў, але і знізяць негатыўнае ўздзеянне на эканоміку краіны.

МГ belsat.eu

Стужка навінаў